25 лiстапада 2024, панядзелак, 6:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ян Віерсма: «Я не веру, што Лукашэнка можа стаць дэмакратам»

6
Ян Віерсма: «Я не веру, што Лукашэнка можа стаць дэмакратам»

Дэпутат Еўрапарламента, намеснік кіраўніка фракцыі Партыі еўрапейскіх сацыялістаў Ян Марынус Віерсма ўпэўнены: беларускага дыктатара нельга запрашаць на саміт ЕЗ у Прагу. У першую чаргу яму неабходна выканаць умовы ЕЗ.

Нідэрландскі палітык пракаментаваў у інтэрв'ю «Радыё Свабода» адмену візіту дэпутатаў Еўрапарламента ў Беларусь, які планаваўся на наступны тыдзень.

- Што было галоўнай прычынай адмовы беларускага боку ў прыняцці дэлегацыі Еўрапейскага парламента ў Менску 6-8 красавіка? Ц не тое, што вы не пагадзіліся на афіцыйную сустрэчу з «дэпутатамі» «нацыянальнага сходу» Беларусі?

- Так, вашая здагадка дакладная. Мы прапанавалі праграму сустрэч з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі і беларускаму ўраду. Нам таксама хацелася сустрэцца з міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым. І мы прапанавалі неафіцыйную сустрэчу з «дэпутатамі» беларускага «парламента». Але гэта было непрымальна для беларускіх улад. Нам сказалі, што калі мы не хочам сустрэцца з беларускімі «парламентарыямі» афіцыйна, тады ўлады не гатовыя прыняць нас на вышэйшым узроўні ў Менску. Напрыклад, мы не можам разлічваць на сустрэчу з міністрам замежных спраў.

Мы не маглі пагадзіцца на гэтыя ўмовы, таму што мы не хацелі апынуцца ў Менску ў такой сітуацыі, якая для некаторых СМІ магла паслужыць падставай для сцвярджэння, што мы прызнаем беларускі «парламент». Мы былі часткай місіі назіральнікаў, якая вельмі ўважліва сачыла за апошнімі «парламенцкімі выбарамі» у Беларусі. І мы ведаем, што выбары не былі ні справядлівымі, ні вольнымі.

- Беларусь запрасілі да ўдзелу ў праграме «Ўсходняе партнёрства». Зараз у Еўразвязе вырашаюць, ці запрашаць беларускага кіраўніка на саміт 7 мая, калі наступіць афіцыйная інаўгурацыя праграмы. Ваша краіна, Нідэрланды, выступае як галоўны апанент такога запрашэння для Аляксандра Лукашэнкі. Калі б рашэнне было ў Вашых руках, Вы б запрасілі Лукашэнку на саміт або абмежавалі б удзел Беларусі ў саміце да ўзроўня міністра замежных спраў?

- Перш за ўсё, я вялікі скептык, што датычыцца далучэння Беларусі да «Ўсходняга партнёрства». Я думаю, што ўлады ў Брусэлі не разумеюць да канца сапраўднага характару гэтага рэжыму. У мяне амаль 10-гадовы досвед адносінаў з Беларуссю. Я не веру, што Лукашэнка можа стаць дэмакратам. Безумоўна, Беларусь трэба запрашаць, але павінныя быць умовы. Па-мойму, калі мы размаўляем з Беларуссю аб праблемах з правамі чалавека, мы павінныя размаўляць не толькі з афіцыйнымі асобамі, але таксама ўключаць прадстаўнікоў апазіцыі ў такія сустрэчы. Па-другое, я думаю, што яшчэ рана запрашаць Лукашэнку на саміт у Празе. У гэтым сэнсе я падтрымліваю пазіцыю свайго ўрада.

- Вашае імя згадваецца даволі часта ў кантэксце кантактаў Еўрапарламента з Беларуссю. Распавядзіце, калі ласка, аб Вашай асабістай ангажаванасці ў справах Беларусі.

- Яшчэ ў 1999 годзе мяне прызначылі старшынём дэлегацыі Еўрапарламента ў пытаннях Беларусі, Украіны і Малдовы. Тады яшчэ была адна дэлегацыя для гэтых трох краін. Мяне цікавіла, што адбываецца па-за Еўразвязам, паміж Еўразвязам і Расеяй. І, такім чынам, я больш зацікавіўся Беларуссю і ангажаваўся ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі. Беларусь для мяне — гэта еўрапейская краіна з еўрапейскай гісторыяй, часамі вельмі трагічнай. У Беларусі жыве 10 мільёнаў чалавек, такіх жа еўрапейцаў, як і я з Нідэрландаў, і яны маюць права на годнае жыццё і на свой уласны выбар. Гэта таксама адна з прычын маёй ангажаванасці.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках