25 лiстапада 2024, панядзелак, 7:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юры Хадыка: «Галадоўка Мікалая Аўтуховіча падышла да небяспечнай рысы»

5

Палітвязень з Ваўкавыска Мікалай Аўтуховіч трымае бестэрміновую галадоўку з 16 красавіка.

Лідэр прадпрымальнікаў знаходзіцца ў СІЗА №1 ГУУС Менгарвыканкама з лютага гэтага года. Менавіта ў гэтым ізалятары 13 гадоў таму 25 дзён галадаў намеснік старшыні партыі «БНФ» Юры Хадыка.

Вось як ён пракаментаваў тэрмін галадання прадпрымальніка, які ў свой час быў прызнаны Міжнароднай амністыяй вязнем сумлення.

«Мяне пасадзілі ў 1996 годзе нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў, хаця мы ўсё рабілі з Генадзем Карпенкам, каб гэтых самых беспарадкаў пазбегнуць, -- узгадвае ў інтэрв'ю «Беларускаму партызану» Юры Хадыка. -- Таму, бачачы абуральную несправядлівасць, я і абвясціў галадоўку. Павінен сказаць, што зараз Аўтуховіч праходзіць вельмі небяспечную фазу. Асабіста ў мяне пасля трох тыдняў галадоўкі пачаў падаць ціск, і мяне сталі ўвесь час цягаць да доктара. Быў скліканы нават медыцынскі кансіліюм».

Юры Хадыка выказвае надзею, што Мікалай Аўтуховіч вытрымае галадоўку.

«Вельмі спадзяюся, што Мікалай выконвае неабходныя правілы пры такой доўгай галадоўцы. У дзень трэба выпіваць не менш за 2 літры вады. Прычым, трэба часта ўжываць не проста ваду, а кіпень. Акрамя таго, трэба рэгулярна рабіць клізму, каб арганізм не перагружаўся шлакамі. Наогул, у замкнёнай прасторы галадоўка пераносіцца нашмат цяжэй, чым на волі. Жадаю Мікалаю Аўтуховічу мужнасці і трываласці ў яго цяперашняй галадоўцы», -- кажа Юры Хадыка.

Нагадаем, што стан Аўтуховіча, які галадае, пагоршыўся яшчэ 29 красавіка, і ён быў пераведзены ў медыцынскую частку СІЗА. Як паведаміў тады адвакат арыштаванага прадпрымальніка Павал Сапелка, «ніякай рэакцыі на гэтую галадоўку з боку ўладаў, міліцыі, следства, пракуратуры пакуль няма». Адвакат напісаў прашэнне на імя кіраўніцтва СІЗА з просьбай даць магчымасць перадаваць Аўтуховічу крынічную ваду, але гэтае прашэнне не задаволілі.

Раней, знаходзячыся пад вартай, Аўтуховіч ужо праводзіў некалькі галадовак, у тым ліку – сухую. Самая вялікая галадоўка Аўтуховіча доўжылася больш за 70 дзён. Гэта было ў 2005 годзе.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках