25 лiстапада 2024, панядзелак, 9:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея паставіць Беларусі найноўшыя сістэмы СПА С-400 «Трыюмф»

13

Узбраенні будуць пастаўленыя ў межах развіцця адзінай рэгіянальнай сістэмы СПА.

Пра гэта заявіў начальнік Галоўнага штаба - першы намеснік галоўнакамандуючага ВПС, генерал- лейтэнант Вадзім Валкавіцкі.

«Гэта адзіная рэгіянальная сістэма СПА (Расеі і Беларусі - ІФ-АВН) павінна быць забяспечаная самымі сучаснымі відамі ўзбраення. Па канкрэтных тэрмінах пастаўкі сістэмаў С-400 (у Беларусь) мы зараз дамаўляемся. Тое, што гэта адбудзецца ў межах развіцця адзінай сістэмы СПА, можна не сумнявацца», - цытуе В.Валкавіцкага «Інтэрфакс».

Па канкрэтных тэрмінах пастаўкі ЗРС С-400 ідзе перамоўны працэс, сказаў В.Валкавіцкі.

Ён таксама паведаміў, што ў 2009 годзе ў межах дзяржабаронзаказа ў расейскую армію працягнуцца пастаўкі ЗРС С-400 «Трыюмф», не ўдакладніўшы тэрміны паставак.

Зенітныя ракетныя сістэмы С-400 «Трыюмф» распрацоўваюцца і серыйна вырабляюцца канцэрнам СПА «Алмаз-Антэй». На сённяшні дзень на ўзбраенні расейскай арміі маецца два палкі ЗРС С-400.

С-400 «Трыюмф» прызначаная для знішчэння лятальных апаратаў, у тым ліку выкананых з выкарыстаннем тэхналогіі «стэлс», а таксама крылатых і аператыўна-тактычных ракетаў на дальнасці да 400 км. Па ацэнках спецыялістаў, характарыстыкі С- 400 «Трыюмф» пераўзыходзяць усе аналогі, якія маюцца ў свеце.

Сістэма С-400 «Трыюмф» здольная вырашаць задачы як СПА (супрацьпаветранай абароны), так і нестратэгічнай СРА (супрацьракетнай абароны). Сродкі аўтаматызацыі, якія выкарыстоўваюцца ў С-400, выключаюць так званы чалавечы фактар.

Па ацэнках экспертаў, адна С-400 «Трыюмф» здольная замяніць тры сістэмы тыпу С-300.

Нагадаем, што дамова пра стварэнне Адзінай сістэмы СПА была падпісаная Аляксандрам Лукашэнкам і Дзмітрыем Мядзведзевым у лютым 2009 года ў Маскве.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках