25 лiстапада 2024, панядзелак, 16:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кліп «Ляпісаў» другі год запар стаў лепшым у Расеі

2

7 сакавіка ў маскоўскім спорткомплексе «Алімпійскі» прайшла другая цырымонія ўзнагароджання прэміяй «Чартава тузін. Топ 13».

Гэтая прэмія лічыцца галоўнай узнагародай у галіне расейскай рок-музыкі. Тым больш прыемна, што другі год запар лепшым у намінацыі «Відэакліп» прызнаны кліп гурта «Ляпіс Трубяцкі», зняты беларускім рэжысёрам.

Беларуская група «Ляпіс Трубяцкі» ужо другі раз запар трапляе ў лік пераможцаў «Чартавага тузіна». Год таму «Ляпісы» атрымалі прэмію за кліп «Капітал», зняты рэжысёрам Аляксеем Церахавым. Сёлета яны зноў патрапілі ў намінацыю «Відэакліп» – і зноў з ролікам Церахава! Канкурэнцыю «Ляпісаўскім» «Агеньчыкам» складалі Дэльфін з ролікам «Снег» і «Мумі Троль» з працай «О, рай!».

Але перамаглі ўсёткі беларусы! А калі ўдзельнікі групы «Ляпіс Трубяцкі» Сяргей Міхалок і Павал Булатнікаў вышлі за прызам, не абыйшлося без нечаканасцяў. Справа ў тым, што сёлета арганізатары «Чартавага тузіна» увялі тэхнічную інавацыю: праз усю залу «Алімпійскага» быў перакінуты пад'ёмны мост, па якім пераможцы ішлі за сваімі ўзнагародамі – проста над галовамі гледачоў. Але калі пасля праходу «Ляпісаў» на сцэну гэтая канструкцыя пачала ўзнімацца ўверх, Сяргей Міхалок раптам падскочыў, схапіўся рукамі за папярочку маста і пачаў выконваць акрабатычныя кульбіты на вачах у здзіўленых вядучых і 18 000 гледачоў…

Як потым прызнаўся Міхалок, ён проста не зразумеў, што мост узнімаецца наверх – настолькі плаўным і бясшумным быў яго рух. Саскочыўшы з маста ў апошні момант – пакуль гэта яшчэ было магчыма зрабіць, не пераламаўшы ногі, – Сяргей Міхалок атрымаў ва ўзнагароду букет кветак (які адразу ж апрануў на галаву), у той час як Паўлу Булатнікаву дасталася дужа цяжкая кніга са шкла і металу – так выглядае прыз «Чартавага тузіна».

«Нам вельмі пашанцавала, што сярод цудоўных псіхаў, нонканфармістаў і анархістаў ад сучаснага мастацтва, з якімі звяло нас жыццё, апынуўся і такі чалавек як Лёша Церахаў, – так адрэагаваў на чарговую перамогу «Ляпісаў» Сяргей Міхалок. – Ён унікальны чалавек, які не толькі трымае руку на пульсе часу, але і выдатна валодае прыёмамі постмадэрнізму. Ён узбударажвае – а гэта ня шмат у каго атрымліваецца».

Між тым сёння, 9 сакавіка, у менскім Палацы Спорту пройдзе афіцыйная беларуская прэзентацыя новага альбома «Маніфест». Сольны канцэрт працягнецца каля двух гадзінаў. Чакаюцца таксама канцэрты ў Берасці, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Наваполацку, Салігорску і Бабруйску. Тэлефоны наконт канцэрта ў Менску – даведка 185, каса 203-27-33 дастаўка 666-56-48. Пачатак у 19.00

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках