25 лiстапада 2024, панядзелак, 5:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Візіт камісара Еўразвяза ў Менск зноў адкладзены

4
Візіт камісара Еўразвяза ў Менск зноў адкладзены

Прызначаны на красавік візіт у Беларусь камісара ЕЗ Беніты Ферэра-Вальднер адкладаецца.

Пра гэта паведаміў на брыфінгу ў Менску начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Папоў.

«Зараз бакі працуюць над новымі датамі візіту Ферэра-Вальднер у Беларусь», - адзначыў Папоў.

Нагадаем, што візіт камісара ЕЗ у Менск адкладаецца ўжо ў другі раз. Спачатку Ферэра-Вальднер планавала наведаць Беларусь 12-13 сакавіка, аднак за некалькі дзён да прыезду камісара было заяўлена, што візіт адкладзены да сярэдзіны красавіка.

Падчас сустрэчаў 11 сакавіка ў Страсбурзе з старшынём Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатолем Лябедзькам і палітыкам Аляксандрам Казуліным еўракамісар па знешніх сувязях і еўрапейскай палітыцы суседства адзначыла, што Еўропа «не можа гуляць каштоўнасцямі, якія ў Еўразвязе з'яўляюцца асноватворнымі».

У лютым у Беларусі з'явіліся новыя палітычныя вязні: лідэры прадпрымальніцкага руху Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка, а таксама актывіст «Маладога Фронту» Арцём Дубскі, які адбывае пакаранне за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў летась.

Пад пагрозай зняволення па гэтай справе знаходзяцца таксама іншыя маладыя людзі - Максім Дашук, Аляксандр Чарнышоў, Таццяна Цішкевіч, Аляксандр Баразенка, Павал Вінаградаў, Міхаіл Субач, Аляксей Бондар, Міхаіл Крываў, Міхаіл Пашкевіч, Аляксандр Стральцоў.

Таксама ў лютым былі жорстка разагнаныя дзве мірныя акцыі апазіцыі – У Дзень святога Валянціна і ў Дзень салідарнасці.

У сакавіку скончыла жыццё самагубствам праваабаронца Яна Палякова, асуджаная на 2,5 гады абмежавання волі.

Апазіцыя па-ранейшаму не мае доступу да дзяржаўных СМІ, а большасць незалежных газетаў дагэтуль не маюць магчымасці друкавацца і распаўсюджвацца на тэрыторыі Беларусі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках