25 лiстапада 2024, панядзелак, 22:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Разам з офісам Партыя БНФ можа страціць рэгістрацыю

Да канца года Партыя Беларускага Народнага Фронту можа альбо спыніць сваё існаванне, альбо перайсці на нелегальнае становішча.

Да гэтага можа прывесці іх канфлікт з ЖРЭА Савецкага раёна. Паколькі выходзіць так, што следам за стратай офіса, пагадненне на арэнду якога з партыяй не падоўжаць з-за запазычанасцяў па камунальных плацяжах, БНФ можа страціць юрыдычны адрас і рэгістрацыю ў Мінюсце.

Праўда, па словах намесніка старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі, усе запазычанасці камунальнікам выплачаныя.

«У нас ёсць дакумент з ЖРЭА, дзе напісана, што мы павінны да 8 ліпеня актам прыёму-перадачы здаць офіс, а перад тым аплаціць усе даўгі, якія немаведама адкуль узяліся. Але фактычная сітуацыя такая, што даўгі выплачаныя - і такім чынам няма прававой падставы для якіх-небудзь рэпрэсіўных дзеянняў», -- паведаміў палітык у інтэрв'ю «Еўрарадыё».

Але галоўны эканаміст ЖРЭА Савецкага раёна Сяргей Прусаў сцвярджае, што арандатары офіса на Варвашэні да гэтага часу застаюцца павінны ім 5 мільёнаў 115 тысячаў 596 рублёў.

«Гэтая сума складаецца з трох частак: частковая запазычанасць па арэнднай плаце за снежань у суме 1 мільён 16 тысяч 988 рублёў, запазычанасць за люты ў суме 2 037 209 рублёў і запазычанасць за сакавік у суме 2 061 399 рублёў. Апошні плацёж прыйшоў ад БНФ у пятніцу, гэта было 2 152 018 рублёў поўнай арэнднай аплаты за красавік. Але папярэднія перыяды засталіся неаплачанымі», - сцвярджае ён.

Па словах Вінцука Вячоркі, камунальнікі парушылі Грамадзянскі кодэкс: яны не папярэдзілі загадзя пра запазычанасць ў аплаце, а адразу даслалі ліст пра высяленне з памяшкання. Таму зараз прадстаўнікі партыі будуць спрабаваць вырашыць пытанне з дапамогай перамоваў. Калі жа яны будуць беспаспяховымі, дык звернуцца са скаргай на ЖРЭА ў суд.

Дарэчы, як кажа старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, тэрмін пагаднення на арэнду памяшкання сапраўды сканчаецца 8 ліпеня. Але паводле пагаднення, яно аўтаматычна падаўжаецца, калі арандатар не парушаў яго ўмоваў. Для ЖРЭА такім парушэннем фактычна з'яўляецца наяўнасць запазычанасці па арэнднай плаце. «Фронтаўцы» ж не толькі не прызнаюць сваёй віны ў несваечасовых выплатах, але і вінавацяць ЖРЭА ў тым, што яны загадзя пра тыя запазычанасці не паведамілі.

Але змагацца да апошняга за офіс у цэнтры Менска вымушае актывістаў Партыі БНФ не толькі яго ўдалае месцазнаходжанне: страціўшы офіс, партыя рызыкуе пазбавіцца і юрыдычнага адрасу.

«Мы не можам адгэтуль сысці, бо юрыдычныя адрасы Партыі БНФ, грамадскага аб'яднання «БНФ-Адраджэнне», а таксама некалькіх рэгіянальных структураў размешчаныя тут. Ніхто не дасць гарантыі, хутчэй за ўсё, будзе наадварот: паспрабаваўшы знайсці юрыдычны адрас у іншым месцы, мы яго не знойдзем і страцім юрыдычную рэгістрацыю партыі і грамадскага аб'яднання», - кажа Вячорка.

Страта юрыдычнага адрасу можа аўтаматычна прывесці да таго, што Мінюст пазбавіць партыю рэгістрацыі.

Нагадаем, што пачынаючы з красавіка 2009 года арэнда офісаў для грамадскіх аб'яднанняў была падвышаная практычна ў 10 разоў. Партыя БНФ сёння плаціць за менскае памяшканне прыблізна 2 800 даляраў у месяц.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках