25 лiстапада 2024, панядзелак, 11:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцы настойваюць на вызваленні Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі

22 траўня беларускія праваабарончыя арганізацыі выступілі з заявай, у якой заклікаюць беларускія ўлады неадкладна вызваліць палітвязняў.

Пад гэтай заявай падпісаліся віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) Алесь Бяляцкі, старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак, старшыня юрыдычнай камісіі БХК Гары Паганяйла і праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

«Праваабаронцы занепакоеныя парушэннем правоў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі, змешчаных пад варту ў межах расследавання крымінальнай справы, узбуджанай па фактах іх магчымага ўдзелу ў падпалах хатаў, здзейсненых у Ваўкавыску яшчэ ў 2004 годзе», - цытуе заяву сайт spring96.org.

Праваабаронцы звяртаюць увагу на тое, што тэрміны папярэдняга расследавання празмерна зацягваюцца.

«Прадпрымальнікі знаходзяцца ў следчым ізалятары з пачатку лютага 2009 года па абвінавачванні ў падпале, і з таго часу следства неаднаразова падаўжалася, апошні раз – да 3 чэрвеня. Пры гэтым следчыя дзеянні з удзелам абвінавачваных практычна не вядуцца. Пры такіх акалічнасцях абгрунтаванасць іх знаходжання пад вартай не апраўданая», - даводзяць юрысты.

Заяўнікаў хвалюе стан здароўя Мікалая Аўтуховіча, які пагоршыўся ў выніку галадоўкі, якая доўжыцца вось ужо 36 дзён. Пры гэтым адміністрацыя Рэспубліканскага шпіталя МУС, куды быў змешчаны Аўтуховіч, незаконна адмаўляе яму ў прыёме перадачаў, у тым ліку і вады.

«З улікам гэтых акалічнасцяў праваабаронцы заклікаюць органы папярэдняга расследавання змяніць меру стрымання абвінавачваным і вызваліць іх з-пад варты. Акрамя таго, выклікае заклапочанасць тое, што адвакатам забаронена выдаваць інфармацыю аб ходзе справы, у тым ліку пра парушэнні правоў абвінавачваных падчас расследаванняў, што істотна абмяжоўвае магчымасці абароны. Не выключаецца, што ў справе маюцца істотныя парушэнні працэсуальных правоў абвінавачваных, адсутнічаюць рэальныя прававыя падставы для далейшага іх утрымання пад вартай, якія выклікалі пратэстную галадоўку», - сцвярджаюць прадстаўнікі прававой абароны.

Яны нагадваюць, што неабходны ўзровень празрыстасці расследавання, і адкрыты судовы разгляд з'яўляюцца важнымі гарантыямі забеспячэння абароны правоў абвінавачваных, і патрабуюць, каб праваахоўныя органы і суд у межах дзейснага заканадаўства забяспечылі дэмакратычныя прынцыпы судавытворчасці, галоснасці ў справе, якая выклікала вялікі грамадскі рэзананс.

Нагадаем, ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага і змешчаныя ў менскае СІЗА №1.

У знак пратэсту супраць крымінальнага пераследу і таго, што яго справа фактычна не вядзецца, 16 красавіка Мікалай Аўтуховіч абвясціў бестэрміновую галадоўку. Палітвязень патрабуе накіраваць справу ў суд альбо вызваліць яго пад падпіску аб невыяздзе, а таксама вызваліць Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенку, якія праходзяць па адной з ім справе. Аўтуховіч галадае ўжо 37-ы дзень, і яго жыццё знаходзіцца ў сур'ёзнай небяспецы.

Нядаўна стала вядома, што следства па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў падоўжылі да 3 чэрвеня. За чатыры месяцы сваякам палітвязняў дагэтуль не дазволілі ніводнага спаткання.

Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі зняволенымі, звяртаючы ўвагу на тое, што Мікалай Аўтуховіч і Юры Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя міжнародным грамадствам вязнямі сумлення.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках