25 лiстапада 2024, панядзелак, 14:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Багданкевіч: «Пазыкі дапамогуць толькі адтэрмінаваць абвал»

7

Незалежныя эксперты лічаць, што крэдыты не вырашаюць праблем беларускай эканомікі і вядуць Беларусь у даўгавую яму.

Беларусь падпісала з Расеяй міжурадавае пагадненьне аб выдзяленьні крэдыту ў 500 мільёнаў даляраў. Таксама чакаецца чарговая транша стабілізацыйнага крэдыту ад МВФ у памеры 400 мільёнаў даляраў ужо ў красавіку. З гэтай нагоды ў Менску завяршае працу місія МВФ, якая вывучае эканамічную сытуацыю ў Беларусі, нагадвае «Радыё Свабода».

Экс-старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч кажа, што папершае беларускія ўлады былі павіны мяняць мадэль эканомікі, а не браць крэдыты.

«Я думаю, што гэта буйная памылка нашага ўраду, што ён усю праблему крызісу беларускай эканомікі зводзіць да атрыманьня зьнешніх пазыкаў, -- кажа Станіслаў Багданкевіч. -- Фінансава-валютныя пытаньні для нас зьяўляюцца другараднымі. Асноўныя выклікі Беларусі – гэта адсталая эканоміка і памылковая мадэль разьвіцьця. І таму трэба мяняць мадэль. Пасьля таго, як мадэль будзе зьменена, зьнешнія пазыкі маглі б дапамагчы нашай эканоміцы».

На думку экс-старшыні Нацбанку Беларусі, уладам варта праводзіць дэбюракратызацыю.

«Трэба пераходзіць да рэальнай дэбюракратызацыі, абмежаваць умяшаньне дзяржавы ў эканамічныя працэсы, прыбраць з эканомікі тую яе частку, якая працуе са стратамі, на склад, на дэбіторы, -- распавядае Станіслаў Багданкевіч. -- У нас жа замарожана грошай на складах на 1 студзеня больш за 5 трыльёнаў беларускіх рублёў. А ў дэбіторах наогул дзесяткі трыльёнаў рублёў ляжаць мёртвым грузам і не працуе капітал. Калі б не было гэтага, у нас былі б свае мільярды грошай і не трэба было б кланяцца перад Масквой і міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі. І з гэтага трэба пачынаць».

Беларускі эканаміст адзначае, што знешні доўг краіны павялічваюцца з кожным днём, і новыя крэдыты выкарыстоўваецца амаль што толькі на праяданьне.

«Можна ж вельмі хутка заскочыць у даўгавую яму, -- кажа Станіслаў Багданкевіч. -- За 2007 год гэты доўг вырас фактычна ў два разы – з 6 да 12 мільярдаў. За мінулы год ён зноў павялічыўся на мільярды. І канчатковыя дадзеныя ў нас не апублікаваныя. У гэтым годзе мы зноў бяром і ў Вэнэсуэле, і ў МВФ, і ў Расеі, і ў Кітаі, і ў Іране. І галоўнае, куды яны ідуць? На праяданьне. Мы праелі ўжо 3 мільярды за апошнія год-паўтары гэтых зьнешніх пазыкаў. То бок аплацілі перавышэньне імпарту над экспартам тавараў. Выкарысталі не на інвэстыцыі, а проста на падтрыманьне дэфіцыту зьнешнегандлёвага балянсу. На падтрыманьне завышанага курса нацыянальнай валюты. Таму гэтыя зьнешнія крэдыты выкарыстоўваюцца не на разьвіцьцё. Рэзэрвы не павялічыліся. Інвэстыцый не зроблена. Гэта ўсё праедзена».

Станіслаў Багданкевіч адзначае, што крызіс у Беларусі пачаўся задоўга да ўсясьветнага фінансавага крызісу.

«Крызіс у нас пачаўся яшчэ да ўсясьветнага фінансавага крызісу, -- гавора эканаміст. -- Гэта валютная дапамога дазваляе нам пакуль не абвальвацца, трымацца на паверхні. Але ж праблема ў неэфэктыўнасьці эканомікі. У нас заробкі ў 3-4 разы ніжэй, чым у Польшчы пры прыкладна аднолькавых цэнах. І зьнешнімі пазыкамі без рэформаў унутры краіны нічога не вырашыш. Можна толькі адтэрмінаваць абвал на год-два, але не больш за тое».

Па словах экс-старшыні Нацбанку, беларускім ўладам будзе складана знайсці выйсце з крызісу за кошт дэвальвацыі.

«Для таго, каб не дапусьціць буйнага абвалу абменнага курса трэба прымаць неадкладныя меры па разьвіцьцю ўнутранай эканомікі, каб разьвіць тут высокі ўзровень канкурэнцыі, -- распавядае Станіслаў Багданкевіч. -- І адначасова з гэтым перайсьці да таго, каб абменны курс у нас фармаваўся з дапамогай рынку. Калі ўлады толькі дэвальвацыю рубля будуць рабіць – праз некалькі месяцаў гэта прывядзе яшчэ да адной дэвальвацыі».

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках