25 лiстапада 2024, панядзелак, 7:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На змену «малочнай» вайне з Расеяй прыйшла «камбайнавая»

24
На змену «малочнай» вайне з Расеяй прыйшла «камбайнавая»

Генеральны дырэктар расейскага вытворцы сельгастэхнікі кампаніі «Растсельмаш» абвінаваціў беларускае прадпрыемства «Гомсельмаш» у несумленнай канкурэнцыі.

У інтэрв'ю агенцтву «Інтэрфакс-Поўдзень» Валеры Мальцаў звярнуў увагу на «беларускую экспансію» у Расею. «У Расею Гомсельмашам было прададзена летась 777 зернепрыборачных камбайнаў, больш за 400 – кормапрыборачных камбайнаў. Разам з тым ніводзін вытворца Расеі не паставіў у Беларусь ніводнага расейскага камбайна. Відавочная беларуская экспансія. На жаль, вымушаны заўважыць, што іх камбайны невысокай якасці, яны бяруць коштам. Прычым гэты кошт для расейскага рынка дэмпінгавы, але ён датуецца з боку беларускай дзяржавы»,- заявіў В.Мальцаў.

У доказ сваіх словаў гендырэктар прывёў факт, паводле якога ў 2009 годзе «Гомсельмаш» перамог ва ўнутраным тэндэры на пастаўку каля 2 тыс. камбайнаў для АПК Беларусі. Кошт паставак павінен скласці 5,957 млн. рублёў за адзін камбайн, у той час як кошт продажу ў Расею гэтага камбайна ў той жа самай камплектацыі складаў 4,65 млн. рублёў. «Відавочная дзяржаўная датацыя ўласнага вытворцы, што дазваляе знізіць кошты на экспарт»,- лічыць гендырэктар «Растсельмаша».

Зборку беларускай сельгастэхнікі ў Бранску В.Мальцаў лічыць псеўдавытворчасцю. Паводле яго словаў, там «робіцца русіфікаванне беларускіх камбайнаў». «Беларусы зрабілі наступнае: узнялі ў Бранску сцяг зборачнай вытворчасці, нічога не збіраюць, у лепшым выпадку, тэхніка праходзіць перадпродажную падрыхтоўку, якая складаецца з прыкручвання колаў і пераляплення налепак з найменнем тэхнікі. Затым – выдаюць гэтую тэхніку за вырабленую ў Расеі. Адпаведна, на яе распаўсюджванне датацыі – як РФ, так і Беларусі»,- адзначыў ён.

Дырэктар маркетынг-цэнтра ВА «Гомсельмаш» Уладзімір Фралоў не знаходзіць падаплёкі ў такіх заявах. «Ніякага дэмпінгу не было і няма, а нашае прадпрыемства не датуецца. Кошт рэалізацыі нашай сельгастэхнікі на ўнутраным рынку і ў Расеі аднолькавы. Розніца можа быць толькі за кошт таго, якія рухавікі ставяцца на тую ці іншую машыну. У нас не могуць зразумець нагоды заяваў гендырэктара «Растсельмаша»,- заявіў ён у інтэрв'ю «БДГ».

Спрэчка пра статус беларускай сельгастэхнікі ў Расеі вядзецца даўно. Беларускія вытворцы неаднаразова выказвалі жаданне атрымаць у Расеі статус айчыннага вытворцы, што давала б ім права прэтэндаваць на ўдзел у расейскіх праграмах дзяржпадтрымкі. Пакуль такі статус мае толькі тэхніка, сабраная на тэрыторыі РФ. У 2009 годзе ў Беларусі атрымалася дамовіцца з Расеяй пра тое, што на 11 беларускіх прадпрыемстваў у Расеі будуць распаўсюджвацца ільготныя ўмовы доступу на рынак.

Аднак на практыцы беларускія прадпрыемствы атрымалі толькі роўны з расейцамі прэферэнцыяльны рэжым удзелу ў дзяржзакупках. Да іншых мераў дзяржпадтрымкі, перш за ўсё крэдытных рэсурсаў «Рассельгасбанка» і «Расагралізінга», за якія расейскія прадпрыемствы маглі б набываць беларускую тэхніку, беларускіх вытворцаў так і не дапусцілі. Паводле словаў міністра сельскай гаспадаркі Расеі Алены Скрыннік, мэтазгодна выкарыстоўваць крэдытныя рэсурсы расейскіх банкаў для закупкі трактароў, камбайнаў і іншай сельгастэхнікі расейскай вытворчасці.

Расейскія вытворцы мяркуюць, што дзеянні расейскага ўрада павінны быць накіраваныя на абарону ўласных кампаніяў ад больш таннага беларускага імпарту. «Мы бачым супрацоўніцтва толькі ў прапорцыі адзін да аднаго, гэта значыць, колькі камбайнаў паставілі яны нам – столькі і мы ім»,- адзначыў В.Мальцаў.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках