25 лiстапада 2024, панядзелак, 20:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У офісе Партыі БНФ, дзе праходзіць акцыя салідарнасці, адключылі ваду

Зраніцы актывісты «Маладога Фронту», якія праводзяць на Управе Партыі БНФ бестэрміновую галадоўку салідарнасці з палітвязнем Мікалаем Аўтуховічам, высветлілі, што ў будынку раптам адключылі ваду.

Супрацоўнік ЖЭСа, да якога галадаючыя звярнуліся за тлумачэннямі, паведаміў, што «было вырашана правесці прафілактычныя працы», аднак паабяцаў, што заўтра вада будзе падключаная ізноў, піша сайт mfront.net.

«Я лічу, што нечаканае адключэнне вады звязана з галадоўкай - гэта спроба пагоршыць умовы галадаючым. Але бязглузда думаць, што адключэнне вады нейкім чынам паўплывае на нашае рашэнне трымаць бестэрміновую галадоўку», - каментуе ўдзельнік галадоўкі Мікола Дземідзенка.

Нагадаем, 8 лютага ў Ваўкавыску былі арыштаваныя прадпрымальнікі Юры Лявонаў, Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка, якім пазней было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 218 УК РБ (наўмыснае знішчэнне ці пашкоджанне маёмасці). На працягу трох месяцаў знаходжання пад вартай з Аўтуховічам, Лявонавым і Асіпенкам не праводзілася ніякіх следчых дзеянняў.

У знак пратэсту супраць беззаконня і самаўпраўнасці следчых органаў Мікалай Аўтуховіч абвясціў галадоўку. Патрабуючы свайго вызвалення і вызвалення сваіх паплечнікаў – Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі, ён галадае ўжо 21-я суткі.

4 траўня палітычныя і грамадскія дзеячы абвясцілі пра бестэрміновую галадоўку салідарнасці з Мікалаем Аўтуховічам. Актывісты Наста Палажанка, Мікола Дземідзенка, Андрэй Цянюта, Арцём Дубскі, Яўген Скрабец, Глеб Сноркін і Ірына Губская галадаюць бестэрмінова і знаходзяцца ў будынку Управы Партыі БНФ.

Таксама ў галадоўцы салідарнасці па месцы жыхарства прымаюць удзел Аляксандр Казулін, Андрэй Кім, Мікалай Статкевіч, Сяргей Скрабец, Лявон Баршчэўскі, Міхаіл Марыніч, Сяргей Парсюкевіч, Аляксандр Макаеў, Сяргей Анташэнкаў, Ігар Кісель, Алег Алкаеў, Марыяна Груздзіловіч, Зміцер Бутэнка і іншыя вядомыя ў Беларусі людзі.

Да галадоўкі далучыліся таксама беларусы за мяжой.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках