28 лiстапада 2024, Чацвер, 20:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каардынатар Чэхіі па Ўсходнім партнёрстве: «Я не веру, што Лукашэнка прыедзе ў Прагу»

4
Каардынатар Чэхіі па Ўсходнім партнёрстве: «Я не веру, што Лукашэнка прыедзе ў Прагу»

Беларускі дыктатар ведае, што ў выпадку прыезда 7 траўня на саміт Еўрасаюза ў Прагу яму прыйдзецца выслухаць непрыемныя словы ў свой адрас.

Аб гэтым каардынатар Чэхіі па Ўсходнім партнёрстве Мілаш Лёкса заявіў у інтэрв'ю «Еўрарадыё».

-- Ці ўжо вядомыя падрабязнасці запланаванага візіту міністра замежных спраў Чэхіі Карэла Шварцэнберга ў Беларусь?

- Мы толькі пачалі рыхтаваць візіт. Але я магу пацвердзіць, што наш намер палягае ў тым, каб Шварцэнберг прыехаў у Мінск у наступную пятніцу.

-- Ці ёсць інфармацыя пра тое, з кім ён там будзе сустракацца?

-- Гэта акурат тое, чаго я не ведаю. Таму што праграма яшчэ рыхтуецца. Яна павінна быць узгодненая з беларускім бокам.

-- Як думаеце, Лукашэнка атрымае запрашэнне на саміт па Усходнім партнёрстве ў Прагу?

- Гэта нялёгкае пытанне. Але ўлічваючы тое, што некаторыя краіны Еўрасаюза сумняваюцца ў дастатковасці развіцця дэмакратыі ў Беларусі, пытанне па запрашэнні Беларусі будзе яшчэ калектыўна абмяркоўвацца і вырашацца. Але мы можам чакаць, што рашэнне будзе грунтавацца на роўнасці. Запрашэнне павінна быць аднолькавым для ўсіх шасці краін і будзе дасылацца кіраўніку кожнай краіны. Гэтага патрабуе павага да дэмакратычных працэдураў.

Тым не менш, я павінен адзначыць, што нягледзячы на тое, што запрашэнне будзе дасланае персанальна на імя Лукашэнкі, гэта будзе запрашэнне для краіны, для Беларусі. Таму што Усходняе партнёрства – гэта прапанова Еўрапейскага саюза да ўсходніх краінаў, як больш шчыльна супрацоўнічаць. Гэта магчымасць для кожнай краіны. І гэтая магчымасць будзе выкарыстаная або не.

Асабіста я не веру, што Лукашэнка прыедзе ў Прагу 7 траўня. Таму што ён вельмі добра ведае, што яму давядзецца выслухаць непрыемныя рэчы ў свой адрас. З іншага боку, я ведаю, што ён не збіраецца сапсаваць магчымасць для сваёй краіны больш шчыльнага супрацоўніцтва з ЕС. Таму, я думаю, Беларусь будзе прадстаўлена на саміце прэм’ер-міністрам ці міністрам замежных спраў.

-- Гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца падчас візіту Карэла Шварцэнберга?

-- Я амаль упэўнены, што дыскусія на гэты конт будзе.

-- Як вы думаеце, як магчыма адначасова запрасіць Лукашэнку і даць яму зразумець, што ён нежаданы госць у Празе?

- Я не хачу сказаць больш, чым я сказаў. Пытанне будзе вырашацца калектыўна. У Еўрасаюзе ёсць розныя думкі на гэты конт. Мы паспрабуем знайсці кампраміс альбо агульную думку.

Краіну могуць выключыць з Усходняга партнёрства, калі яе дзеянні будуць супярэчыць праграме.

-- Ці запрашэнне Беларусі на саміт значыць прызнанне легітымнасці беларускага «парламенту» Еўрасаюзам?

- Я не думаю, што гэтыя рэчы ўзаемазвязаныя. Думкі наконт выбараў у Беларусі былі надрукаваныя. Абодва меркаванні – Еўрапейскага саюза і Чэхіі. Цяпер мы напярэдадні Усходняга партнёрства. А Усходняе партнёрства – гэта прапанова Еўрапейскага саюза Беларусі, як палепшыць узаемаадносіны праз узаемадзеянне ў розных сферах. Гэта таксама ўключае ў сябе прагрэс грамадскай супольнасці. Мы верым, што ўвесь працэс Усходняга партнёрства падштурхне беларускіх палітыкаў зразумець, што еўрапейскія перспектывы – выгада для краіны.

-- А ці будзе залежаць ступень удзелу Беларусі ва Усходнім партнёрстве ад вынікаў наступных прэзідэнцкіх выбараў?

- Мы не можам прадбачыць будучыя падзеі. Я магу вас запэўніць, што Еўрасаюз будзе праводзіць пастаянны палітычны маніторынг і ацэнку дэмакратычнага развіцця. На аснове такой ацэнкі Еўрасаюз можа спыніць альбо запаволіць працэс супрацоўніцтва з краінай. Давайце будзем больш цярплівымі ў гэтым сэнсе. Вы ведаеце, што нашае стаўлення да сітуацыі ў Беларусі часам вельмі жорсткае. Але тым не менш, зараз ёсць знакі, што Беларусь зацікаўленая ў далейшым супрацоўніцтве. Таму, давайце паспрабуем. Але гэта не канчатковая наша думка наконт сітуацыі з дэмакратыяй у Беларусі.

-- Дарэчы, а што можа быць прычынай выключэння краіны з праграмы Усходняга партнёрства?

- Канечне, гэта магчыма ў выпадку, калі дзеянні краіны будуць супярэчыць прынцыпам Усходняга партнёрства. Гэта значыць цэннасці такіх рэформаў, як дэмакратыя, свабода, эканоміка… Гэта можа прывесці да спынення супрацоўніцтва. Але тым не менш, гэта будзе выключны выпадак. Больш верагодна, што краіна проста не прыме Усходняе партнёрства, калі ў яе не будзе адпаведнага прагрэсу. У такім разе праграма Усходняга партнёрства для краіны будзе альбо спыненая на пэўны час, альбо запаволеная.

Усе павінны зразумець, што ЕС будзе інвеставаць больш грошай у краіны-партнёры, чым раней. Але грошы павінны быць патрачаныя эфектыўна, з належнымі адносінамі да вынікаў, якія чакаюцца.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках