25 лiстапада 2024, панядзелак, 15:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Следства па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў падоўжылі да 3 чэрвеня

1

За чатыры месяцы сваякам палітвязняў дагэтуль не дазволілі ні аднаго спаткання.

Дачка арыштаванага Юрыя Лявонава, Юлія, дагэтуль не ведае аб падрабязнасцях утрымання свайго бацькі пад вартай.

«Інфармацыі ў прынцыпе ніякай няма, -- распавяла Юлія Лявонава ў інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97. -- Колькі заяваў мы не пісалі на імя следчага Віталя Кухарчыка з просьбай аб спатканні, ён кажа, што гэта дрэнна паўплывае на следства і на падследнага».

Па словах Людмілы Асіпенка, дачкі палітзняволенага Ўладзіміра Асіпенкі, следчы не дазваляе спатканне, таму што, верагодна, «мае загад зверху».

«Следства падоўжылі да 3 чэрвеня. Усе спробы дамагчыся спаткання дарэмныя, -- заяўляе Людміла Асіпенка. -- Мы напісалі вельмі шмат лістоў Кухарчыку. Пісалі скаргі на ягоныя дзеяння ў Гарадзенскую пракуратуру і нават менскаму пракуратуру. Але адусюль прыходзяць адпіскі. Кухарчык матывуе адмовы тым, што ў яго такі прынцып працы, і што яшчэ ні адзін падследны ў яго не атрымліваў спаткання. Не ведаю, можа, гэта загад зверху».

Як заяўляе дачка Ўладзіміра Асіпенкі, сваякі па-ранейшаму не бачылі копію пастановы аб абвінавачванні. «Адвакат не мае права прадастаўляць нам копію аб абвінавачванні, а следчыя адмаўляюцца. Бацька спрабаваў даслаць нам копію ў лісце, але адміністрацыя СІЗА яго канфіскавала», -- кажа Людміла Асіпенка.

Па ейных словах, на дадзены момант сваякі арыштаваных спрабуюць распавесці аб вядзенні следства міжнародным арганізацыям.

«Сёння ў нас была сустрэча з кіраўніком офіса АБСЕ ў Менску АБСЕ Хансам-Ёхенам Шмітам. Мы распавялі яму, як адбывалася затрыманне, ператрусы, якая кампанія супраць нашых сваякоў ішла ў дзяржаўных СМІ. Ханс-Ёхен Шміт сказаў, што будзе стала маніторыць гэтую тэму і распаўсюджваць звестці аб ёй у сваім асяроддзі».

Дачка палітвязня ўпэўненая, што справы супраць ваўкавыскіх прадпрымальнікаў сфабрыкаваныя.

«Я упэўненая на ўсе сто адсоткаў, што гэта ліпавае абвінавачванне, пашытае белымі ніткамі, -- заяўляе Людміла Асіпенка. -- Пра свайго бацьку я магу сказаць, што вайсковы чалавек ніколі бы не здзейсніў такога. І можна толькі спадзявацца, што справядлівасць пераможа».

Нагадаем, што прадпрымальнікі Юрый Лявонаў, Мікалай Аўтуховіч і Ўладзімір Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага. Санкцыю на затрыманне і ператрус у іхніх кватэрах даў пракурор Гарадзенскай вобласці. 18 лютага ўсім траім было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 218 КК (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці).

Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі зняволенымі, зважаючы на тое, што М.Аўтуховіч і Ю.Лявонаў раней ужо былі судзімыя і прызнаныя «Міжнароднай амністыяй» вязнямі сумлення.

Арыштаваны ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч з 16 красавіка трымае галадоўку пратэсту ў СІЗА ГУУС Менгарвыканкама. Заўтра спаўняецца месяц са дня ягонай галадоўкі. Адвакат Павел Сапелка заяўляе, што стан здароўя Аўтуховіча значна пагоршыўся.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках