25 лiстапада 2024, панядзелак, 8:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Германія сумняецца, што Беларусь прымуць ва «Ўсходняе партнёрства»

8
Германія сумняецца, што Беларусь прымуць ва «Ўсходняе партнёрства»

Удзел Беларусі ў праграме Еўразвяза пакуль знаходзіцца пад сумневам, заяўляюць у МЗС Германіі.

У прыватнасці, аб гэтым заявіў намеснік міністра замежных спраў ФРГ па справах Еўропы, сацыял-дэмакрат Гюнтэр Глозер.

Для астатніх пяці краін – Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны – перспектыва далучэння да праекту «больш адкрытая».

Заява была зробленая 4 сакавіка на паседжанні камітэта бундэстага па справах Еўразвяза. Намеснік міністра замежных спраў Германіі таксама падкрэсліў, што партнёрства ЕЗ з постсавецкімі краінамі ні ў якім разе не нясе мэты канкурэнцыі з Расеяй.

Няўпэўненасць нямецкага кіраўніцтва ў пытанні ўдзелу Беларусі ва «Ўсходнім партнёрстве» выклікала крытыку з боку парламенцкіх левых. Яны зрабілі запыт адносна таго, якія крытэры будзе выкарыстоўваць ЕЗ адносна беларускага ўдзелу ў праекце.

Нагадаем, што камісар па знешніх сувязях і палітыцы добрасуседства ЕЗ Бяніта Ферэра-Вальднер раней заяўляла, што для ўключэння Беларусі ў праграму «Ўсходняе партнёрства» краіна павінная выканаць некалькі ўмоваў Еўразвяза.

«Беларусь павінная прасунуцца наперад з дэмакратычным працэсам», — адзначыла Б.Ферэра-Вальднер.

Па ейных словах, прадстаўнікі ЕЗ павінныя ўважліва разгледзець сітуацыю ў Беларусі: умовы ЕЗ павінныя быць сапраўды выкананыя, а не толькі ўхваленыя.

У ЕЗ таксама разлічваюць, што Беларусь не прызнае незалежнасць Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. Калі ж краіна прызнае незалежнасць гэтых рэспублік, гэта будзе «рух назад» па стаўленні да супрацоўніцтва з ЕЗ і ўдзелу Беларусі ў ініцыятыве «Ўсходняе партнёрства», адзначыла Б.Ферэра-Вальднер.

Б.Ферэра-Вальднер упершыню наведае Беларусь з афіцыйным візітам 12—13 сакавіка.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках