25 лiстапада 2024, панядзелак, 10:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Антыкрызіснае меню газеты «Рэспубліка»: Мойва, кілька і пятрушка на падваконні

50

Друкаваны орган Савета міністраў Беларусі распавёў, як і чым трэба харчавацца беларусам падчас крызісу.

Аўтар артыкула «Чаще ем и меньше трачу» Паліна Канога, распрацоўваючы «антыкрызіснае меню», знайшла тонкі спосаб давесці неабвержную перавагу ежы таннай над ежай дарагой. Апору сваіх выдумак яна шукала ў шэрагах гастраэнтэролагаў.

«Расейскія, украінскія, беларускія гастраэнтэролагі упэўненыя: прадуктаў, якія забяспечваюць арганізм чалавека неабходнымі карыснымі рэчывамі, у дзень патрабуецца не так ужо шмат, і яны цалкам даступныя», -- піша аўтар.

Спасылаючыся на меркаванне айчынных гастраэнтэролагаў, «Рэспубліка» адзначае, што спецыялісты рэкамендуюць назапашваць прадукты на наступны год. Замарожваць гародніну, сушыць грыбы, расціць на падваконні лук, пятрушку і г.д.

Ялавічыну і свініну, па меркаванні журналіста «Рэспублікі», можна замяніць таннымі заменнікамі жывёльных бялкоў: індышынымі або курынымі субпрадуктамі.

«Таксама варта звярнуць увагу на недарагую рыбу – мойву, кільку. Усё гэта – крыніцы біялагічна каштоўнага бялку», -- піша аўтар артыкула.

Таксама, па сцвярджэнні «Рэспублікі», «ратуе у безграшоўе родная гародніна – бурак, морква, капуста, з якіх можна прыгатаваць масу смачных страў».

А вось і само «антыкрызіснае» меню, якое прапаноўвае друкаваны рупар беларускіх «дэпутатаў»:

Першы сняданак -аўсяная каша, яечня, гарбата з цукрам і здобная булачка;

– На другі сняданак можна з'есці бутэрброд з абястлушчаным сметанковым маслам і сырам, запіваючы яго чаем з малаком і цукрам;

– На абед рэкамендуецца суп на курыным булёне альбо бацвінне са смятанай, на другое – рыс з адварным мясам, а на трэцяе – гарбата з цукрам і лімонам альбо кампот. Варта не забываць адзін з важных складнікаў абеду – агароднінная салата. Гэта можа быць адварны бурак з зялёным гарошкам, капуста з морквай і рэпчатым лукам альбо свежыя агуркі і памідоры. Салату карысней за ўсё заправіць раслінным алеем;

– Падвячорак можа складацца з яблыка і тварагу;

– На вячэру карысныя смажаная рыба з адварной бульбай, агароднінная салата і ўзвар;

– Перад сном рэкамендуецца выпіць шклянку 1%-га кефіру. Гэта гарантуе нармальную працу стрававальнай сістэмы.

«Дадзеныя медыкамі рэкамендацыі дазваляюць харчавацца эканомна і з карысцю для здароўя», -- рэзюмуе «Рэспубліка».

І сапраўды, навошта беларусам наведваць рэстараны, кафэ або хоць бы сталовыя? Смажаная ежа прыносіць шкоду страўніку, а ў карпе, напрыклад, значна больш костак, чым у кільцы. Таго глядзі, і папярхнешся. Парады гастраэнтэролагаў друкаванага выдання ўрада нагадваюць сталовае меню піянерскага лагера СССР. А вырошчванне кропу «і г.д.» на падваконні – на неабходнасць вяртання да натуральнай гаспадаркі, а ў наступным, магчыма, і да збіральніцтва.

Напісаць каментар 50

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках