25 лiстапада 2024, панядзелак, 2:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Баразенка: «Паводзіны ўладаў у дачыненні да Аўтуховіча можна ўспрымаць як спробу забойства»

1

Да галадоўкі салідарнасці з палітвязнямі далучыўся ўдзельнік «Працэсу 14-ці», актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Баразенка.

Як заявіў Аляксандр Баразенка ў інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97, ён трымае галадоўку ў Пінску з 11 траўня.

«Перш за ўсё, я абвясціў галадоўку, каб падтрымаць палітвязняў і асабліва Мікалая Аўтуховіча, які галадае ўжо практычна месяц, -- заявіў Аляксандр Баразенка. -- Я хачу выявіць салідарнасць з тымі, хто сёння знаходзіцца ў турме па палітычных матывах. Улады сочаць за галадоўкай Аўтуховіча, але нічога не робяць. Такім чынам, яны проста спрабуюць яго дабіць. Аўтуховіч не дае ім спакойна спаць. Паводзіны ўладаў можна нават успрымаць як спробу забойства».

Аляксандр Баразенка заяўляе, што ў Беларусі не адбываецца лібералізацыя, і ўлады па-ранейшаму не захоўваюць правы чалавека. Нават, нягледзячы на тое, што 12 траўня міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» прызнала ўдзельнікаў «Працэсу 14-ці» Вязнямі сумлення, Баразенка не ўпэўнены, што стаўленне да палітычных апанентаў у Беларусі зменіцца.

«У Беларусі не адбываецца ніякай лібералізацыі, правы чалавека, як парушаліся, так і парушаюцца, -- кажа Баразенка. -- Зараз прыняты закон аб амністыі. Не думаю, што пад яе патрапяць палітычныя зняволеныя. І ад таго, што ўдзельнікаў «Працэсу 14-ці» прызналі Вязнямі сумлення, я пакуль зменаў не адчуў. Ад гэтага, на жаль, у нашай краіне нічога не змяняецца. Уладам глыбока напляваць на міжнароднае меркаванне».

Нагадаем, што 4 траўня шэраг палітычных і грамадскіх дзеячаў Беларусі абвясцілі бестэрміновую галадоўку ў падтрымку затрыманых ваўкавыскіх прадпрымальнікаў, якія ўтрымліваюцца ў сталічным СІЗА № 1. У падтрымку палітвязняў у Беларусі галадаюць ужо 29 чалавек.

Удзельнікі галадоўкі патрабуюць зняць абвінавачванні з арыштаваных лідэраў прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі, неадкладна вызваліць іх, а таксама рэабілітаваць усіх палітвязняў у краіне і спыніць пераслед грамадзянаў па палітычных матывах.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках