25 лiстапада 2024, панядзелак, 21:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Правакацыя супраць кіраўніка Саюза палякаў Беларусі

15

У паштовыя скрыні суседзяў Анжалікі Борыс былі ўкінутыя змантаваныя порназдымкі.

Фатаграфіі ў паштовых скрынях дома, у якім жыве старшыня непрызнанага беларускага ўладамі Саюза палякаў Беларусі, з'явіліся 3 сакавіка. На апрацаваных у «фоташопе» здымках пры дапамозе мантажу была выяўленая сама Анжаліка Борыс.

Як заявіў прэс-цэнтру Хартыі’97 актывіст Саюза палякаў, журналіст Анджэй Пачобут, гэтая зневажальная правакацыя створаная, каб падарваць імідж кіраўніка арганізацыі.

«Гэта былі раздрукаваныя на прынтары чорна-белыя фатаграфіі, апрацоўка ў «фоташопе» кідаецца ў вочы, -- кажа Пачобут. -- Стваральнікі фатаграфій нават не імкнуліся, каб здымкі выглядалі натуральна. Мэта стаяла іншая – зняважыць Анжаліку Борыс перад суседзямі. Фатаграфіі раскідалі па паштовых скрынях. Зразумела, суседзі выклікалі міліцыю. Сама Анжэла ў гэты час адсутнічала ў горадзе».

Па меркаванні журналіста, гэтую правакацыю зладзілі беларускія спецслужбы.

«Тыя, хто распаўсюджваў гэтыя фатаграфіі, хацелі расціснуць, зняважыць чалавека, -- заяўляе Анджэй Пачобут. -- Мы лічым, што за правакацыяй стаяць беларускія спецслужбы. Дзверы кватэры Анжалікі Борыс не раз «распісвалі», на сценах у пад'ездзе наносілі абразлівыя надпісы. Такія правакацыі праводзяць не толькі супраць старшыні Саюза палякаў. Старшыні гарадскога аддзела СПБ засунулі ў дзвярны замок шыла. Мне рэзалі абіўку дзвярэй».

Анджэй Пачобут лічыць, што зламыснікі не будуць знойдзеныя.

«Мы лічым, што гэта правакацыя спецслужбаў, якая праведзеная як раз напярэдадні нашага з'езду», -- кажа журналіст.

Нагадаем, што 7-ы з'езд незалежнага Саюза палякаў у Беларусі адбудзецца 14-15 сакавіка. На ім будуць прысутнічаць прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Польшчы і польскага Сейма. Удзельнікі з'езду правядуць выбары кіраўніцтва саюза і падвядуць вынікі дзейнасці арганізацыі за апошнія чатыры гады.

Як раней паведамляў прэс-цэнтр Хартыі’97, 3 сакавіка супрацоўнікі гарадзенскай міліцыі склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні на актывіста саюза Анджэя Пачобута, які таксама з'яўляецца журналістам «Gazety Wyborczej». Ён вінаваціцца ў тым, што прымаў актыўны ўдзел у мітынгу, які праходзіў 17 студзеня каля будынку праўладавага Саюза палякаў Беларусі.

У той дзень некалькі сотняў чалавек, у асноўным польскага паходжання, спрабавалі прайсці ў польскі Дом, аднак былі спыненыя супрацоўнікамі міліцыі і КДБ.

Таксама ў пачатку лютага Анджэя Пачобута каля гадзіны пратрымалі на памежным пераходзе Каменны Лог падчас ягонага вяртання дадому з камандзіроўкі з Літвы. Журналіст без усялякіх тлумачэнняў быў затрыманы для асабістага надгляду.

Не так даўно невядомыя парэзалі нажом дзверы кватэры Анджэя Пачобута ў Гародні. Таксама невядомыя запалохваюць васьмігадовую дачку журналіста, тэлефануючы ёй на мабільны тэлефон.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках