25 лiстапада 2024, панядзелак, 10:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Працоўныя заводаў адмаўляюцца сыходзіць у адпачынак за свой кошт

4

Начальства прадпрыемстваў усё часцей адпраўляе сваіх працаўнікоў у адпачынак за свой кошт. Аднак у Беларусі ўжо назіраюцца першыя выпадкі пратэстаў працоўных.

Зінаіда Міхнюк, прадстаўніца прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) у Берасці, распавяла «Еўрарадыё», што на прадпрыемстве «Светлатрон» спрабавалі адправіць усіх на аднадзённы працоўны тыдзень. Але працоўныя выступілі супраць.

«Мы дамагліся праз дэпартамент інспекцыі працы адмены рашэння дзякуючы таму, што працоўныя не пабаяліся не пагадзіцца», -- заяўляе Зінаіда Міхнюк.

Але сёлета прадпрыемства пераводзяць на чатырохдзёнку, якраз перад пачаткам дачнага сезону. Міхнюк кажа, што для таго, каб мець магчымасць папрацаваць на зямлі, людзі вырашылі пагадзіцца:

«З сакавіка ўводзілі чатырохдзёнку. Мы параіліся і вырашылі, што паўсюль ўвялі, а што казаць пра наш «Светлатрон», які да крызісу быў «крызісным». Так мы вырашылі, што за адзін дзень гэты не разбагацееш, а так на лецішчы можна дапамагчы бацькам. Таму вырашылі на лета пагадзіцца».

Нярэдка працаўнікоў проста ставяць перад фактам, што ў сувязі з цяжкім становішчам трэба сысці. Але калі людзі адмаўляліся, іх не прымушалі, кажа Ларыса Насановіч, прадстаўніца незалежнага прафсаюза РЭП па салігорскай «Калінцы», якая выпускае швейныя вырабы.

«Падыходзіць начальнік цэха і кажа, што цяжкае матэрыяльнае становішча ў нас, а там гэтага не хаваюць. Працаўнікі ведаюць, што склады забітыя. Таму зараз пару чалавек з гэтага цэха пойдуць за свой кошт, а праз месяц з іншага цэха - па чарзе. Калі людзі адмаўляліся, там не настойвалі. Маглі ўгаворваць. У каго чарговыя адпачынкі, але не па плане, прымушалі браць. Ці ісці на 2\3 тарыфу. Але так, каб да звальнення, такога не было».

Калі людзі разам адстойваюць сваё права на працу, дык начальства вымушанае ісці на саступкі, пацвярджае працаўнік полацкага аб'яднання «Шкловалакно» Мікола Шарах:

«Былі папярэднія размовы, што будзе рабіцца скарочаны тыдзень. Будуць два выходныя лішнія. Там трэба было падпісаць, што згодзен добраахвотна без аплаты. Але мы сказалі, што падпісваць не будзем. І ўсё так і скончылася размовамі, і нічога не ўвялі».

А калі працоўны застаецца ў меншасці, дык прыходзіцца падпісваць, таму што ўправу на яго знайсці проста, кажа сустаршыня прафсаюза РЭП Аляксандр Бухвостаў:

«Гэта потым узгадваюць людзям. У кагосьці сканчаецца кантракт. Кагосьці правакуюць на парушэнні. Напрыклад, чалавек дзесьці нешта не выканаў. Яго падводзяць пад парушэнне распарадку і звальняюць. У Беларусі правоў у працоўных няма».

А вось што распавядае прадстаўнік свабоднага прафсаюза «Мастоўдрэў» Зміцер Кухлей:

«Наступствы такія, што проста не працягвалі кантракт. Кантракт мінулы сканчаецца, таму што наймальнік змяняе ўмовы працы. Чалавеку даюць падпісаць новы кантракт з новымі ўмовамі. Ён яго не падпісвае і павінен сыходзіць».

Але высветлілася, што ёсць людзі, якія ў адзіночку не пагаджаюцца на такія ўмовы. Распавядае Віктар Казлоў з гомельскага прафсаюза РЭП:

«Адпраўляюць цэх за свой кошт. Кажуць: пішы заяву! Чалавек адмаўляецца. На ДАКу малады хлопец, пасля тэхнікума па размеркаванні патрапіў туды. Ну нічога, адмовіўся і пайшоў проста на 2\3 стаўкі».

Яшчэ часцей практыкуецца скарачэнне працоўнага тыдня з 2\3 аплаты - паколькі па заканадаўстве згода працаўнікоў на гэта не патрабуецца. Таму большасць прадпрыемстваў у Беларусі працуе па 3-4 дні.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках