25 лiстапада 2024, панядзелак, 10:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Апазіцыя пройдзе «Чарнобыльскі Шлях» сваім маршрутам

11

Арганізатары «Чарнобыльскага Шляха» лічаць прапанаваны ўладамі маршрут акцыі – непрымальным.

Нагадаем, што ўчора на сустрэчы з кіраўніцтвам Менгарвыканкама заяўнікам «Чарнобыльскага шляха — 2009», які намечана правесці ў дзень 23-й гадавіны аварыі на ЧАЭС, прапанаваны новы маршрут шэсця.

У гарадской адміністрацыі намеснікам старшыні Партыі БНФ Вінцуку Вячорку, Віктару Івашкевічу і лідэру Партыі камуністаў Беларускай Сяргею Калякіну абвесцілі, што 26 красавіка калона дэманстрантаў можа прайсці ад будынка прэзідыюма Нацыянальнай акадэміі навук паўз кінатэатр «Кастрычнік» па вуліцах Хмяльніцкага, Куйбышава, Сурганава на плошчу Бангалор да Чарнобыльскай капліцы.

Першапачаткова заяўнікі акцыі мелі намер правесці шэсце ад будынка прэзідыўма Акадэміі навук па праспекце Незалежнасці, плошчы Якуба Коласа, вуліцах Веры Харужай, Багдановіча, Кульман, Карастаянавай да Чарнобыльскай капліцы. Гэты варыянт улады не санкыянавалі нібыта з той прычыны, што маршрут пралягае праз раён Камароўскага рынка і, як лічаць у гарадской адміністрацыі, удзельнікі шэсця «могуць стварыць праблемы пакупнікам».

Прапанова Менгарвыканкама абмяркоўвалася 22 красавіка на пашыраным паседжанні аргкамітэта па правядзенні «Чарнобыльскага шляха».

Як заявіў пасля паседжання аргкамітэта ў інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч, арганізатары вырашылі, што акцыя «Чарнобыльскі шлях» пройдзе па маршруце, які раней планавала апазіцыі, гэта значыць ад будынка Акадэміі Навук праз плошчу Якуба Коласа і вуліцы Веры Харужай і Максіма Багдановіча да Чарнобыльскай капліцы на вуліцы Карастаянавай.

«Аргкамітэт па правядзенні акцыі «Чарнобыльскі шлях» лічыць, што маршрут, прапанаваны ўладамі, не адпавядае мэтам і задачам арганізатараў – прадэманстраваць пазіцыю максімальна большай колькасці людзей. Улады зноў прапанавалі мірным дэманстрантам ісці задворкамі. Відавочна, што з аднаго боку рэжым церпіць сур'ёзныя фінансавыя праблемы і просіць у Захада крэдыты, таму не можа зараз выкарыстаць свае ўпадабаныя метады барацьбы з іншадумцамі – аўтазакі і дубінкі, а з іншага боку – улады не хочуць паводзіць сябе дэмакратычна. Адсюль такія забароны на правядзенне апазіцыяй акцыі ў цэнтры горада», -- заявіў Віктар Івашкевіч.

Намеснік старшыні Партыі БНФ заклікае беларусаў прыйсці 26 красавіка, у 12.00 да будынка Акадэміі навук у Менску.

«Збор удзельнікаў акцыі афіцыйна дазволены. Прыходзіце са сцягамі, плакатамі і прыміце ўдзел у акцыі. Я перакананы, што дэманстрацыя пройдзе мірна, без праблемаў для яе ўдзельнікаў. Збірацца ля Акадэміі навук ніхто перашкаджаць не будзе. Мы павінны адзначыць угодкі аварыі на Чарнобыльскай АЭС і адкрыта заявіць, што галоўныя праблемы і прычыны наступстваў аварыі на ЧАЭС, ад якіх сёння пакутуюць беларусы – гэтае безадказнае стаўленне беларускіх уладаў да праблемы заражэння радыяцыяй тэрыторыі Беларусі. Сітуацыя толькі пагаршаецца, хаваецца рэальнае становішча рэчаў. Але меркаванне простых людзей улады не ўлічваюць, нас трымаюць за паддоследных трусаў. Час пакласці гэтаму канец і стацца сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны», - заявіў Віктар Івашкевіч.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках