25 лiстапада 2024, панядзелак, 6:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін: «Хто як абзываецца, той так і называецца» (Відэа)

43

Прэм'ер-міністр РФ лічыць, што на беларускага кіраўніка крыўдзіцца не варта – у яго відавочны стрэс.

На паседжанні прэзідыўма ўрада РФ віцэ-прэм'ер Сяргей Сабянін заявіў, што беларускі бок «залішне палітызуе гэтае пытанне (паставак малака ў Расею - ІФ) і робіць вельмі некарэктныя заявы, што ў цэлым ускладняе вядзенне перамоваў», перадае «Интерфакс».

«Некарэктныя - гэта, вядома, кепска, але крыўдзіцца не трэба. Крызіс, стамляльнасць, стрэсы», - сказаў у адказ прэм'ер-міністр РФ Уладзімір Пуцін.

У той жа час ён адзначыў: «Нам самім трэба быць акуратней у выказваннях».

«Нават калі мы лічым, што мы маем рацыю, дык трэба ведаць, што мы кажам і дзе мы кажам, і праяўляць стрыманасць. Але і ў звычайным жыцці, і ў палітыцы крыўдзіцца - гэтае не самае лепшае развіццё падзеяў», - падкрэсліў прэм'ер.

«Я выхоўваўся на ленінградскай вуліцы, і ў нас у двары ў такіх выпадках казалі: «Хто як абзываецца, той так і называецца», - працягнуў У.Пуцін. - Але ў палітыцы наогул прынята кіравацца цалкам іншымі меркаваннямі. Тут трэба казаць пра інтэрасы нашых народаў, пра інтэрасах дзяржавы».

«Як бы тое ні было, мы з Беларуссю - гэта адзіная сям'я. У сям'і могуць адбывацца і сваркі, і скандалы, але ўсё роўна жыццё ідзе сваім парадкам, трэба працаваць», - падкрэсліў У. Пуцін.

Нагадаем, што ўвоз у Расею 600 відаў беларускіх малочных прадуктаў быў забаронены Расспажыўнаглядам 6 чэрвеня з-за таго, што на іх не былі аформленыя дакументы ў адпаведнасці з расейскім тэхнічным рэгламентам на малако, якія ўступілі ў сілу ў снежні 2008 года. Пазней Расспажыўнагляд заявіў, што забараніў пастаўкі малочнай прадукцыі з Беларусі ў некаторых абласцях Расеі яшчэ па 800 найменнях.

Забарона Расспажыўнагляда з'явілася у перыяд рэзкага пахаладання адносінаў паміж Масквой і Менскам, выкліканага нежаданнем Расеі выдаваць абяцаны крэдыт у 500 мільёнаў даляраў.

9 чэрвеня міністры замежных справаў Расеі і Беларусі заявілі, што забарону на ўвоз у Расею беларускай малочнай прадукцыі нельга лічыць санкцыямі супраць Менска. Аднак канфлікт усё ж выйшаў на палітычны ўзровень.

Аляксандр Лукашэнка адмяніў візіт у Маскву на сесію Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ). Таксама 13 чэрвеня стала вядома, што Менск можа ўзмацніць жорсткасць памежнага кантролю з Расеяй.

15 чэрвеня стала вядома, што Масква можа пачаць яшчэ і «газавую вайну» з Менскам. Справа ў тым, што «Газпрам» можа прад'явіць Менску пазоў у сувязі з няпоўнай аплатай імпартаванага газу. Беларусь у першым квартале атрымлівала паліва з разліку сярэднегадовага кошту ў 150 даляраў за тысячу кубаметраў пры кантрактным кошце ў 210 даляраў за той жа аб'ём. Падставай для гэтага стала вусная дамоўленасць паміж Дзмітрыем Мядзведзевым і Аляксандрам Лукашэнкам, якая, аднак, ніяк не аформленая дакументальна.

Напісаць каментар 43

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках