25 лiстапада 2024, панядзелак, 19:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Школьныя выпускныя вечары забаранілі праводзіць у кафэ і рэстаранах

27

Школьныя выпускныя вечары ў Менску будуць праводзіць толькі ў школах і – у выключных выпадках – ва ўстановах культуры.

«Праводзіць школьныя выпускныя вечары ў кафэ, рэстаранах, барах і іншых падобных установах будзе забаронена», - заявіў на прэс-канферэнцыі ў Менску начальнік упраўлення ідэалагічнай і выхаваўчай працы Камітэта па адукацыі Менгарвыканкама Андрэй Стрыгельскі, паведамляе «Інтэрфакс».

«Акрамя таго, 12 чэрвеня ў Менску будзе абмежаваны продаж алкагольных і слабаалкагольных напояў у рознічным гандлі», - паведаміў А.Стрыгельскі.

Па ягоных словах, падчас выпускных вечароў у школах, ліцэях і гімназіях будзе ўведзеная забарона на ўжыванне спіртнога не толькі для школьнікаў, але і для ўсіх прысутных.

«У цяперашнім годзе выпускныя вечары ў асноўным пройдуць 12 чэрвеня, у выключных выпадках, па адмысловым дазволе - 13 чэрвеня. Час пачатку ўсіх выпускных вечароў - 20:00, час заканчэння вызначаецца бацькоўскім камітэтам, адміністрацыяй установы адукацыі і адміністрацыяй раёна», - сказаў А.Стрыгельскі.

Па ягоных словах, у кожнай школе падчас правядзення выпускных вечароў будуць дзяжурыць супрацоўнікі міліцыі і МНС. «Медустановы горада таксама будуць працаваць ва ўзмоцненым рэжыме», - дадаў А.Стрыгельскі.

«У 2009 годзе школы, ліцэі і гімназіі Менска выпусцяць 16,6 тыс. навучэнцаў, што на 2,5 тыс. больш, чым летась», - сказаў А.Стрыгельскі. Па ягоных словах, гэта звязана з тым, што іх скончаць вучні 11-х і 11-х «штрых» класаў.

Ён асобна адзначыў, што рознага кшталту падарункі, асабліва дарагія, якія традыцыйна прынята падносіць педагогам у дзень правядзення выпускных вечароў, "не вітаюцца".

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках