25 лiстапада 2024, панядзелак, 7:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Бяляцкі: «Калі Лукашэнку не падабаюцца правы чалавека – няхай выйдзе з ААН»

2

Праваабаронцы пракамэнтавалі апошнія заявы Лукашэнкі адносна сітуацыі з правамі чалавека ў краіне.

Аляксандар Лукашэнка ў інтэрв’ю агенцтву «Ройтэрс» сказаў, што, у адрозьненьне ад эўрапейскіх краінаў, не выкарыстоўваў сьлезацечны газ і вадамёты для разгону дэманстрантаў. А падчас паездкі ў Салігорск выказаў меркаваньне, што аснова праграмы «Ўсходняе партнэрства» — прагматычнае супрацоўніцтва. Маўляў, «пры чым тут правы чалавека да нафты і газу»?

Якія мэты мае такая рыторыка кіраўніка Беларусі, Алесь Бяляцкі тлумачаць у інтэрв’ю «Радыё Свабода».

«Спадар Лукашэнка хоча чытаць у праграме «Ўсходняга партнэрства» тое, што хоча там бачыць. Але рамкі, якія зададзены перад яшчэ пачаткам гэтай праграмы, зь якой пагадзіліся ўсе шэсьць краінаў, уключаюць у сябе ня толькі паляпшэньне эканамічнага супрацоўніцтва, але паляпшэньне сытуацыі з дэмакратыяй, правамі чалавека канкрэтна ў кожнай з гэтых шасьці краінаў»,– зазначае праваабаронца.

Сытуацыя ў гэтых краінах даволі «няроўная», падкрэсьлівае ён.

«Мы бачым: іх страсаюць пэрманэнтныя крызісы. І апошнія выбары ў Малдове, якія скончыліся дэманстрацыяй і арыштамі. Дэманстрацыі ў Грузіі, і супраць дэманстрантаў ужываецца сіла. І гадавой даўнасьці вялікая дэманстрацыя ў Армэніі, якая была гвалтам разагнаная. І ў нас праблемы, якія пэрманэнтна працягваюцца – я маю на ўвазе, разгоны пікетаў і рэзкае абмежаваньне мірных дэманстрацый, якое нічым не абгрунтавана», – кажа Алесь Бяляцкі.

Менавіта таму праграма Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства» прызначаная паляпшыць прававую сытуацыю.

«Сытуацыя з правамі чалавека ў гэтых краінах неадназначная. І таму праграма «Ўсходняе партнэрства» мае адну з мэтаў – паляпшэньне гэтай сытуацыі. Калі спадару Лукашэнку не падабаюцца правы чалавека ў тым выглядзе, у якім яны прапісаны ў міжнародных дакумэнтах – няхай ён тады выйдзе з ААН, а не ўваходзіць ва «Ўсходняе партнэрства».

Нашая задача - дамагчыся, каб гэтая праграма не ператварылася ў чыста тэхнічны праект. Таму такая пазыцыя Эўразьвязу, якая прапануе супрацоўніцтва і адначасова не пагаджаецца на чыста тэхнічнае супрацоўніцтва, а бачыць гэта ў комплексе, падаецца мне вельмі важнай для ўсёй Беларусі, для беларускіх грамадзянаў», - зазначае экспэрт.

З пункту гледжаньня дэмакратычных інстытутаў, Беларусь знаходзіцца ў самым хвасьце краінаў, якія далучыліся да праграмы «Ўсходняе партнэрства».

«Дзесьці ў вельмі невялікіх выпадах лепш. І гэта датычыцца разьвіцьця інфраструктуры і нейкага агульнага сацыяльнага забесьпячэньня, эканамічнага разьвіцьця, напрыклад, параўнальна з Малдовай, Грузіяй ці Армэніяй.

Але ў той сама час, з пункту гледжаньня дэмакратычных інстытутаў, Беларусь знаходзіцца ў самым хвасьце. Ну хаця б тое, што Беларусь не зьяўляецца сябрам Рады Эўропы – гаворыць само за сябе. Нават Азэрбайджан зьяўляецца сябрам Рады Эўропы. І сыходзячы з тых рэкамэндацый і добраахвотных абавязкаў, дарэчы, за апошнія пяць гадоў вельмі прагрэсуе ў пляне разьвіцьця дэмакратычных інстытутаў. Можна казаць пра значны ўдзел грамадзкіх арганізацый у кантролі над выканаўчымі ўладамі. Колькасьць палітычных вязьняў у Азэрбайджане – а лік ішоў там на сотні – зараз вельмі хутка зьмяншаецца. І гэтага якраз дабіваюцца прадстаўнікі няўрадавых праваабарончых арганізацый», - даводзіць Алесь Бяляцкі.

Што тычыцца Армэніі, Грузіі, Украіны, Малдовы, то ўзровень дэмакратыі, узровень падзелу ўлады там на галаву вышэйшы.

«Я быў ва ўсіх гэтых краінах цягам апошніх гадоў. Пару месяцаў таму, калі там быў Лукашэнка, я быў у Армэніі. Рэальна бачна, наколькі там палітычная культура і культура грамадзтва вышэйшая за тое, што адбываецца ў Беларусі. Гэта ж тычыцца і сродкаў масавай інфармацыі, палітычных партый і грамадзкіх арганізацый. Калі казаць пра агульны фон, то Беларусь, насамрэч, пляцецца тут ў хвасьце», - яшчэ раз падкрэсьлівае праваабаронца.

Паколькі дыялёг Эўразьвязу з афіцыйным Менскам у сфэры правоў чалавека не прадугледжвае ўдзелу грамадзянскай супольнасьці, то Лукашэнка асабіста адказны за ўсе парушэньні правоў беларусаў у звязі з гэтым, лічыць экспэрт.

“Ён непасрэдна адказны за грамадзкую, палітычную дыскрымінацыю беларускіх грамадзянаў. Крывадушнічаць ня трэба. Я параіў бы яму быць больш шчырым і з сабой, і з беларускімі грамадзянамі.

Праграма «Ўсходняе партнэрства» дае вельмі вялікія магчымасьці, але імі трэба яшчэ ўмець скарыстацца. «Усходняе партнэрства» чым для нас і цікавае, што прадугледжвае актыўны ўдзел прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый. І я спадзяюся, што гэта дасьць магчымасьць урэшце рэшт, можа, пры ўдзеле Эўразьвязу, сесьці за адзін стол з прадстаўнікамі беларускага ўраду. І назваць тыя праблемы адкрыта, вочы ў вочы, якія сёньня ёсьць у пытаньнях разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці, дэмакратыі і правоў чалавека», - мяркуе Алесь Бяляцкі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках