25 лiстапада 2024, панядзелак, 8:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Незалежная газета»: Крызісу ў Беларусі загадалі скончыцца

15

Сяргей Сідорскі на паседжанні ўрада заявіў, што эканоміка краіны ўжо дасягнула дна і далей яе чакае рост. Эксперты з такой ацэнкай не згодныя.

«Вынікі развіцця эканомікі Беларусі за 4 і 5 месяцаў надаюць упэўненасць, што падзенне зафіксавана і ў далейшым будзе рост», - сказаў Сяргей Сідорскі. Аптымізм кіраўніку беларускага ўрада надае тое, што ВУП за чатыры месяцы вырас на 1,2% супраць роста на 1,1% па выніках квартала, піша «Независимая газета».

Таксама «ажыўленне» намецілася і на складах прамысловых прадпрыемстваў, дзе з сакавіка прадукцыя назапашваецца ўжо не так імкліва. «Калі за сакавік запасы ўзраслі амаль на 450 мільярдаў беларускіх рублёў, дык за красавік - усяго на 191 мільярд», - паведаміў на паседжанні ўрада віцэ-прэм'ер Андрэй Кабякоў. Праўда, у красавіку на складах усё роўна засталося 93% сярэднемесячнага аб'ёму вытворчасці. Дарэчы, эксперты адзначаюць, што сакрэт росту беларускага ВУП, які, на думку Кабякова, вырасце за шэсць месяцаў на 6%, наўпрост звязаны з павелічэннем складскіх запасаў.

«Пакуль беларускія прадпрыемствы вырабляюць прадукцыю за кошт крэдытаў, яны вымываюць абаротны капітал, але нарошчваюць ВУП», - пракаментаваў «Незалежнай газеце» сакрэт росту эканаміст, кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка. У той жа час «ВУП у цяперашні час нічога не значыць», лічыць эксперт.

Заявы ўрада пра тое, што мы дасягнулі дна і далей варта чакаць росту, Заіка лічыць несур'ёзнымі. «Трэнды толькі пачалі складвацца. Падзенне аб'ёмаў вытворчасці, якое маецца, абсалютна нязначнае, у той час як казаць пра заканчэнне крызісу можна будзе пасля іх зніжэння на 25-30%. Пацверджанне таму - сітуацыя на рынках суседніх краінаў - Расеі і Беларусі», - сцвярджае эксперт. Няма, на яго думку, «пробліскаў і на знешніх рынках збыту».

Мясцовыя назіральнікі адзначаюць, што дзеянні ўрада ў корані адрозніваюцца ад запэўніванняў на словах. У прыватнасці, эканамічна актыўную грамадскасць узбударажыла заява віцэ-прэм'ера Уладзіміра Сямашкі пра тое, што ўжо з 1 чэрвеня гаспадарчых суб'ектаў чакае падатковая рэформа. Падаючыся як дабро, рэальна яна пагоршыць становішча насельніцтва і прадпрыемстваў, сцвярджаюць эксперты. Так, намер урада падвысіць стаўку ПДВ з цяперашніх 18% да 22%, на думку Заікі, кажа пра імкненне любым коштам напоўніць бюджэт. Зніжэнне пры гэтым стаўкі падатку на прыбытак на 4% практычна не будзе мець ніякіх наступстваў, бо прыбытак сёння мала ў каго ёсць, сцвярджае эксперт. Ідэю падатковай рэформы ў сярэдзіне фінансавага года Заіка назваў «шараханнем», якое кажа пра тое, што «грошай няма».

Усе праблемы беларускай эканомікі яскрава адчуваюцца на валютным рынку. На мінулым тыдні шматлікія прадпрыемствы перажылі шок, атрымаўшы адмову ў банку на набыццё валюты пад свае кантракты. Банкі, у сваю чаргу, спасылаліся на вусную забарону Нацбанка набываць валюту на біржы. На думку галоўнага банка краіны, камерцыйным банкам варта актыўней працаваць з насельніцтвам і задзейнічаць свае рэсурсы, а не ўзмацняць ціск на валютны рынак, закупляючы валюту на біржы.

Вынікі ўчорашняга гандлю на біржы паказалі, што Нацбанк адмяніў сваё распараджэнне. Валюту можна было набыць, але попыт у 5 разоў перавысіў прапанову, а гэта значыць, што Нацбанку прыйшлося ў чарговы раз «залезці» у золатавалютны рэзерв. Адначасова з гэтым напалоханае насельніцтва таксама кінулася набываць валюту. У выніку сёння ў беларускіх банках унікальная сітуацыя: розніцы паміж коштам продажу і куплі даляра няма. Відавочна, што калі б не высілкі Нацбанка, дык беларуская валюта ўжо імкліва абясцэньвалася б, а ўзровень жыцця насельніцтва зніжаўся.

«Сёння валютная пазіцыя дзяржавы вельмі слабая. Не можа быць сітуацыя бліскучай у валютнай сферы, калі такі дэфіцыт у гандлі. Калі экспарт знізіўся напалову, дык адпаведна і валютная выручка знізілася», - разважае Заіка. На яго думку, валютны рынак Беларусі «ідзе да дэвальвацыі», якая да канца года можа скласці 30%. Пры гэтым прыбыткі насельніцтва знізяцца да 150-200 дал. у месяц.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках