25 лiстапада 2024, панядзелак, 10:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міліцыя «не змагла» знайсьці тых, хто зьбіваў Франака Вячорку

3

На імя гвалтоўна прызванага ў войска Франака Вячоркі прыйшло паведамленьне аб тым, што міліцыя нібыта ня можа высьветліць асобу, якая прычыніла яму цялесныя пашкоджаньні.

Паведамленьне падпісанае намесьнікам начальніка УУС Савецкага раёну Менска С.Бясьсьмертным.

«Вашая заява разгледжаная. Прынятымі мерамі росшуку высьветліць асобу, якая прычыніла Вам цялесныя пашкоджаньні, ня сталася магчымым. Адміністрацыйны працэс паводле Вашай заявы спынены на падставе ч.1 п.3 арт. 9.6 Працэсуальна-выканаўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях па сканчэньні тэрмінаў накладаньня адміністрацыйнага спагнаньня», - цытуе ліст УУС сайт Партыі БНФ.

Нагадаем, што назаўтра пасьля 28 студзеня, калі Ф.Вячорка быў незаконна і гвалтоўна «прызваны» ў войска, вайсковая пракуратура зафіксавала ў яго шматлікія сьляды зьбіцьця. Паводле судовых паказаньняў моладзевага лідэра, па дарозе ў ваенкамат і ў самым ваенкамаце на вачох сьведак яго зьбівалі міліцыянты і людзі ў цывільным, надзявалі яму кайданкі. Аднак Савецкі РУУС аказаўся бясьсільны знайсьці вінаватых.

Бацька палітычнага прызыўніка Вінцук Вячорка ацэньвае дзеяньні міліцыянтаў Савецкага РУУС наступным чынам:

«Наіўна было б спадзявацца, што яны знойдуць вінаватых. На маіх вачах маёр Ачапоўскі з гэтага РУУС 8 студзеня захопліваў сына ля ваенкамату, каб гвалтам даставіць яго на перапісваньне дыягназаў у вайсковы шпіталь. А камандаваў тады маёрам чалавек у цывільным. Яны ў РУУС добра ўмеюць хіба выконваць загады такіх «цывільных», лавіць іншадумцаў ды арганізоўваць міліцыянтаў-сьведак - накшталт тых, што ў 2007 «сьведчылі», як я «нецэнзурна лаяўся» каля свайго дому ў прысутнасьці малой дачкі. Але прыйдуць іншыя часы, садысты будуць адшуканыя і панясуць кару.

Дарэчы, да міліцэйскага адказу дбайна далучаная «Анкета па вывучэньні грамадзкай думкі аб працы органаў унутраных справаў» на дзьвюх старонках. Там ёсьць пытаньне: «Ці задаволеныя Вы вынікамі разгляду Вашай заявы?» - і варыянты адказаў «Так - Не (чаму?)». Я выбіраю варыянт адказу 2.3: «Атрыманая фармальная адпіска». З маім уласным дадаткам: дэманстратыўна цынічная адпіска».

5 траўня а 10.00 пад адрасам вул. Азгура, 4 адбудзецца паседжаньне Беларускага вайсковага суду, дзе будзе разглядацца скарга В.Вячоркі на адмову ўзбудзіць крымінальную справу па шматлікіх фактах парушэньня заканадаўства падчас «прызыву» Ф.Вячоркі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках