25 лiстапада 2024, панядзелак, 12:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У праваабаронцаў не прынялі перадачу для Мікалая Аўтуховіча

20 траўня праваабаронцы Уладзімір Лабковіч і Валянцін Стэфановіч наведалі Рэспубліканскую бальніцу МУС, каб зрабіць перадачу для Мікалая Аўтуховіча.

Але адміністрацыя гэтай установы вырашыла не перадаваць зняволенаму, які галадае ўжо 35 дзён і ў якога сур’ёзныя праблемы з печанню, нават ваду, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

«Па просьбе Мікалая Аўтуховіча мы сабралі перадачу – ваду, медыкаменты для падтрымання печані, зубную пасту – і наведалі бальніцу МУС, дзе ён зараз знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане. Супрацоўнік гэтай установы адмовіўся прымаць нашу перадачу, спаслаўшыся на тое, што мы не блізкія сваякі Аўтуховіча. Тады я наведаў кабінет начальніка спецчасткі, капітана міліцыі. Ён таксама ў катэгарычнай форме адмовіў нам», - кажа Ўладзімір Лабковіч.

Між тым, праваабаронцы сцвярджаюць, што адмова гэтая абсалютна беспадстаўная, паколькі ні закон, ні інструкцыі МУС не прадугледжваюць абмежаванняў сярод асобаў, якія могуць рабіць перадачы.

«Адмовіўшы нам у перадачы, капітан і сам прызнаў, што гэтае ягонае рашэнне не з’яўляецца законным. Але ў яго знайшоўся яшчэ адзін аргумент - абсалютна дзіцячы і смешны: гэтаю вадою мы хочам атруціць Аўтуховіча. І таму ён, выключна абараняючы жыццё Аўтуховіча, вырашыў гэтую ваду яму не перадаваць», - зазначае Ўладзімір Лабковіч.

Паводле праваабаронцаў, дадзеная сітуацыя паказвае ўвесь цынізм уладаў, якія на пустым месцы спрабуюць абмежаваць чалавека, зрабіць умовы яго зняволення яшчэ больш невыноснымі.

«Нажаль, гэта сведчыць пра тое, што нашая сістэма, у дачыненні да ўсіх грамадзянаў, якія трапляюць за краты, скіраваная на прыніжэнне, дыскрымінацыю, знішчэнне іх як асобаў. І асабліва яскрава гэта праяўляецца падчас такіх гучных справаў, як справа Мікалая Аўтуховіча, што атрымала вялікі грамадскі рэзананс. Хутчэй за ўсё, мы звернемся ў пракуратуру, таму што, безумоўна, дзеянні адміністрацыі гэтай установы абсалютна не грунтуюцца на заканадаўстве. Тым больш, што і самі яны гэтага не адмаўляюць. Дадзеныя абмежаванні скіраваныя, у першую чаргу, на дыскрымінацыю асобы сп. Аўтуховіча», - кажа Ўладзімір Лабковіч.

Нагадаем, арыштаваны ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч галадуе з 16 красавіка – ужо 34 дні. Вязень пратэстуе супроць крымінальнага перасьледу і таго, што ягоная справа фактычна не вядзецца. Мікалай Аўтуховіч патрабуе альбо накіраваць справу ў суд, альбо вызваліць яго пад падпіску аб нявыезьдзе. Таксама палітвязень патрабуе вызваліць Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенку, якія праходзяць па адной зь ім справе.

Нядаўна стала вядома, што следства па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў падоўжылі да 3 чэрвеня. За чатыры месяцы сваякам палітвязняў дагэтуль не дазволілі ніводнага спаткання.

Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі зняволенымі, звяртаючы ўвагу на тое, што М.Аўтуховіч і Ю.Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя вязьнямі сумлення.

Учора Мікалая Аўтуховіча перавялі з менскага СІЗА №1, дзе ён утрымліваўся дагэтуль, у Рэспубліканскі шпіталь Дэпартамента выканання пакаранняў МУС - аднак, нягледзячы на сур’ёзныя праблемы з печанню, яго зноў накіроўваюць у следчы ізалятар.

Паводле адваката палітвязьня Паўла Сапелкі, «Мікалай Аўтуховіч моцна схуднеў і выглядае вельмі слабым».

«Падчас маёй сустрэчы з Мікалаем Аўтуховічам яму паведамілі пра тое, што ён пераводзіцца ў Рэспубліканскі шпіталь Дэпартамента выканання пакаранняў МУС. Гэта азначае, што стан яго здароўя пагоршыўся да той ступені, якая робіць немагчымым яго ўтрыманне ў следчым ізалятары, нават ва ўмовах санчасткі, - заявіў Павал Сапелка 19 траўня.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках