25 лiстапада 2024, панядзелак, 18:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Заўтра ў менскіх крамах не будуць прадаваць спіртное

11

Прынятае рашэнне аб абмежаванні продажу спіртнога ў Менску ў сувязі з правядзеннем выпускных вечароў у школах, гімназіях і ліцэях.

"12 чэрвеня ў Менску, калі пройдуць выпускныя вечары, будзе абмежаваны гандаль спіртнымі напоямі і півам. Гэтае абмежаванне датычыцца толькі гандлёвых кропак, якія ажыццяўляюць рэалізацыю спіртнога на вынас. Рэстараны, бары і кафетэрыі будуць працаваць у звычайным рэжыме", - паведамілі агенцтву "Інтэрфакс-Захад" у ГУУС Менска.

"Дадзеныя меры накіраваныя на недапушчэнне распівання спіртнога і здзяйсненне супрацьпраўных дзеянняў у алкагольным стане", - растлумачылі ў ГУУС.

"Менавіта ўжыванне алкаголю неакрэплым юным арганізмам становіцца прычынай непрыемных інцыдэнтаў, якія могуць сапсаваць уражанне аб гэтым светлым свяце на ўсё наступнае жыццё", - падкрэслілі ў ГУУС.

"Менская міліцыя заклікае выпускнікоў устрымацца ад ужывання спіртных напояў", - сказалі суразмоўцы агенцтва.

Яны таксама паведамілі, што 12 чэрвеня менская міліцыя будзе працаваць ва ўзмоцненым рэжыме.

Пачнуцца выпускныя вечары ў 20.00, а час заканчэння будуць вызначаць бацькоўскія камітэты, адміністрацыі школ і адміністрацыі раёнаў.

У Менску выпускныя вечары будуць праводзіцца ва ўстановах адукацыі, альбо на базе ўстановаў культуры. Падчас правядзення выпускных вечароў ва ўзмоцненым рэжыме будуць працаваць органы ўнутраных спраў, МНС і медыцынская служба. У вячэрні і начны час кантроль за парадкам будзе ўзмоцнены, адзначылі ў ГУУС.

У гэты году ў Менску будзе каля 15 тысяч выпускнікоў школ, ліцэяў і гімназій, усяго ў мерапрыемствах 12 чэрвеня прымуць удзел каля 40 тысяч выпускнікоў, іх бацькоў і педагогаў, удакладнілі ў ГУУС.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках