25 лiстапада 2024, панядзелак, 20:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Бяляцкі: «На сённяшні дзень беларускае грамадства звязанае рэпрэсіўнымі законамі па руках і нагах»

Праваабаронцы заяўляюць пра неабходнасць дамагацца перагляду шмат якіх беларускіх законаў і дэмакратызацыі ўсяго заканадаўства краіны.

Пра гэта ў інтэрв'ю сайту www.spring96.org заявіў лідэр праваабарончай арганізацыі «Наша Вясна» Алесь Бяляцкі.

Як вядома, 29 сакавіка адбыўся ўстаноўчы сход грамадскага праваабарончага аб’яднаня “Наша Вясна”. Але літаральна два дні таму, 27 сакавіка, заснавальнікам аб'яднання “Наша Вясна” з Вярхоўнага Суда быў дасланы ліст аб тым, што справа па адмове ў рэгістрацыі аб’яднання прынятая да разгляду. Ці сапраўды існавала неабходнасць у трэці раз праводзіць устаноўчы сход, альбо рашэнне Вярхоўнага Суда для Вас прагназаванае?

-- Сапраўды зараз ідзе гэткі бесперапынны працэс: з аднаго боку, мы яшчэ не скончылі абскарджваць адмову Мінюста ў рэгістрацыі праваабарончаму аб’яднанню "Наша Вясна”, устаноўчы сход якога быў праведзены ў студзені гэтага года. Паралельна, 29 сакавіка мы правялі яшчэ адзін устаноўчы сход праваабаронцаў, з тым, каб яшчэ раз падрыхтаваць неабходныя дакументы і падаць іх у Міністэрства юстыцыі. Гэтае рашэнне звязанае з тым, што, на жаль, працэнт аб’ектыўнах разглядаў у Вярхоўным судзе па адмовах у Мінюсце з’яўляецца вельмі нізкім. Літаральна на пальцах можна пералічыць тыя арганізацыі, якія здолелі адстаяць сваё права на рэгістрацыю ў Вярхоўным судзе. Не стану казаць, што Вярхоўны Суд заангажаваны, альбо ці маюцца пры гэтым нейкія палітычныя ўказанні, але сама статыстыка сведчыць: разгляд справаў праходзіць часта ў вельмі жорсткай манеры і часам дастаткова адной коскі, альбо кропкі, каб адмовіць арганізацыі ў рэгістрацыі. Мы з гэтым сутыкнуліся ў 2007 годзе, калі на фармальных падставах не была зарэгістраваная праваабарончая арганізацыя.

-- На устаноўчым сходзе Вы паведамілі, што ў выпадку чарговай адмовы ў рэгістрацыі спыніце спробы атрымаць афіцыйны статус? Гэта часовая тактычная пазіцыя?

-- Зараз гэта будзе трэцяя і апошняя спроба. Мы прыйшлі паміж самой да такой высновы. Мы паспрабуем абсалютна ідэальна падрыхтаваць пакет дакументаў, які датычыць нашай рэгістрацыі, каб ніводнай кропкі альбо коскі знайсці не ўдалося. А з іншага боку, паспрабуем максімальна шырока падключыць міжнародны кантэкст да нашай рэгістрацыі, бо як бы там не было, у праваабаронцаў, якія складаюць касцяк заснавальнікаў, за дзесяцігоддзі працы наладжаныя добрыя стасункі і кантакты з праваабрончымі арганізацыямі, партнёрамі за мяжой, з тымі, хто зможа паўплываць на гэтую сітуацыю, улічваючы пры гэтым спробы Беларусі палепшыць свій імідж у вачах Еўрапейскага звязу. Я думаю, што пытанне рэгістрацыі “Нашай Вясны” будзе досыць сур’ёзным выпрабаваннем для беларускіх уладаў у плане выканання тых абавязкаў, якія Беларусь збіраецца ўзяць на сябе, уступіўшы ва “Усходняе партнёрства”. А без абавязкаў там не абыйдзецца. Сустракаючыся з еўрапейскімі чыноўнікамі на многіх саммітах, магу зазначыць, што імі неаднаразова заяўлялася аб тым, што не можа быць безумоўным сяброўства ва Усходнім партнёрстве без пэўных абавязкаў. Актыўнасць Беларусі ва “Усходнім партнёртве” будзе вельмі моцна завязана на тым, наколькі Беларусь збіраецца выконваць стандарты ў галіне правоў чалавека, ад дэмакратызацыі сітуацыі ў Беларусі.

Мы працягваем руку да супрацоўніцтва беларускім уладам, гэтая рэгістрацыя патрэбна не толькі нам, праваабаронцам, яна патрэбна таксама і ўладам. Мы збіраемся працаваць адкрыта, легальна, празрыста, не збіраемся хаваць нейкія там патаемныя мэты. Яны дастаткова вядомыя, і мы хочам каб краіна выканвала тыя абавязкі, у першую чаргу міжнародныя, у галіне правоў чалавека, якія яна ўзяла на сябе. Каб выконваліся урэшце рэшт палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Многія законы, якія датычаць грамадска-палітычнага жыцьця, на жаль, за апошнія дзесяць гадоў мелі, у асноўным, рэпрэсіўны і абмежавальны характар.

-- Калі раптам і трэцяя спроба рэгістрацыі будзе марнай, якім чынам Вы збіраецеся надалей працаваць? Гэта не звузіць сферу вашай дзейнасці?

-- На маю думку зараз, калі сучасныя тэхналогіі дазваляюць імгненна распаўсюджваць нейкія факты, калі падзея жыве тады, калі яна выкладзеная ў інфармацыі, калі ёсць кампутары, інтэрнет, мабільная сувязь, і ёсць магчымасць падаваць інфармацыю у розныя незалежныя сродкі масавай інфармацыі, не існуе праблемы кантактавання праваабаронцаў паміж сабой, з грамадскай супольнасцю, канкрэтна з людзьмі. Кожны праваабаронца можа індывідуальна працаваць, што фактычна ў апошні час намі і рабілася. Таксама мы маглі і супольна дабівацца выканання нейкіх мэтаў, як праваабаронцы. У любым выпадку праваабарончая працы ў тых накірунках, у якіх мы працавалі раней, будзе працягвацца. У першую чаргу, гэта – дапамога ахвярам палітычных рэпрэсіяў, збор і распаўсюд праваабарончай інфармацыі, падрыхтоўка тэматычных дакладаў для міжнародных канферэнцыяў і арганізацыяў, актыўная праца са сродкамі масавай інфармацыі, навучальныя праваабарончыя праграмы, якія мы праводзім у першую чаргу для моладзі. І, безумоўна, гэта назіранне за выбарамі, чым мы займаемся ў той альбо іншай супені больш за 10 гадоў.

Дарэчы, наступны, 2010 год, гэта год прэзідэнцкіх выбараў і час прыйшоў, каб думаць, якім чынам усё будзе адбывацца, як арганізаваць найбольш эфектыўную працу па назіранні.

-- Вы на працягу многіх гадоў займаецеся зборам і аналізам інфармацыі аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі. Якія, на Вашу думку, самыя балючыя кропкі можна вылучыць, аналізуючы парушэнні правоў чалавека.

-- Найперш, гэта цэлы комплекс рэпрэсіўных законаў, які закранаюць грамадска-палітычнае жыцьцё ў Беларусі, тых правоў і абавязкаў, якія маюць беларускія грамадзяне. Дастаткова ўзгадаць некаторыя законы, прынятыя за апошня дзесяць год: Законы аб сродках масавай інфармацыі, аб супрацьдзеянні экстрэмізму, аб масавых мерапрыемствах. А яшчэ Закон аб дзейнасці няўрадавых арганізацыяў і палітычных партыяў і тыя змены, што былі ўнесены ў крымінальнае заканадаўства, якое тычыцца грамадскай дзейнасці. Усе яны патрабуюць вельмі сур’ёзнага і ўдумлівага перагляду, ды і ўвогуле перапісвання. На сённяшні дзень беларускае грамадства проста спавітае гэтымі рэпрэсіўнымі законамі па руках і нагах.

Мы павінны дабівацца перагляду гэтах законаў і ўвогуле дэмакратызацыі ўсяго заканадаўства, што дазволіць больш вольна пачувацца беларускім грамадзянам і грамадскім ініцыятывам, прафсаюзам і палітычным партыям – усім тым, хто сёння фарміруе грамадскае жыццё краіны.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках