25 лiстапада 2024, панядзелак, 10:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Заіка: «Беларусы атрымаюць удар у выглядзе паўторнай дэвальвацыі»

26

Рост адмоўнага сальда знешняга гандлю ў 6 разоў можа прывесці да паўторнай дэвальвацыі рубля.

У адносінах з падобным перыядам мінулага годы адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі вырасла больш чым ў 6 разоў і склала 1,445 мільярда даляраў супраць 217,2 мільёнаў даляраў у першым квартале 2008 года. Пра тое, чым гэта можа павярнуцца для беларускай эканомікі і звычайнага грамадзяніна Беларусі, «Еўрамост» пагутарыў з кіраўніком цэнтра «Стратэгія» Леанідам Заікам.

Пра што сведчыць падобны аб'ём адмоўнага сальда ў знешнім гандлі?

– У нас наогул у гэтым сэнсе дзіўная сітуацыя. Летась кожны месяц у гандлі з Расеяй гандлёвы баланс негатыўна вырастаў на мільярд. Зараз сітуацыя паўтараецца, але ўжо ў маштабах усіх вектараў знешняга гандлю. А гэта аказвае ціск на беларускі рубель. Гэта можа прывесці да паўторнай дэвальвацыі беларускага рубля ў самы найбліжэйшы час. Гэта не дазваляе паўнавартасна працаваць усёй эканоміцы. Звычайна, дэфіцыт гандлёвага балансу пагашацца ростам знешніх інвестыцыяў і гэтаму заўсёды спрыяе кожны ўрад. Наогул, гэта складаная праблема, якая адаб'ецца на ўстойлівасці абменнага курсу беларускага рубля.

А як гэта можа адбіцца на дабрабыце простага абывацеля?

– Вельмі часта дысбаланс паміж экспартам і імпартам выклікаецца тым, што неадэкватна ажыццяўляецца палітыка прыбыткаў. Ды і само насельніцтва неадэкватна рэагуе на змену сітуацыі. Людзі аддаюць перавагу набыццю імпартных тавараў, дарагіх вінаў, тытуня, розных бананаў-апельсінаў. Такое было ў шмат якіх краінах, такое ж сёння я фіксую і ў нас. Неадэкватна такое спажыванне развіваецца. Што ж датычыць адмоўнага сальда знешняга гандлю, дык насельніцтва гэта пакуль ніяк не адчуе. Адзінае, могуць паўстаць сітуацыі, калі імпарцёры стануць завышаць кошты і будзе ісці павольная праца па падвышэнні ўнутраных коштаў. Гэта ў нас і адбываецца. У нас вельмі высокія кошты, вышэй, чым у іншых еўрапейскіх краінах. У дадатак, насельніцтва атрымае ўдар у выглядзе дэвальвацыі, што знізіць узровень жыцця.

Днямі Лукашэнка прыняў два рашэння. Па-першае – гарантаваў дзяржпадтрымку цукровым заводам. Па-другое – загадаў здабытчыкам калійных угнаенняў ні ў якім выпадку не зніжаць кошты на сваю прадукцыю для замежных пакупнікоў. Ці дапамогуць такія меры беларускім вытворцам?

– Памылкі, якія дапускае беларускае кіраўніцтва, носяць прафесійна эканамічны характар. Яны выкліканыя банальным няведаннем эканамічнай тэорыі. У нас сёння практычна паўгадавы запас цукру ў краіне. Сёння можна спакойна ўсіх працаўнікоў цукровых заводаў адпраўляць на паўгады ў адпачынкі. Цукру ў нас перавытворчасць. Звычайна ў такіх выпадках вытворчасць блакуецца, спыняецца.

Што ж датычыцца Лукашэнкі, які дае ўказанні кошту на калійныя ўгнаенні не падвышаць, трымацца коштаў старых, дык ў любой эканамічнай тэорыі можна прачытаць пра тое, што кошты вызначаюцца рынкамі, а не прэзідэнтамі. Гэта напісана ва ўсіх падручніках, якія я б параіў пачытаць.

Усе цукровыя заводы размешчаныя ў рэгіёнах і з'яўляюцца горадаўтваральнымі. Рашэнне аказаць ім дзяржпадтрымку тлумачыцца нежаданнем пакінуць людзей без працы і сродкаў да існавання. Заводы ж будуць працаваць і вырабляць цукар, але што з ім рабіць далей?

– Паглядзіце, як рэагуе на сітуацыю вытворца ва ўсім свеце. Ніхто не збіраецца там нікога падтрымліваць ці трымаць кошты. Я толькі што прыехаў з Цэнтральнай Еўропы – кошты паўсюль ідуць імкліва ўніз. Калі параўноўваць з Беларуссю, дык разрыў у коштах можа быць ад 5 да 10 разоў. Тое, што адбываецца зараз на спажывецкіх рынках Цэнтральна-усходняй Еўропы паказвае, што ажыццяўляецца проста нечуваны ценапад. А што датычыць нашых цукровых заводаў… Прадпрыемствы павінны адэкватна рэагаваць на змены эканамічнай сітуацыі і калі трэба – зніжаць кошты на прадукцыю. Калі яно дыверсіфікуецца і выжыве – значыць там ўсё ў парадку, і яно будзе жыць далей. Калі не – нам трэба будзе плаціць за яго існаванне. А менавіта гэта нам сёння і прапаноўвае рабіць урад.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках