25 лiстапада 2024, панядзелак, 6:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Заходняя прэса: «Шанцы Беларусі пазбегнуць эканамічнага краху надзвычай нізкія»

36

Еўрапейскія і амерыканскія СМІ аналізуюць сітуацыю, якая склалася ў выніку гандлёвай вайны Расеі і Беларусі.

«Менск злуецца на Расею за падвышэнне коштаў на газ. А Масква на Беларусь - за ўсе больш актыўныя спробы прымірэння з Захадам», – піша брытанскае агенцтва Reuters.

Канфлікт з-за малочных прадуктаў значна ўскладніў расейска-беларускія адносіны, прыводзіць «Радыё Свабода» словы карэспандэнта амерыканскага выдання «The New York Times» Элена Бары.

Канфлікт доўжыцца ўжо другі тыдзень. У знак пратэсту Лукашэнка байкатаваў саміт АДКБ. Аднак нечаканае нез'яўленне беларускага кіраўніка непазбежна павінна выклікаць раздражненне ў Масквы, якая спадзяецца ўзмацніць сувязі з суседзямі і пакласці канец флірту з заходнімі саюзнікамі.

Прэзідэнт Мядзведзеў, паводле выдання, «часова ўзяў на сябе старшынства ў АДКБ, якое на тыдні павінна было перайсці да Беларусі, і, насуперак пратэстам Лукашэнкі, заявіў аб стварэнні Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання». Менск, у сваю чаргу, абвесціў падпісанне пагаднення аб стварэнні гэтага вайсковага фармавання нелегітымным.

Спасылаючыся на беларускіх палітыкаў, аўтар артыкула піша, што Расея карае Беларусь за непадпарадкаванне загадам Масквы. Адна з прычынаў для ўдару - адмова Менска прызнаць Абхазію і Паўднёвую Асецію. Газета прыводзіць нядаўнія словы Лукашэнкі ў інтэрв'ю БелТА. Ён казаў, што расейскае кіраўніцтва нават прапаноўвала Беларусі крэдыт у 500 млн даляраў пры ўмове, калі Менск усёткі прызнае Сухумі і Цхінвалі. Расейскі бок, у сваю чаргу, адмаўляецца прызнаваць, што такія ўмовы наогул існуюць.

Як заявіў беларускі кіраўнік, Беларусь не будзе плакаць з-за таго, што супрацоўніцтва з Масквой спынілася, а будзе шукаць шчасця ў іншых кутках планеты.

Як падкрэслівае «The New York Times» , нягледзячы на далучэнне краіны да праграмы ЕЗ «Усходняе партнёрства», у Лукашэнкі ўсё яшчэ не надта шмат прыхільнікаў у заходніх краінах. Там беларускага кіраўніка па-ранейшаму крытыкуюць за парушэнне правоў чалавека і дэспатычны кантроль у палітыцы.

Тым часам прадстаўніца расейскага прэзідэнта Наталля Цімакова ў інтэрв'ю заявіла, што «Расея не рабіла ніякіх заяваў, якія б сведчылі аб «разводзе» паміж Масквой і Менскам, і дадала, што «Беларусь заўсёды застаецца стратэгічным партнёрам Расеі», перадае «The New York Times».

Тым часам аглядальнікі італьянскага бюро тэлеканала «Еuronews» выказваюць думку, што пасля таго, як Менск адмовіўся ад удзелу ў паседжанні АДКБ у Маскве, Лукашэнка паспрабуе аддаліцца ад свайго расейскага суседа, пазбавіцца ад ярлыка недэмакратычнага лідэра і зблізіцца з ЕЗ.

Як адзначае, у сваю чаргу, нідэрландскае выданне «Volkskrant», у сувязі з крызісам, які закрануў эканоміку Беларусі, краіна мае вельмі смутныя перспектывы, у тым ліку і ў пытанні яе незалежнасці. Пачатая Масквой «малочная вайна», новыя жорсткія правілы імпарту ставяць Беларусь ва ўсё большую залежнасць ад Крамля. Як кажуць у кулуарах, шанцы Беларусі пазбегнуць эканамічнага краху надзвычай нізкія. Барацьба «саюзнікаў» стане ў хуткім часе яшчэ больш вострай, адзначае Volkskrant.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках