25 лiстапада 2024, панядзелак, 10:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Максім Вінярскі: «У калідоры РУУС супрацоўнік АМАПа некалькі разоў ударыў дзяўчыну»

5

Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі быў затрыманы з іншымі ўдзельнікамі мірнай акцыі ў памяць аб зніклых палітыках.

«Я разам з іншымі ўдзельнікамі акцыі ішоў ад Кастрычніцкай плошчы ў бок плошчы Перамогі, -- распавёў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 аб сваім затрыманні Максім Вінярскі. -- Побач з намі ішло каля 10 супрацоўнікаў АМАПа ў цывільным. Прыкладна на паўдарогі мяне паспрабавалі затрымаць. Але ўзняўся крык, і яны адступілі. Аднак неўзабаве пад'ехала зялёная газэль, адкуль выскачылі яшчэ некалькі амапаўцаў. Нас пачалі «пакаваць». У прамым сэнсе слова «складалі» у газэль. Мяне паклалі паміж двума сядзеннямі, а зверху – паклалі яшчэ двух чалавек. Мы былі зваленыя ў адну кучу. Нас павезлі ў Цэнтральны РУУС. Па дарозе амапаўцы пагражалі, крычалі: «Прыгні галаву!», «Не размаўляць!». У РУУС нас сталі па адным заводзіць у актавую залу, дзе ў кожнага забіралі сотавы тэлефон. Пасля таго, як я пацікавіўся, навошта ім мой тэлефон, мне заламалі рукі, і сілай вырвалі сотавы».

Па словах Вінярскага, затрыманых актывістаў апазіцыі збівалі.

«У калідоры супрацоўнік АМАПа некалькі разоў ударыў дзяўчыну. Ён парваў ёй куртку і «павадзіў» па сцяне. Кожнага з нас апавясцілі аб адказнасці ў нейкіх несанкцыянаваных масавых акцыях 8-10 траўня. Нам забаранялі размаўляць і нават глядзець па баках, таму я бачыў толькі каля 20 затрыманых. Але, як распавядалі іншыя, іх было нашмат больш».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках