25 лiстапада 2024, панядзелак, 19:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Суд над праваабаронцам Леанідам Свецікам праходзіць у зачыненым рэжыме

2

10 чэрвеня падчас першага судовага паседжання суддзя выдаліла з залы журналістаў і сведак праваабаронцы.

Вынікам першага дня працэсу над віцебскім праваабаронцам Леанідам Свецікам стала яго заява суду з просьбай патлумачыць сутнасць прад'яўленых пракурорам Сяргеем Селіханавым абвінавачванняў. Як падкрэсліў Л.Свецік, з іх цалкам не зразумела, хто, калі, як і навошта пісаў і рассылаў лісты з пагрозамі ад імя незарэгістраванай прафашысцкай арганізацыі РНА.

Адвакат абвінавачванага Павал Сапелка пракаментаваў гэтую заяву наступным чынам:

«Калі абвінавачваны не зразумеў абвінавачванне, значыць орган, які вёў крымінальны працэс у перыяд папярэдняга следства, не сфармуляваў пастанову аб прыцягненні ў якасці абвінавачванага такім чынам, каб даць адказ на пытанні, якія прагучалі сёння ад майго падабароннага», - паведаміў ён «Беларускаму партызану».

Перад пачаткам працэсу Павал Сапелка заявіў, што іх з падабаронным задача - зняць усе высунутыя абвінавачванні і дамагчыся апраўдання.

Леанід Свецік па шляху ў залу суда сказаў:

«Настрой у мяне баявы. Я іду ў суд, каб выявіць ісціну ў гэтай справе. Хачу дамагчыся апраўдальнага прысуду. Астатняе ад мяне не залежыць».

Першае паседжанне пачалося з таго, што сакратар запрасіла ў залу толькі пацярпелых і іншых непасрэдных удзельнікаў працэсу. Больш за пяць дзясяткаў чалавек, якія збіраліся прысутнічаць на паседжанні, у здзіўленні стоўпіліся перад дзвярыма.

Суддзя Галіна Урбановіч прачытала спіс сведак, якіх набралася каля трох дзясяткаў. Некаторыя са здзіўленнем пачулі і свае прозвішчы. У спіс сведак з боку абвінавачвання ўключылі журналістаў, якія ў недзяржаўных СМІ асвятлялі праблему з лістамі ад імя арганізацыі «Рускае нацыянальнае адзінства», старшыню Саюза беларускіх габрэйскіх грамадскіх аб'яднанняў і супольнасцяў Леаніда Левіна, які чытаў некаторыя лісты, праваабаронцу Паўла Лявінава, адрас якога быў пазначаны на асобных канвертах з абрэвіятурай РНА. Нягледзячы на пратэсты праваабаронцы і аднаго з журналістаў, абвешчаных сведкамі з залы выдалілі.

Адзін з тых, хто атрымліваў лісты, але адмовіўся прызнаць сябе пацярпелым - сябра КХП БНФ Сяргей Каваленка, перад тым як пакінуць паседжанне, разгарнуў плакат «КДБ - фашысты».

Таксама суддзя не дазволіла весці здымку на тэле- і фотакамеры.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначыў: «Для праваабаронцы няма большага абвінавачвання, чым абвінавачванне ў распальванні нацыянальнай варожасці, у расізме і г.д. Таму лічу, што гэтая справа накіраваная на падобную дыскрэдытацыю».

Сёння паседжанне па справе праваабаронцы Леаніда Свеціка будзе працягнутае.

Нагадаем, што ў 2006-2007 гадах Леанід Свецік кансультаваў віцебскіх актывістаў, якія атрымлівалі лісты з пагрозамі ад імя незарэгістраванай прафашысцкай арганізацыі «Рускае нацыянальнае адзінства», дапамагаў складаць скаргі ў пракуратуру.

Крымінальная справа па фактах пагрозаў з боку РНА была ўзбуджаная УКДБ па Віцебскай вобласці па арт. 130.1 КК толькі 20 траўня 2008 года. Леанід Свецік быў згаданы спачатку ў якасці сведкі па справе, аднак пазней яму паведамілі, што ён з'яўляецца ўжо падазраваным. У верасні 2008 года крымінальная справа супраць Леаніда Свеціка была прыпыненая, а 31 сакавіка 2009 года праваабаронцу было прад'яўленае абвінавачванне адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці (арт.130 Крымінальнага кодэкса) і паклёп у дачыненні да прэзідэнта Беларусі (арт. 367 Крымінальнага кодэкса). У праваабаронцы ўзятая падпіска аб нявыездзе. Сваёй віны Леанід Свецік не прызнае і лічыць, што такім чынам яму помсцяць за праваабарончую дзейнасць.

У пачатку красавіка міжнародны фонд па абароне праваабаронцаў «Front Line» накіраваў ліст Аляксандру Лукашэнку з патрабаваннем спыніць крымінальны пераслед праваабаронцы Леаніда Свеціка.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках