24 лiстапада 2024, Нядзеля, 22:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ірына Красоўская: «Людзей забівалі за іх палітычную пазіцыю»

32
Ірына Красоўская: «Людзей забівалі за іх палітычную пазіцыю»

Удава выкрадзенага грамадскага дзеяча каментуе скандальныя заявы Лукашэнкі адносна зніклых апазіцыянераў

«Калі камусьці яшчэ нешта незразумела ў справе з выкраданнямі і забойствамі ў Беларусі лідэраў апазіцыі і журналіста, хай пачытаюць даклад Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы , падрыхтаваны дэпутатам Хрыстасам Пургурыдзесам. Там ёсць уся інфармацыя: хто выкрадаў і забіваў і па чыім загадзе. Мой муж і ўсе астатнія апазіцыянеры былі забітыя выключна за сваю палітычную пазіцыю, і датычныя да гэтага чыноўнікі з найбліжэйшага асяроддзя Аляксандра Лукашэнкі.

Адносна ж выдумак беларускага дыктатара, дык хачу даць параду. У Лукашэнкі зараз з'явілася шмат сяброў на Захадзе. Калі гэтыя новыя сябры з Еўропы хочуць зрабіць нешта карыснае для Беларусі, дык хай знойдуць грошы на яго лячэнне ў якой-небудзь прыстойнай клініцы.

На працягу 10 гадоў мы неаднаразова чулі розныя версіі, і самыя жахлівыя з іх зыходзілі ад Лукашэнкі. Я не хачу марнаваць свае сілы, каб каментаваць словы чалавека, які не адасабляе фантазіі ад рэальнасці. Я не хачу марнаваць час, каб каментаваць словы чалавека, які спрабуе абразіць людзей, якіх ужо няма сярод жывых, і якія былі выкрадзеныя і забітыя толькі таму, што хацелі лепшага жыцця для людзей у Беларусі», -- заявіла ў інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 Ірына Красоўская, якая ўзначальвае зараз фонд «Мы памятаем».

Паводле словаў Ірыны Красоўскай, калі б былі выкананыя рэкамендацыі рэзалюцыі ПАРЕ аб правядзенні расследавання аб знікненнях палітыкаў у Беларусі, а таксама шматлікіх рэзалюцыяў АБСЕ, Камітэта па правах чалавека ААН, Працоўнай групы ААН па знікненнях, Камітэта па правах чалавека Міжпарламенцкай Асамблеі і іншых міжнародных арганізацыяў, калі б была прынятая прапанаваная ЗША дапамога ў расследаванні гэтых справаў - ёй сёння не прыйшлося б ў чарговы раз каментаваць відавочныя рэчы.

«І на простае пытанне, чаму гэтага не зроблена за 10 гадоў – ёсць просты адказ: праўда не патрэбная гэтай уладзе. Але праўда ёсць – яна і ў дакладзе Хрыстаса Пургурыдзеса, яна і ў рапарце генерала Лапаціка, яна і ў матэрыялах пастановы аб прыпыненні папярэдняга следства ад 20 студзеня 2002 года, напісанага следчым Чумачэнкам. Гэта рэальныя дакументы, напісаныя і падпісаныя афіцыйнымі людзьмі на падставе рэальных фактаў. Гэта не фантазіі, якія рана ці позна знікнуць, гэтыя дакументы – праўда пра тое, што адбылося 10 гадоў таму. Ёсць праўда – будзе і правасуддзе. У такіх злачынстваў няма тэрмінаў даўнасці», -- дадала ўдава выкрадзенага бізнэсмэна і грамадскага дзеяча.

Нагадаем, што ў апошнім інтэрв'ю расейскай газеце «Завтра» Аляксандр Лукашэнка заявіў, што выкрадзеныя лідэры апазіцыі сапраўды забітыя. Толькі не па яго загадзе, а, нібыта, «на камерцыйнай глебе».

«Загінулі тры чалавекі, а СМІ круцяць гэта дагэтуль. Лукашэнка іх забіў як супернікаў рэжыму. На самой справе, у двух выпадках — гэта забойства на камерцыйнай глебе, — абяцалі купіць, прадаць, не стрымалі абяцанне і былі забітыя, як гэта водзіцца ў напаўбандыцкім асяроддзі. След забойцаў нядаўна выяўлены ў Нямеччыне. Ці Дзмітры Завадскі з Першага канала. Які ён мне супернік, чалавек з сярэдняй адукацыяй.

Чаму я павінен быў яго знішчыць? Вы хочаце ведаць пра гэта праўду? Была ваенізаваная група ў Беларусі, узначаленая нейкім Ігнатовічам, вельмі падрыхтаваныя хлапцы са спецназу СССР. Яны паехалі ў Чачню падчас вайны і ваявалі на баку Масквы. Яны лазалі па скалах, сядзелі ў засадах, наводзілі страх на сепаратыстаў. Гэта была вельмі моцная, апорная група. Паваявалі і вярнуліся дадому. Прыязджаюць да іх Шарамет і Завадскі здымаць сюжэт для расейскага тэлебачання. У гэтым сюжэце было сказана, што вось гэтыя беларускія грамадзяне ваююць на баку чачэнскіх сепаратыстаў супраць федэральных войскаў. Узялі інтэрв'ю ў гэтага Ігнатовіча, а потым сказалі, што ён ваяваў супраць расейцаў. Шарамет выкруціўся, а Завадскага злавілі. Пачалі з мужчынскіх разборак: "Навошта ж ты нас абылгаў"? І забілі Завадскага. Ігнатовіч атрымаў пажыццёвае зняволенне і знаходзіцца ў нашай калоніі. Загінуў аператар, а гэты правакатар Шарамет сядзіць у Маскве і піша ўсялякія мярзоты пра Беларусь», - заявіў Лукашэнка.

У 1999-2000 гадах у Беларусі зніклі першы віцэ-спікер Вярхоўнага Савета Беларусі 13 склікання, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар, бізнэсмэн і грамадскі дзеяч Анатоль Красоўскі, экс-кіраўнік МУС, які пасля стаў апазіцыйным палітыкам, Юры Захаранка, аператар ГРТ Дзмітры Завадскі. Пра лёс гэтых людзей нічога не вядома.

Пра неабходнасць высветліць лёс зніклых беларускіх апазіцыянераў увесь час заяўляе міжнародная супольнасць. Патрабаванне раскрыць праўду пра іх знікненне ўтрымліваецца ў рэзалюцыях Камісіі ААН па правах чалавека, Парламенцкіх асамблей Рады Еўропы і АБСЕ.

Шэрагу высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, у прыватнасці экс-міністру ўнутраных справаў Уладзіміру Навумаву, былому сакратару Рады бяспекі Віктару Шэйману, былому кіраўніку МУС Юрыю Сівакову і экс-камандзіру САХРа Дзмітрыю Паўлічэнку забаронены ўезд у краіны Еўразвяза і ЗША з-за падазрэнняў іх датычнасці да выкраданняў апазіцыянераў.

Як раней адзначаў прэс-цэнтр Хартыі’97, у інтэрв'ю газеце «Завтра» Лукашэнка назваў Валерыя Ігнатовіча і яго банду «вельмі падрыхтаванымі хлапцамі з спецназа СССР». На самой справе Ігнатавіч з'яўляўся афіцэрам спецпадраздзялення «Алмаз» пры беларускім МУС. У групу Ігнатовіча таксама ўваходзіла яшчэ некалькі дзеючых і былых супрацоўнікаў «Алмаза» і іншых беларускіх спецпадраздзяленняў.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках