25 лiстапада 2024, панядзелак, 6:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітвязень Аўтуховіч на мяжы жыцця і смерці: ён галадае 56 дзён

21

Улады не рэагуюць на галадоўку арыштаванага прадпрымальніка, хоць ён страціў ужо больш за 25 кілаграмаў вагі.

9 чэрвеня адвакат Павал Сапелка прыняў удзел у следчым эксперыменце з удзелам Мікалая Аўтуховіча. З кім канкрэтна адбывалася вочная стаўка палітвязня невядома. Гэтая інфармацыя падпадае пад «таямніцу следства». Аднак звычайна такія стаўкі ладзяць з іншымі фігурантамі справы.

Пра стан здароўя Мікалая Аўтуховіча на 56-ы дзень галадоўкі адвакат паведаміў «Радыё Свабода» наступнае: «Пакуль ходзіць. Ва ўсялякім выпадку, у кабінет следчага прыйшоў сам. Але выглядае вельмі стомленым і саслабленым. Зараз яшчэ ўзнікла праблема – яму неабходная дапамога стаматолага».

Што датычыць страты вагі падчас галадоўкі, дык, паводле словаў Аўтуховіча, па апошняй інфармацыі Мікалай Аўтуховіч схуднеў на 25 кілаграмаў. Аднак, улічваючы, што з таго часу, як пра гэта стала вядома, прайшоў тыдзень, страта вагі можа быць большай.

Адвакат плануе зноў убачыцца з Мікалаем Аўтуховічам у канцы гэтага тыдня. Будуць рабіцца нейкія следчыя дзеянні, ці ён проста наведае свайго падабароннага – Сапелка не ўдакладніў. Паводле яго словаў, палітвязня па-ранейшаму трымаюць у медыцынскай частцы ізалятара.

Учора Павал Сапелка таксама накіраваў у пракуратуру Беларусі скаргу на дзеянні следчага Віталя Кухарэнкі, які вядзе справу Мікалая Аўтуховіча. На што канкрэтна ён скардзіўся, адвакат не ўдакладніў, зноў спаслаўшыся на таямніцу следства.

Лідэры прадпрымальнікаў з Ваўкавыска Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага 2009 года. 18 лютага ім было прад'яўлена абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне ці пашкоджанне маёмасці). Праваабаронцы лічаць затрыманых палітвязнямі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай грамадскасцю вязнямі сумлення.

Мікалай Аўтуховіч галадае ў турме з 16 красавіка, патрабуючы правядзення суду ці спынення крымінальнай справы.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках