26 лiстапада 2024, aўторак, 1:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіраўнікі МЗС краінаў ЕЗ абмяркуюць палітычную сітуацыю ў Беларусі 16 сакавіка

1

16 сакавіка на паседжанні ў Брусэлі міністры замежных справаў краінаў Еўразвяза абмяркуюць палітычную сітуацыю ў Беларусі.

Пра гэта паведамляе прэс-служба чэшскага старшынства ў ЕЗ.

У афіцыйных дакументах зазначаецца, што кіраўнікі МЗС краінаў ЕЗ могуць, у прыватнасці, разгледзець пытанне аб санкцыях у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, якія былі прыпыненыя імі на паседжанні 13 кастрычніка 2008 года ў Люксембурзе. Іх рашэнне фармальна павінна быць зацверджанае кіраўнікамі краінаў ЕЗ падчас Еўрапейскай рады 19-20 сакавіка.

Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе МЗС Беларусі, на сакавік запланаванае паседжанне «тройкі» Беларусь - ЕЗ. Тэрміны і месца правядзення пакуль не вызначаныя.

Рада ЕЗ на ўзроўні міністраў замежных справаў 13 кастрычніка 2008 года ў Люксембурзе прыпыніла на паўгода дзеянне забароны на ўезд у краіны Еўразвяза Аляксандра Лукашэнкі і 35 беларускіх чыноўнікаў. Рашэнне аб замарожванні рахункаў 41 беларускага чыноўніка пакінутае ў сіле.

У цяперашні час у спісе неўяздных знаходзяцца цяперашні міністр унутраных справаў Уладзімір Навумаў, былы дзяржсакратар Савета бяспекі Віктар Шэйман, былы кіраўнік МУС Юры Сівакоў і былы камандзір брыгады спецназа ўнутраных войскаў МУС Дзмітры Паўлічэнка, якіх міжнародная супольнасць падазрае ў датычнасці да гвалтоўных знікненняў вядомых беларускіх палітычных дзеячаў Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі і журналіста Зміцера Завадскага. У спіс неўяздных уключаная таксама кіраўнічка Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына, адказная за фальсіфікацыі вынікаў «выбараў».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках