25 лiстапада 2024, панядзелак, 11:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З-за галадоўкі ў палітвязня Аўтуховіча пагоршыўся стан здароўя

5

Лідэр прадпрымальнікаў змешчаны ў медчастку следчага ізалятара.

24 красавіка адвакат арыштаванага прадпрымальніка Павел Сапелка наведаў Мікалая Аўтуховіча ў СІЗА ГУУС Менгарвыканкама. Як распавёў «Радыё Свабода» адвакат, стан здароўя Аўтуховіча значна пагоршыўся.

«Стан ягонага здароўя пагоршыўся, гэта нават бачна, -- кажа Павел Сапелка. -- У параўнанні з тым, як ён трымаўся тыдзень таму, стан здароўя цяпер зусім іншы. У яго абвастрыліся хранічныя захворванні, у тым ліку пячонкі. Утрымоўваюць яго ў медыцынскай частцы ізалятара. Свае патрабаванні аб вызваленні ён не зняў і заяўляе, што будзе працягваць галадоўку, пакуль не спыняць следства».

Арыштаваны ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч з 16 красавіка трымае галадоўку пратэсту ў СІЗА ГУУС Менгарвыканкама. Нагадаем, што прадпрымальнікі Юрый Лявонаў, Мікалай Аўтуховіч і Ўладзімір Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага. Санкцыю на затрыманне і ператрус у іхных кватэрах даў пракурор Гарадзенскай вобласці. 18 лютага ўсім траім было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 218 КК (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці).

Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі зняволенымі, звяртаючы ўвагу на тое, што М.Аўтуховіч і Ю.Лявонаў раней ужо былі судзімыя і прызнаныя «Міжнароднай амністыяй» вязнямі сумлення.

Мікалай Аўтуховіч, які абвясціў галадоўку, напісаў заяву, тэкст якой быў перададзены прэс-цэнтру Хартыі'97 беларускімі праваабаронцамі:

«Я, Мікалай Аўтуховіч, знаходжуся ў следчым ізалятары больш за два месяцы з 8 лютага 2009 года па абвінавачванні ў падпале маёмасці, які адбыўся ў 2005 годзе. Разам са мной па аналагічным абвінавачванні арыштаваныя Юры Лявонаў і Ўладзімір Асіпенка. Па злачынстве, у якім нас вінавацяць, ужо было праведзенае следства, людзі асуджаныя і адбываюць пакаранне, шкода пацярпелым была пакрытая. Нашыя сваякі сустракаліся з пацярпелымі і тыя пацвердзілі, што прэтэнзій у іх да нас няма, як і не было.

На працягу ўсіх двух з паловай месяцаў знаходжання пад вартай з намі не праводзіцца ніякіх следчых дзеянняў. Калі мы прычынілі шкоду, то чаму дагэтуль не праведзеныя вочныя стаўкі з пацярпелымі, сведкамі абвінавачвання, калі такія ёсць?

Да нас даходзяць чуткі, што справа фармуецца не на доказах, а на асабістых здагадках следства. Дапытваюцца нашыя знаёмыя, але не па акалічнасцях справы, а па захоўванні нейкай зброі, падрыхтоўкі выбухаў у Гарадзенскай вобласці, знішчэнні маёмасці. На некаторых сведак здзяйсняецца псіхалагічны ціск, каб яны далі супраць нас ілжывыя паказанні. Як нам вядома, знойдзены ў Ваўкавыску гранатамёт спрабуюць павесіць на мяне, як і некаторыя іншыя нераскрытыя злачынствы ў Гарадзенскай вобласці ў перыяд з 2005 па 2009, уключаючы час, калі я знаходзіўся ў турме.

Са студзеня 2008 года да арышту 8 лютага 2009 года я знаходзіўся дома ў Ваўкавыску пад наглядам міліцыі. За гэты час да мяне ні разу не прыходзілі следчыя або ўпаўнаважаныя асобы з якімі бы та ні было пытаннямі адносна злачынстваў, якія зараз спрабуюць на мяне «павесіць».

Ганенне мяне і маіх блізкіх вядзецца з 2003 года. За маю грамадскую дзейнасць мяне ізноў спрабуюць упекчы ў турму і гэта ў той момант, калі мы сталі прадпрымаць першыя крокі па рэгістрацыі рэспубліканскага грамадскага аб'яднання ветэранаў баявых дзеянняў «Абаронцы айчыны».

У знак пратэсту супраць беззаконня і самаўпраўнасці следчых органаў, адсутнасці пракурорскага нагляду за ходам расследавання маёй справы, я вымушаны пайсці на адзіную законную меру пратэсту ва ўмовах турмы, паколькі лічу сябе невінаватым.

Я патрабую:

Вызваліць з-пад варты мяне, Юрыя Лявонава і Ўладзіміра Асіпенку.

Я звяртаю ўвагу беларускай і міжнароднай грамадскасці на абуральнае беззаконне, якое адбываецца ў Беларусі. І не толькі па нашай справе. Скончыла жыццё самагубствам праваабаронца Яна Палякова, больш за 900 чалавек звярнуліся да прадстаўнікоў улады ў Беларусі з прапановай аб стварэнні незалежнай грамадскай камісіі па пераглядзе крымінальных і грамадзянскіх справаў. Гэта ўжо не адзінкавыя выпадкі. Так працуе праваахоўная сістэма ў Беларусі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках