25 лiстапада 2024, панядзелак, 20:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Front Line» заклікае беларускія ўлады супыніць пераслед праваабаронцы

Міжнародная фундацыя па абароне праваабаронцаў Front Line накіравала ліст Аляксандру Лукашэнка ў сувязі з крымінальным пераследам віцебскага праваабаронцы Леаніда Свеціка.

«Front Line занепакоеная паведамленнямі аб судовай справе супраць праваабаронцы Леаніда Свеціка. Леанід Свецік з’яўляецца сябрам Віцебскай філіі праваабарончага цэнтра «Вясна» і адным з заснавальнікаў грамадскай праваабарончай арганізацыі «Наша Вясна». Леанід Свецік аказвае юрыдычную дапамогу ахвярам парушэнняў правоў чалавека і ўдзельнічаў у падрыхтоўцы шматлікіх скаргаў, прынятых Камітэтам ААН па правах чалавека», - цытуе ліст фундацыі старонка spring96.org.

Нагадаем, праваабаронца Леанід Свецік абвіначваецца ў распальванні нацыянальнай і расавай варожасці, паводле Артыкула 130 Крымінальнага Кодэкса, і ў паклёпе на кіраўніка Рэспублікі Беларусь, паводле часткі 2 Артыкула 367 Крымінальнага Кодэкса.

Front Line лічыць, што судовыя дзеянні супраць Свеціка неабгрунтаваныя і звязаныя з ягонай легальнай і мірнай праваабарончай дзейнасцю.

Такім чынам, Front Line заклікае беларускія ўлады:

1. Неадкладна зняць абвінавачванні з праваабаронцы Леаніда Свеціка;

2. Гарантаваць фізічную і псіхалагічную цэласнасць;

3. Забяспечыць усім праваабаронцам Беларусі, якія праводзяць законную працу па абароне правоў чалавека, права на свабоду выказвання і аб’яднання, а таксама свабодную дзейнасць без абмежаванняў і пераследу, уключаючы судовы пераслед.

«Front Line з павагай нагадвае вам, што Дэкларацыя ААН аб праве й абавязку асобаў, групаў і органаў грамадства заахвочваць і абараняць правы чалавека і асноўныя свабоды, прынятая Генеральнай Асамблеяй ААН 9 снежня 1998 г., прызнае легітымнасць дзейнасці праваабаронцаў, іх права на свабоду аб’яднанняў і ажыццяўленне дзейнасці без пагрозы рэпрэсіяў. Мы хацелі б асабліва звярнуць вашую ўвагу на Артыкул 5 (б і в):

«Дзеля заахвочвання і абароны правоў чалавека і асноўных свабод, кожны мае права, як індывідуальна, так і ў аб’яднанні з іншымі, на нацыянальным і міжнародным узроўні: (б) ствараць, далучацца і ўдзельнічаць у недзяржаўных арганізацыях; (б) падтрымліваць адносіны з недзяржаўнымі і міжурадавымі арганізацыям», на Артыкул 11: «Кожны мае права, індывідуальна і ў аб’яднанні з іншымі, на законнае карыстанне правам на прафесію (...)», і на Артыкул 12 (2):

«Дзяржава павінна прымаць усе неабходныя меры дзеля абароны кампетэнтнымі ўладамі кожнага, індывідуальна і ў аб’яднанні з іншымі, супраць жорсткасці, пагроз, помсты, дэ факта і дэ юрэ дыскрымінацыі, уціску або любых іншых адвольнах дзеянняў у якасці наступстваў за законнае карыстанне правамі, узгаданымі ў дадзенай Дэкларацыі», - нагадвае беларускім уладам дырэктар Front Line Мэры Лоўлар.

У 2006 і 2007 гадах Леанід Свецік аказваў юрыдычную дапамогу віцебскім актывістам, якія атрымлівалі лісты з пагрозамі ад Віцебскай філіі рускай неанацысцкай арганізацыі «Русское Национальное Единство» (РНЕ).

Напачатку Леанід Свецік узгадваўся ў якасці сведкі па справе супраць РНЕ. Пасля яму было паведамлена, што ён падазраецца ў «распальванні расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці» паводле артыкула 130.1 Крымінальнага Кодэкса. Крымінальная справа супраць яго была прыпыненая ў верасні 2008 году і адноўленая 31 сакавіка 2009 году.

Леаніду Свеціку былі прад’яўленыя новыя абвінавачванні. Паводле Леаніда Свеціка, міліцыя не паведаміла прычынаў аднаўлення справы. Ён звязвае гэта з узрастаючым ціскам на праваабаронцаў у Беларусі і адмовай беларускіх уладаў зарэгістраваць праваабарончую арганізацыю «Наша Вясна» ад 26 лютага 2009 г.

Арганізацыя Front Line была заснаваная ў Дубліне ў 2001 годзе з мэтай абароны праваабаронцаў, якія займаюцца негвалтоўнай дзейнасцю па абароне любога з правоў, абвешчаных Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека.

Front Line адстойвае інтарэсы праваабаронцаў перад урадамі краінаў і міжнароднымі арганізацыямі з тым, каб удасканаліць механізмы абароны праваабаронцаў. Адна з мэтаў дзейнасці – пабудзіць палітыкаў агульнаеўрапейскага, нацыянальнага і міждзяржаўнага ўзроўняў да прыняцця неадкладных мераў і стварэння бяспечных умоваў для праваабаронцаў, якія ажыццяўляюць сваю законную, мірную дзейнасць на карысць людзей. Арганізацыя мае кансультатыўны статус пры Эканамічнай і Cацыяльнай радзе ААН.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках