25 лiстапада 2024, панядзелак, 2:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Дзень салідарнасці АМАП збівае апазіцыю і ірве сцягі Еўразвяза (Абноўлена, фота, відэа)

43
У Дзень салідарнасці АМАП збівае апазіцыю і ірве сцягі Еўразвяза (Абноўлена, фота, відэа)

16 красавіка ў Менску была жорстка разагнаная акцыя салідарнасці з палітвязнямі. Людзі, якія выйшлі на Кастрычніцкую плошчу, былі збітыя супрацоўнікамі АМАПа.

На Кастрычніцкую плошчу у Дзень салідарнасці выйшлі каля сотні актывістаў апазіцыі, каб запатрабаваць у ўлад вызвалення вязняў сумлення.

У акцыі прымалі ўдзел актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», «Маладога Фронту», «Маладой Беларусі». На плошчу таксама прыйшлі лідэр «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Саннікаў, каардынатар Хартыі’97 Зміцер Бандарэнка, старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, лідэр «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч, сустаршыня партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Павел Севярынец, лідэр «Маладой Беларусі» Артур Фінькевіч, актывісты «Еўрапейскай Беларусі» Павел Юхневіч, Максім Вінярскі, Аляксандр Атрошчанкаў, удзельнікі «Працэсу 14-ці» Арцём Дубскі, Максім Дашук, Антон Койпіш і іншыя.

Дэманстранты трымалі партрэты палітвязняў і зніклых беларускіх апазіцыянераў, а таксама расцяжкі «Свабоду палітвязням!», нацыянальныя сцягі і сцягі Еўразвяза. Праз 10 хвілін на плошчу прыбылі дзясяткі супрацоўнікаў АМАпа, якія з ужываннем сілы сталі выцясняць людзей на вуліцу Інтэрнацыянальная. Пры гэтым апазіцыянераў збівалі, у іх вырывалі нацыянальныя сцягі і сцягі Еўразвяза. Сцягі ЕЗ амапаўцы кідалі на зямлю і тапталі. Маёр, які камандаваў АМАПам, дэманстратыўна парваў партрэт выкрадзенага ў Беларусі экс-міністра ўнутраных спраў, генерала Юрыя Захаранкі.

Дэманстрантаў выцеснілі з Кастрычніцкай плошчы на вуліцу Інтэрнацыянальная, пасля на Янкі Купалы, Максіма Багдановіча і вялі некалькі кіламетраў пад канвоем да заводу халадзільнікаў «Атлант». Калі пратэстуючыя паспрабавалі зноў вярнуцца на плошчу, іх зноў выцясняў АМАП.

Пратэстуючыя скандавалі: «Ганьба!», «Фашысты!», «Свабоду палітвязням!», «Жыве Беларусь!»

«Падчас такіх разгонаў АМАП выкарыстоўвае вельмі подлую і цынічную тактыку. З боку можа падацца, што ўдзельнікаў проста выціскаюць з цэнтра горада, але на самой справе нас жорстка і доўга збівалі. Супрацоўнікі АМАПа наносілі ўдары кулакамі і нагамі па нырках, нагах, хрыбетніках дэманстрантаў. Маладых людзей, якія падалі, дзяўчын тапталі нагамі, некалькі чалавек сур'ёзна збітыя. Але амапаўцы павінныя ведаць і памятаць – усе іхнія дзеяння фіксуюцца журналістамі на фота і відэа, і гэтыя сведчанні стануць доказамі супраць іх», - распавёў прэс-цэнтру Хартыі’97 актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Аляксандр Атрошчанкаў, якога разам з іншымі дэманстрантамі амапаўцы выцяснялі з плошчы.

Варта нагадаць, што сёння ў Дзень салідарнасці, у Менск прыехаў міністр замежных спраў Чэхіі Карл Шварцэнберг, які павінен вырашыць пытанне ўдзелу на саміце Ўсходняга партнёрства ў Празе Аляксандра Лукашэнкі. Пракаментаваць разгон мірнай акцыі пратэсту прэс-цэнтр Хартыі’97 папрасіў аднаго з яе ўдзельнікаў – лідэра грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава.

«Сёння мы ў чарговы раз убачылі сапраўдны, а не «ліберальны» твар рэжыму – мірную акцыю, якую нават па-лукашэнкаўскім законам нельга назваць забароненай, жорстка разагналі.

Калі раней у дзень прыезду еўрапейскіх візіцёраў улады думалі, што рабіць, то сёння яны рэалізюць зразумелую лінію: Лукашэнка робіць усё для таго, каб зняважыць еўрапейцаў. Яму неабходна дамагчыся таго, каб Еўропа закрыла вочы на палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі і, чым больш разнагалосся з'яўляецца ў еўрапейскай палітыцы, тым больш у Лукашэнкі шанцаў на поспех. Менавіта таму амапаўцы дэманстратыўна ірвуць сцягі Еўразвяза, ірвуць партрэты палітвязняў і зніклых палітыкаў. Разлік будуецца на тым, што еўрапейцы «стомяцца» паднімаць пытанне аб парушэнні правоў чалавека ў Беларусі і зоймуцца з Лукашэнкай тым бізнэсам, да якога ён імкнецца – цынічнай эканамічнай падтрымкай дыктатарскага рэжыму. Магу запэўніць: дыктатару гэта не атрымаецца. Людзі ў Беларусі ўмеюць абараняць свае правы, і будуць абараняць іх да перамогі», -- заявіў Андрэй Саннікаў.

Гэты маёр камандаваў разгонам акцыі салідарнасці. Ён разарваў партрэт выкрадзенага ў Беларусі экс-кіраўніка МУС Беларусі, генерала Юрыя Захаранкі.

Напісаць каментар 43

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках