25 лiстапада 2024, панядзелак, 10:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мэта «газавай вайны» – адстаўка беларускага дыктатара?

20

Энергетычны ціск са боку Расеі на Беларусь будзе больш сур'ёзны чым «малочныя» санкцыі.

Аб гэтым сёння піша папулярная грузінская Інтэрнэт-газета «Грузія Online».

Расея і Беларусь раней таксама часта сварыліся, у тым ліку, і пры Ельцыне. Пасля прыходу да ўлады Пуціна, а пасля Мядведзева іх узаемаадносіны яшчэ больш састылі. Захавалася пэўная дыстанцыя, і размовы аб адзінай дзяржаве фактычна спыніліся. Аднак Масква ўсё жа не магла канчаткова растацца з Беларуссю і дагэтуль працягвала ажыццяўляць яе фінансавую і энергетычную датацыю. А Аляксандру Лукашэнку, падобнаму да капрызнага дзіцяці, усё ж атрымлівалася захоўваць «сваю самабытнасць». А цяпер становішча можа змяніцца, хоць у Расеі, як і на Ўкраіне, частка экспертаў лічыць, што напружанасць атрымаецца разрадзіць, але са стратамі з абодвух бакоў.

За распачатай 6 чэрвеня «малочнай вайной» ужо рушылі ўслед палітычныя ўскладненні. Беларускі прэзідэнт нечакана праваліў саміт Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы. Гэта для Масквы з'явілася сур'ёзнай аплявухай. Па ўсім відаць, што дуэт Пуцін-Мядведзеў не збіраецца глынаць гэтую абразу. «Малочная вайна» яшчэ не скончылася, а ў сродках масавай інфармацыі Беларусі і Расеі ўжо пачаліся размовы аб чаканай «газавай вайне». Абедзве краіны ў спешным парадку рыхтуюцца да поўнамаштабнага кантролю мяжы і ўвядзення мытных працэдур.

Рашэнні па «калектыўнай бяспецы», прынятыя на саміце, Менск называе нелегітымнымі, хоць Масква гэтага «не чуе» і «прапаноўвае» Беларусі ў любы час далучыцца да дасягнутага пагаднення, здзіўляючыся пры гэтым, чаму тая пераносіць двухбаковыя непаразуменні на шматбаковы фармат.

Мядведзеў абражаны і тым, што Лукашэнка загадзя не паставіў (яго) у вядомасць аб тым, што ён не мае намеру ўдзельнічаць у працы саміту. Са свайго боку, Лукашэнка вінаваціць Маскву ў спробе падарваць эканоміку ягонай краіны, а прыняцце рашэння аб вайсковай бяспецы ў такі час лічыць недарэчным, хоць у нармальных умовах, ён не стаў бы выступаць супраць яго.

«Малочная вайна» вельмі падобная да вайны вінаў і мінеральнай вады, задуманай Масквой на фоне палітычных ускладненняў з Грузіяй і Малдовай. Крэмль толькі зараз «узгадаў» аб тым, што Беларусь ужо паўгады, як ажыццяўляе імпарт малочных прадуктаў у Расею па старых правілах, ігнаруючы новыя правілы, якія ўступілі ў сілу са снежня. Добра знаёмы грузінам галоўны санітар Расеі Генадзь Анішчанка забараніў увоз у Расею ў агульнай складанасці 600 найменняў беларускіх малочных прадуктаў. Зрэшты, з'явіліся і першыя контуры рашэння гэтай праблемы. Беларусь ідзе на саступкі і ў другім і трэцім кварталах 2009 года абмяжуе пастаўкі малака ў Расею – у разліку на год прыблізна на 30 адсоткаў, часткова павялічыць пастаўкі тварагу і сыра, хоць у цэлым панясе даволі сур'ёзныя страты. Пытанне ўзгодненае на ўзроўні экспертаў, але пакуль гэта толькі словы і без задавальнення патрабаванняў «новых стандартаў» план ажыццяўляцца не будзе. Беларускія эксперты лічаць, што Масква загадзя і добра спланавала аперацыю «Малочная вайна», і час таксама правільна вызначыла і, акрамя палітычных мэт, разумела і эканамічныя выгоды, у прыватнасці, набыццё беларускай малочнай вытворчасці па невялікім кошце.

Больш сур'ёзным можа стаць энергетычны рычаг. Масква ўжо заявіла аб тым, што Беларусь мае вялікі доўг перад «Газпрамам» (прыблізна каля 70 мільёнаў даляраў), тэрміновую выплату якога ад яе могуць запатрабаваць. Справа ў тым, што па новым кантракце, кошт на газ павялічаны да 210 даляраў за 1000 кубаметраў узімку, але ў летні перыяд ён памяншаецца. Дагэтуль Менск плаціў толькі 150 даляраў, пра што Лукашэнка і Мядведзеў дамовіліся на вербальным узроўні. Было абумоўлена таксама і тое, што канчатковы разлік павінен адбыцца ў канцы года, але ў кантракт ніякай пісьмовай змены не занеслі. Масква ўжо пагражаецца, што пяройдзе на паквартальны разлік і адразу запатрабуе ад Беларусі выплаты ўсяго доўгу, г.з. ва ўласцівым ёй стылі зменіць правілы гульні «па ходзе справы».

За ўсім гэтым ужо рушылі ўслед вострыя эмацыйныя заявы, якія амаль перараслі ў асабістыя абразы. Гэта настолькі відавочна, што Пуцін заклікаў расейскіх чыноўнікаў не ўжываць рэзкіх выразаў у адрас беларускіх кіраўнікоў (бо ўсё пачалося менавіта з рэзкіх выказванняў міністра фінансаў Расеі Кудрына) нават у тым выпадку, калі яны гэтага заслугоўваюць.

Што датычыцца канкрэтнай справы, то тут Пуцін непахісны – ён не збіраецца ісці на саступкі. Больш за тое, у сродках масавай інфармацыі ўжо прагучалі словы ананімнага чыноўніка з адміністрацыі прэзідэнта Расеі аб тым, што «некаму ўжо надакучыў прэзідэнт Беларусі». А ў беларускай прэсе ўжо з'явіліся матэрыялы, запазычаныя з расейскіх крыніц, аб тым, па якой схеме Масква збіраецца пазбаўляцца ад Лукашэнкі. Гаворка ідзе аб выкарыстанні беларускага КДБ, які цесна звязаны з аналагічнымі расейскімі структурамі і здзяйсняе моцны ўплыў на самога Лукашэнку. Для Пуціна гэта знаёмы і «родны» метад, які ён не раз выкарыстаў у аўтаноміях Расеі.

У свой час Лукашэнка сам узмацніў сакрэтныя службы Беларусі, зразумела, для барацьбы з уласнымі апанентамі. Аднак пасля гэтыя службы настолькі ўзмацніліся, што кіраўнік быў вымушаны аддаць ім частку дывідэндаў, якія атрымліваюцца ад эканомікі краіны. Гэтая структура, безумоўна, мае шанец, каб з дапамогай рускіх замяніць Лукашэнку сваім чалавекам, вядома, на фоне чаканага ў краіне эканамічнага і, што самае галоўнае, сацыяльнага крызісу. А гэта, з пункту гледжання эканамістаў, непазбежна.

Аднак Лукашэнка пакуль не збіраецца адыходзіць. У адной са сваіх заяваў ён абвінаваціў Маскву ў спробе падарваць знутры фінансавую сістэму Беларусі і ў няшчырых адносінах наогул. Ён нават выказаў здагадку, што апынуўся ў адной запрэжцы з лідэрамі Ўкраіны і Грузіі, заявіўшы пры гэтым, што Саакашвілі, Юшчанка, Лукашэнка сыйдуць, а краіны застануцца, так што Расея можа «страціць нашыя народы».

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках