25 лiстапада 2024, панядзелак, 6:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На канферэнцыі ў Брусэлі заявілі, што сапраўднага прагрэсу ў Беларусі няма

Удзельнікі канферэнцыі ў Брусэлі па беларускім пытанні не збіраюцца весці дыялог з беларускімі ўладамі без умоваў.

31 сакавіка ў Брусэлі прайшла канферэнцыя «Дарожная карта для Беларусі» па ініцыятыве трох найбуйных фракцый Еўрапарламента. Сярод тэм заяўленых дакладаў — змены ў Беларусі з кастрычніка 2008 года і перспектывы развіцця адносінаў ЕЗ з Беларуссю, паведамляе «Радыё Свабода».

На канферэнцыі «Дарожная карта для Беларусі» выступіў прэзідэнт Еўрапарламента Ханс-Герт Пётэрынг.

Ён адзначыў, што Еўрапарламент падтрымлівае новую палітыку ЕЗ, Еўрапейскай камісіі адносна запрашэння і заканчэння ізаляцыі Беларусі, але не без умоваў. Еўрапарламент убачыў некаторыя пазітыўныя крокі беларускіх улад: рэгістрацыя руху Аляксандра Мілінкевіча «За Сабоду», дазвол на распаўсюджванне дзвюх незалежных газет. Гэта называюць «кліматам надзеі». Пётэрынг заявіў, што па ягоным перакананні, аднойчы ў Беларусь прыйдуць свабода і дэмакратыя, і Еўрапарламент падтрымліваў і будзе падтрымліваць тых, хто працуе для незалежных СМІ, актывістаў грамадзянскай супольнасці, дэмакратычнага руху.

Удзельнікі дыскусіі заявілі, што ў Беларусі адбываецца змена рыторыкі, палепшыліся пэўныя колькасныя паказчыкі, аднак прынцыповых змен не бачна. Удзельнікі дыскусіі адзначылі: сапраўднага прагрэсу ў Беларусі пакуль няма.

Сваё бачанне сітуацыі ў Беларусі еўрадэпутатам прадставілі лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна, старшыня Саюза палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс, кіраўнік руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч. Прадстаўнікоў афіцыйнага Менска на канферэнцыі не было.

«Я распавёў аб тых недахопах, якія сёння мае дыялог паміж Брусэлем і афіцыйным Менскам. Гэты дыялог – без умоваў, без пасярэднікаў, без парадку дня. Ён – неэфектыўны. І для таго, каб змяніць сітуацыю, трэба перагрузіць дыялог. Прынцыпова мы за дыялог, мэты і задачы ў нас агульныя. А вось як яго арганізаваць і праводзіць, гэта ўжо пытанне дыскусійны. І яго трэба вырашаць», - заявіў у інтэрв'ю «Радыё Свабода» Анатоль Лябедзька.

Лідэр АГП таксама паведаміў, што да пачатку канферэнцыі ён наведаў офіс Вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ па пытаннях агульнай палітыкі і палітыкі бяспекі, Генеральнага сакратара Рады Еўразвяза Хаўера Саланы.

«Сустрэча прайшла ў рэжыме «ціхай дыпламатыі». Гэта значыць, што мы дамовіліся не раскрываць змест нашых перамоваў. Толькі канстатуем, што яны адбыліся, што мы праводзім сустрэчы, парводзім дыскусіі і з прадстаўнікамі Саланы», - сказаў Анатоль Лябедзька.

Канферэнцыя стала апошняй у цэлай серыі дыскусій і кансультацый, якія праводзілі дэпутаты Еўрапарламента па беларускім пытанні. У чацвер у Еўрапарламенце павіннае адбыцца галасаванне па рэзалюцыі беларускага пытання. Сярод іншых у праекце адзначана, што Беларусь павінная паказаць істотны прагрэс у шматлікіх сферах – выбарчае заканадаўства, роўныя правы для выпуску ўсіх выданняў, свабода сходаў і аб'яднанняў, спыненне практыкі палітычна матываваных звальненняў з працы і ўніверсітэтаў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках