25 лiстапада 2024, панядзелак, 8:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіраўнік МЗС Чэхіі Карэл Шварцэнбэрг сустрэўся зь беларускімі палітыкамі

2

У Празе адбылася сустрэча міністра замежных спраў Чэхіі з старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай і экс-кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандрам Казуліным, Аляксандрам Мілінкевічам, Зянонам Пазьняком і Станіславам Шушкевічам.

Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Чэхіі, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, прымаў беларускіх палітыкаў перад пачаткам саміту «Ўсходняга партнэрства» ў Празе. На сустрэчы абмяркоўваліся прапановы прадстаўнікоў беларускага грамадзтва ў дачыненьні да гэтай праграмы, паведаміла «Радыё Свабода».

На прэсавай канфэрэнцыі па выніках сустрэчы Карэл Шварцэнбэрг сказаў, што для яго вялікі гонар -- вітаць прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай апазыцыі. «Беларусь ня толькі з геаграфічных прычынаў нам вельмі блізкая. У Чэскай Рэспубліцы шмат беларусаў. Для мяне вельмі важна, што мы абмяркоўвалі канкрэтныя крокі па падтрымцы беларускай культуры і грамадзянскай супольнасьці», -- сказаў міністар.

Карэл Шварцэнбэрг таксама патлумачыў той факт, што шэраг лідэраў краінаў Эўразьвязу не жадалі бачыць Аляксандра Лукашэнку на саміце, у той час, як, напрыклад, кіраўнік Азэрбайджану, дзе таксама парушаюцца правы чалавека, на саміце будзе: «Чым бліжэй краіна да Эўрапейскага зьвязу, тым больш крытычна мы на гэтую краіну глядзім. У свой час мы вельмі крытычна ставіліся да Балканаў, а цяпер Беларусь і Ўкраіна застаюцца найбліжэйшымі да нас».

Кіраўнік арганізацыі «Грамадзянская Беларусь», былы дысыдэнт і міністар Ян Румл нагадаў пра палітычных зьняволеных, якія цяпер ёсьць у Беларусі, акцэнтаваўшы ўвагу на галадоўцы Мікалая Аўтуховіча.

Ацэньваючы вынікі сустрэчы, Івонка Сурвіла адзначыла, што «прынцыпова важна, каб Беларусь увайшла ў праграму «Усходняга партнэрства» на нармальных умовах, а не другараднай краінай».

На думку Аляксандра Мілінкевіча, «сёньня гістарычны дзень. Пасьля доўгіх гадоў адсутнасьці ў Эўраінтэграцыі мы робім першы крок, каб аднавіць сваё месца ў эўрапейскай сям'і».

Зянон Пазьняк адзначыў даўнія традыцыі беларуска-чэскіх культурных сувязяў, нагадаўшы, што менавіта ў Празе Францыск Скарына надрукаваў першыя беларускія кнігі. «Рэжым Лукашэнкі вельмі жорсткі ў адносінах да свайго народу, да сваёй культуры і да мовы, таму на гэтых тэмах была акцэнтацыя падчас гутаркі».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках