25 лiстапада 2024, панядзелак, 16:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Freedom House»: У Беларусі менш свабоды слова, чым у Зімбабвэ і Іране

6

Нягледзячы на з'яўленне ў кіёсках двух незалежных газетаў, па ўзроўні свабоды слова Беларусь на 188 месцы ў свеце.

188-е месца са 195 займае Беларусь у Індэксе свабоды слова за 2009 год, складзеным амерыканскім даследчым цэнтрам «Freedom House».

Ужо шмат гадоў Беларусь знаходзіцца ў катэгорыі несвабодных краінаў – такіх, дзе, па ацэнках «Freedom House», свабодныя СМІ ці адсутнічаюць наогул, ці прысутнічаюць у нязначнай колькасці. У мінулым годзе Беларусь была на тым жа 188 месцы, а ў пазамінулым на 186-м, нагадвае «Радыё Свабода».

«Мы не назіралі істотных зменаў, якія палепшылі б сітуацыю са свабодай слова ў краіне. Фактычна за пяць гадоў, калі назіраць за сітуацыяй у гэтым рэгіёне, Беларусь – адна з тых краінаў, дзе самае найбольшае паніжэнне ўзроўня свабоды слова і вельмі, вельмі неспрыяльнае асяроддзе для свабоды СМІ», -- заявіў кіраўнік «Freedom House» Крыстафер Уолкер.

У справаздачы даследаваная сітуацыя ў 195 краінах свету. Паводле «Freedom House», 64 з іх маюць статус несвабодных па індэксе свабоды слова. У васьмёрку з самымі нізкімі адзнакамі патрапілі Беларусь (188), Узбекістан (189), Куба (190), Эрытрэя (191), Лівія (192), Бірма (193), Туркменістан (194) і Паўночная Карэя (195), якая замыкае спіс. Вышэй за Беларусь ацэнку атрымалі Экватарыяльная Гвінея (187), Зімбабвэ (186), Іран (182) і іншыя краіны.

Першае месца ў свеце ў рэйтынгу свабоды слова займае Ісландыя, за ёй ідуць Фінляндыя і Нарвегія. Суседнія з Беларуссю Літва знаходзіцца на 18 месцы, Латвія на 23-м, Польшча на 24-м месцы, у гэтых краінах СМІ прызнаныя свабоднымі, суседняя Украіна – на 55-м месцы – у катэгорыі часткова свабодных. Расея, як і Беларусь, мае статут несвабоднай краіны і знаходзіцца на 174 месцы. Дарэчы, у 2003 годзе Расея яшчэ была ў спісе «часткова свабодных», з тых часоў назіраецца паніжэнне яе рэйтынгу.

«Freedom House» адзначае негатыўны ўплыў сусветнага фінансавага крызісу на свабоду медыя. Але, калі ў свабодных краінах гэта прывяло да скарачэння фінансавання СМІ, дык у краінах з дэспатычнымі ўрадамі крызіс даў новыя інструманты для павелічэння кантролю ўладаў над СМІ.

Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец не лічыць высновы «Freedom House» нечаканымі, таму што Беларусь штогод патрапляе пад крытыку міжнародных праваабарончых арганізацыяў:

«Нават тыя крокі, якія былі зробленыя ў канцы мінулага годы, — вяртанне ў сістэму распаўсюду выданняў «Народная воля» і «Наша Ніва» і некаторыя пазітыўныя моманты, звязаныя з выкарыстанне новага закона аб СМІ, - хутчэй сведчаць пра некаторыя паказальныя моманты, а не пра сістэмныя крокі, якія на самой справе могуць змяніць сітуацыю. І калі мы чытаем рэкамендацыі Еўрапейскага парламента Беларусі ў галіне сродкаў масавай інфармацыі, мы бачым, што ніводная рэкамендацыя не выконваецца, нягледзячы на тое, што ў нас нібыта адбываецца дыялог з Еўропай.

Калі лічыць грамадска-палітычныя выданні, дык у нас і трох дзясяткаў не набярэцца. І амаль палова выкінутыя з сістэмы распаўсюду. І некаторыя нават не могуць друкавацца ў Беларусі. Па-другое – праблема з рэгістрацыяй замежных карэспандэнтаў і іх дзейнасць у Беларусі. У апошні час мы назіраем толькі ўзмацненне ціску на іх. На працягу апошніх двух месяцаў большасць незалежных выданняў, якія зноў звярнуліся да «Белпошты» і «Саюздрука», каб іх вярнулі ў сістэму распаўсюду, падпіску і кіёскі, атрымалі амаль пад капірку адныя адмовы», -- паведаміў Андрэй Бастунец.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках