25 лiстапада 2024, панядзелак, 5:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што Лукашэнка будзе прасіць у Маскве?

43
Што Лукашэнка будзе прасіць у Маскве?

Сёння Аляксандр Лукашэнка наведвае Маскву, дзе сустракаецца з патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам.

Сустрэча адбываецца ў развіццё дамоўленасцяў, дасягнутых паміж прэзідэнтам Беларусі і патрыярхам Кірылам у Сочы 25 сакавіка.

Ці будзе Аляксандр Лукашэнка сустракацца з расейскім кіраўніцтвам, невядома. За апошні месяц гэта ўжо трэці візіт прэзідэнта Беларусі ў Расею: 19 сакавіка ён сустракаўся з прэзідэнтам Дзмітрыем Мядведзевым у падмаскоўным Завідаве, 21 сакавіка прэзідэнты правялі перамовы ў Сочы. 3 красавіка адбыўлася тэлефонная размова Лукашэнкі з Мядведзевым, падчас якой абмяркоўвалася магчымасць сустрэчы хуткім часам, напомінает БелаПАН.

Варта адзначыць, што напярэдадні візіту ў Маскву Аляксандр Лукашэнка зрабіў шэраг рэзкіх заяваў у адрас Расеі. Ён абвінаваціў расейскі бок у невыкананні раней дасягнутых дамоўленасцяў, у тым ліку ў галіне ўзаемных паставак прадукцыі.

"Не хочуць нас пускаць на свае рынкі — мы будзем шукаць іншыя вектары экспарту, — заявіў прэзідэнт 7 красавіка падчас паездкі ў Гомельскую вобласць. — На расейскім рынку мы заўсёды будзем прысутнічаць, але пры гэтым трэба засвойваць іншыя рынкі. Само жыццё вучыць і прымушае нас дыверсіфікаваць экспарт".

Лукашэнка запатрабаваў ад беларускага ўрада "спыніць поўзанне на каленах" па кабінетах расейскіх чыноўнікаў і шукаць іншыя напрамкі экспарту беларускай прадукцыі. Тым больш, падкрэсліў ён, што ў беларускай прадукцыі "нармальная якасць" і яна цалкам канкурэнтаздольная і карыстаецца попытам у самых розных рэгіёнах свету.

9 красавіка падчас сустрэчы з губернатарам Ленінградскай вобласці Расеі Валерам Сердзюковым А.Лукашэнка заявіў аб неабходнасці занесці "больш выразнасці і празрыстасці" у расейска-беларускія адносіны.

У той жа дзень стала вядома, што міністр эканамічнага развіцця Расеі Эльвіра Набіуліна падпісала загад аб допуску адзінаццаці беларускіх прамысловых прадпрыемстваў на расейскі рынак дзяржаўных закупак.

"Хуткім часам, праз два-тры дні, загад павінен быць зарэгістраваны ў Мінюсце Расеі, і ён уступіць у сілу, калі дадуць "адмашку", — сказаў журналістам 9 красавіка віцэ-прэм'ер Беларусі Андрэй Кабякоў.

Па ягоных словах, беларускі бок у адказ забяспечвае допуск дзевяці расейскіх прадпрыемстваў на свой рынак дзяржзакупак.

Кабякоў паведаміў, што гэтыя дамоўленасці сталі вынікам ягонай сустрэчы з першым віцэ-прэм'ерам Расеі Ігарам Шувалавым 8 красавіка. Перамовы працягнуцца праз два тыдні, дадаў чыноўнік.

Ён таксама паведаміў, што з Рассельгасбанкам дасягнутая дамоўленасць аб крэдытаванні закупак беларускай сельгастэхнікі.

СМІ: Патрыярх Кірыл не будзе лабіяваць палітыку дыктатара

Незалежныя эксперты лічаць, што візіт беларускага кіраўніка, магчыма, не абмяжуецца выключна гутаркай з Яго Святасцю.

«Не выключана, што няўзнак дзесьці адбудзецца і сустрэча з вышэйшым кіраўніцтвам Расеі, тым больш, што прэзідэнт Мядведзеў, калі судзіць па выказваннях Аляксандра Лукашэнкі ў чацвер падчас сустрэчы з губернатарам Сердзюковым, па тэлефоне асабіста высвятляў у яго прычыну адключэння ў Беларусі расейскіх тэлеканалаў», - заявіў палітолаг Аляксандр Класкоўскі у інтэрв'ю «Заўтра тваёй краіны».

Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі адзначае, што новаабраны Патрыярх наўрад ці стане лабіяваць інтэрасы Лукашэнкі ў Маскве так, як гэта рабіў Алексій II.

«Тое, што былы Мітрапаліт Смаленскі і Калінінградскі Кірыл, стаўшы Патрыярхам, прадстаўляе цяпер сабой палітычную постаць на расейскай палітычнай сцэне, - гэта факт, які прызнаецца шматлікімі, -- адзначае палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі. -- Такім чынам, тое, што ягоная знешнепалітычная дзейнасць таксама непасрэдна звязаная з расейскай уладай, - гэта таксама факт. І тое, што Лукашэнка сустрэнецца толькі з Патрыярхам, кажа аб тым, што ў Лукашэнкі больш чым складаныя адносіны з кіруючым расейскім тандэмам. Можна выказаць здагадку і другі варыянт: гэтая сустрэча напярэдадні магчымай сустрэчы з Мядведзевым сведчыць аб тым, што Лукашэнка хоча заручыцца падтрымкай Патрыярха, як уплывовага палітычнага дзеяча. Але я не думаю, каб, у адрозненне ад свайго папярэдніка Алексія II, цяперашні Патрыярх Усяе Русі стаў лабіяваць пытанні, звязаныя з палітыкай Лукашэнкі на расейскай прасторы. А заявы Лукашэнкі ў Светлагорску ў адрас Расеі ніяк не могуць паспрыяць братэрскай атмасферы магчымай ягонай сустрэчы з прэзідэнтам Мядведзевым. Праўда, Лукашэнка даваў зразумець, што ягоныя прэтэнзіі адрасаваныя не Крамлю, а маскоўскаму Беламу дому, гэта значыць, Пуціну. А Пуцін сёння з'яўляецца фактычным кіраўніком Расеі, хоць мы кажам аб дуумвіраце».

Па словах эксперта, сустрэча прэзідэнтаў Расеі і Беларусі можа адбыцца ў самы блізкі час, бо, «па неафіцыйнай інфармацыі, беларуская амбасада ў Маскве знаходзіцца ў падвышанай баявой гатовасці, звязанай з чарговым прыездам Лукашэнкі, ужо дні тры, і гэтая сустрэча чакаецца менавіта на гэтым тыдні».

Напісаць каментар 43

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках