25 лiстапада 2024, панядзелак, 7:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прымусавы прызыў ў войска моладзевых лідэраў прызналі законным

Суд Першамайскага раёну Менску не задаволіў скаргу моладзевага актывіста Зьмітра Хведарука на незаконныя дзеяньні вайскоўцаў падчас гвалтоўнага прызыву.

Судзьдзя Натальля Петух пытаньне ставіла рубам: ці можа служыць падставай да разгляду пазову пратэрмінаваны месяцовы тэрмін, вызначаны на разгляд скаргі? Абаронцы Зьмітра Хведарука прывялі цэлы стос аргумэнтаў, якія сьведчылі: ад часу гвалтоўнага прызыву Зьміцер альбо ляжаў у шпіталі альбо праходзіў абсьледаваньне, перадае «Радыё Свабода».

Паралельна займацца высьвятленьнем адносінаў з ваенкаматам папросту не было магчымасьці. Апанэнты зь ліку прадстаўнікоў прызыўной і мэдычнай камісій настойвалі на неабгрунтаванасьці ўсялякіх прэтэнзій на іх адрас. У выніку суд, паседжаньне якога доўжылася шэсьць гадзінаў, скаргу Хведарука не задаволіў.

Між тым, прадстаўнік мэдычнай камісіі Аляксандар Валошын ня стаў аспрэчваць, што Хведарук хворы. Аднак настойваў, што з такім «букетам хваробаў» ён служыць можа — пры абмежаваных фізычных нагрузках.

«Ён не здаровы. Яму сфармуляваныя другой міжраённай камісіяй чатыры дыягназы з пэўнай ступеньню захворваньня, якія вызначаныя агульнапрынятай мэдычнай клясыфікацыяй. Але ў адпаведнасьці з гэтымі захворваньнямі ён прызнаны прыдатным да службы ва Ўзброеных сілах па пэўных графах гэтай прыдатнасьці, у пэўнай катэгорыі. Камісія не сказала, што гэта здаровы чалавек.

Ён цалкам мае рацыю, калі заяўляе, што пакутуе на галаўныя болі. Гэта ягоны суб’ектыўны стан, які абсалютна правільна агучваецца. Ці тое, што ў яго ёсьць боль у хрыбце. Таму камісія, якая праверыла яго на прадмет прыдатнасьці да службы, ні ў якім разе не канстатавала, што мае справу са здаровым чалавекам», - зазначыў Аляксандар Валошын.

Зьміцер Хведарук гаворыць, што ад пачатку суда пазыцыя прадстаўнікоў прызыўной камісіі істотна не зьмянілася і была збольшага прадказальнай.

«Пазыцыя людзей, якіх учора прыцягнулі ў суд у якасьці сьведкаў альбо адказьнікаў у пазове, у прынцыпе не зьмянілася. Яны да гэтага адмаўляюць факт парушэньня маіх правоў падчас прызыву і ўвогуле ўсіх працэдураў. Але цягам двух дзён гэтага працэсу некаторыя моманты іхных сьведчаньняў памяняліся. Яны іх удакладнілі, напэўна, паглядзеўшы пэўныя моманты закону ці ўбачыўшы, што пазаўчора гэтыя моманты паставілі іх у судзе да сьцяны», - кажа моладзевы лідэр.

Гэтаксама Зьміцер Хведарук лічыць, што важны сам прэцэдэнт падобнай справы. Праўда, ня ведае, ці можа пры якіхсьці абставінах вярнуцца дадому раней акрэсьленага тэрміну.

«Ня ведаю, колькі часу яшчэ служыць, але важны сам факт гэтай працэдуры. І тым больш для іншых людзей. Бо, прыкладам, гаворачы зь людзьмі з нашай часткі ці з мэдычнай роты, проста бачна: людзі не ўяўляюць, што прызваць у войска іх могуць па нейкіх законах; ім не тлумачаць, якія ў іх параграфы адхіленьняў. Ім толькі паведамляюць ступень прыдатнасьці і войскі, у якія іх накіроўваюць. Некаторыя нават ня ведаюць, ці можна атрымаць адтэрміноўку ў сувязі з навучаньнем. Можа, хоць нехта задумаецца пра тое, што нешта ня так. Як учора сьведчыла спадарыня з мэдкамісіі — вынесьлі рашэньне, дык дзеля чаго нам яго правяраць? Таму хоць для кагосьці гэта будзе сыгнал: можна паглядзець і разабрацца ў гэтай справе», - падкрэсьліў моладзевы актывіст.

Зьміцер Хведарук таксама распавёў, што мінулыя 2,5 месяца амаль цалкам правёў у мэдычных установах.

«Якраз цяпер я знаходжуся на лекаваньні ў мэдычнай роце ў Печах. Па сутнасьці, увогуле за ўвесь час службы я ніводнага разу ня выканаў свае функцыянальныя абавязкі — ні разу не хадзіў у нарад, ні разу не стаяў на посьце. Апроч чысткі бульбы для часткі, я нічога карыснага не зрабіў», - кажа ён.

Нагадаем, 28 студзеня Зьмітра Хведарука затрымалі дома і ў кайданках адвезьлі ў ваенкамат. Пасьля гэтага перавезьлі спачатку ў міліцыю, а потым — у спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на завулку Акрэсьціна. Праз два дні мэдыкі прызналі хлопца прыдатным для службы ў войску. А ўжо пры канцы лютага Хведаруку зрабілі хірургічную апэрацыю на венах, знойдзеная кіста ў нырцы. На суд Хведарука ў суправаджэньні афіцэра вазілі са шпіталя.

Прыблізна ў той сама час гвалтоўна, у кайданках былі накіраваныя на вайсковую службу і некаторыя іншыя моладзевыя актывісты апазыцыі — у прыватнасьці, кіраўнік Моладзі БНФ Франак Вячорка і адзін з кіраўнікоў салігорскай філіі «Маладога фронту» Іван Шыла.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках