25 лiстапада 2024, панядзелак, 9:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітыкі, якія збанкрутавалі, павінны сыходзіць

30
Палітыкі, якія збанкрутавалі, павінны сыходзіць

Крызіс прымусіць беларусаў дзейнічаць больш рашуча, заявіў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

-- У перыяд абвастрэння «малочнай вайны» вы разам са Станіславам Шушкевічам, Аляксандрам Казуліным і Лявоном Баршчэўскім заявілі, што гатовыя працягваць змагацца з рэжымам Лукашэнкі і дамагацца адстаўкі дыктатара. Ці значыць гэта, што ў канфлікце вы занялі бок Расеі?

-- Канфлікт з Расеяй прадказальны, паколькі нічога агульнага з нармальнымі міжнароднымі адносінамі ў «саюзе» Беларусі і Расеі няма. Мы хацелі данесці, што гэты канфлікт будзе няслушна вытлумачаны тымі еўрапейскімі палітыкамі, якія сёння лабіруюць інтэрасы Лукашэнкі. І не толькі вытлумачаны, а можа быць нават прапанаваны ў якасці стратэгіі для Еўрапейскага Звяза.

Важна падкрэсліць, што ў Беларусі не вырашаюцца пытанні, звязаныя з правамі чалавека, у турмах знаходзяцца палітвязні, працягваюцца палітычныя рэпрэсіі. Як выснова: гэтая ўлада ўжо не здольная адолець эканамічныя выклікі сённяшняга дня і, безумоўна, не бачыць магчымасці жыць у дэмакратычнай сітуацыі.

Сітуацыя сёння вельмі цяжкая і для краіны ў цэлым, і для кожнага чалавека ў асобнасці. Шукаць выйсце трэба ўсім разам. Дэмакратычныя сілы сёння з'яўляюцца рэальнай альтэрнатывай рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Толькі дэмакратыя можа гарантаваць чалавеку свабоду ва ўсіх сферах, у тым ліку і ў эканоміцы.

-- Судзячы па ўсім «малочная вайна» не апошняя? Ужо праракаюць «газавую», «камбайнавую», «мясную», «рыбную»…

-- Так, не першая і не апошняя. Будуць яшчэ больш сур'ёзныя канфлікты, таму што калі ў адносна шчасны перыяд Лукашэнку атрымлівалася лавіраваць, то падчас крызісу праблемы вырашаюцца, у тым ліку, і за кошт сілавога ціску. Гэта мы і будзем назіраць з боку Расеі.

Усе гэтыя канфлікты -- следства палітыкі беларускага дыктатара. І Крэмль, і Лукашэнка адзін аднаго вартыя. Канфліктныя сітуацыі -- гэта іх натуральны спосаб паводзінаў. Адносіны дзяржаў, якія не засноўваюцца на міжнароднай практыцы, заўсёды будуць прыводзіць да новых і новых войн.

Таму мы і кажам, што палітыкі, якія абанкруціліся, павінныя сыходзіць. Мяне не хвалюе, што адбываецца ў Расеі. Мяне хвалюе, што адбываецца ў Беларусі. Мадэль паводзінаў беларускіх уладаў па стаўленні да Расеі заснаваная на сакрэтных перамовах і дамоўленасцях. Калі гэтыя дамоўленасці зрываюцца, адбываецца відавочны канфлікт. Калі дамоўленасці хоць неяк выконваюцца, тады ўсё больш-менш мірна. Але гэтыя дамоўленасці датычацца вельмі важных для Беларусі стратэгічных рэчаў: дзяржуласнасць, прадпрыемствы, транзітныя інфраструктуры. Вельмі небяспечна безуважна ставіцца да таго, што зараз адбываецца.

-- Чаму мішэнню для сваёй помсты за малако Лукашэнка абраў паседжанне Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы, праігнараваўшы падпісанне пагаднення аб КСАР? Зараз ідуць спрэчкі аб легітымнасці падпісаных на саміце ОДКБ пагадненняў.

-- Яму трэба было неяк адказаць. Лукашэнка шмат год карыстаўся не тое, што ільготнымі, практычна бясплатнымі крэдытамі з боку Расеі і жыў за расейскія грошы. Звяртацца да ранейшай рыторыкі -- мы вашыя вайсковыя базы ўтрымоўваем і закрываем вас ад НАТА -- ужо было б смешна. Трэба было здзейсніць нейкі ўдар. Але, у прынцыпе, гэта стала магчыма толькі таму, што Лукашэнка разлічвае знайсці спагаду ў еўрапейцаў, прадэманстраваўшы сваё жорсткае стаўленне да Расеі. І толькі дзякуючы таму, што еўрапейцы пачалі падлашчвацца да дыктатара, ён дазваляе сабе падобныя выхадкі.

- Але беларуская апазіцыя таксама выступала супраць падпісання пагадненняў аб стварэнні Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання.

- Апазіцыя выступае супраць любых вайсковых сцэнараў, не звязаных з нацыянальнымі інтэрасамі незалежнай дзяржавы Беларусь. Лукашэнка напэўна перадумае і падпіша пагадненне аб КСАР. Ягоныя паводзіны заснаваныя не на стратэгіі або нацыянальных інтэрасах, а на жаданні адказаць ударам на ўдар. Таму казаць аб тым, што тут супалі інтэрасы апазіцыі і Лукашэнкі, не варта. Залежаць ад дыктатара, ад ягоных імгненных настрояў і ад складанасці ягонага асабістага становішча ў такіх важных рашэннях, значыць, падвяргаць краіну вельмі сур'ёзнай небяспецы.

-- «Ананімныя крыніцы» у адміністрацыі прэзідэнта Расеі заявілі, што «камусьці надакучыла быць прэзідэнтам Беларусі». Як вы да гэтага паставіліся? Бо ў вас уласна тая ж мэта – адстаўка Лукашэнкі.

-- Як можна цешыцца хамскім заявамі аб тым, што адна краіна, хай нават вялікая, можа ставіць пытанне аб змене кіраўніка ў іншай краіне? Зразумела, што да гэтага сітуацыю давёў Лукашэнка. Але ў цэлым, я пачуў у гэтым іншае. Я пачуў поўнае прызнанне Расеі, што яна падтрымлівала і падтрымлівае Лукашэнку. Гэта яе стаўленік, і ён цалкам залежыць ад дзеянняў Крамля, які можа павялічыць або паменшыць яго падтрымку, у залежнасці ад паводзінаў.

-- У апошні час незалежныя палітолагі і эканамісты аднадушна заяўляюць, што выхад Беларусі з крызісу магчымы толькі пасля адстаўкі Лукашэнкі. Вы сур'езна спадзяецеся на гэта?

-- Калі б Лукашэнка змог сыйсці зараз, то, безумоўна, ён зняў бы з сябе частку віны за сітуацыю, якая склалася. Аднак ён не думае такімі катэгорыямі. Пакуль ён чапляецца за ўладу ўсімі сродкамі. Можна чакаць самых непрадказальных крокаў з яго боку. А калі дыктатар становіцца непрадказальным, гэта вельмі небяспечна.

Сыйсці Лукашэнка можа альбо добраахвотна, альбо шляхам правядзення сапраўды вольных і дэмакратычных выбараў. Гэта было б лепшай сітуацыяй для Беларусі. Для дыктатара і ягонага асяроддзя, дарэчы, таксама.

-- У сваёй сумеснай заяве лідэры апазіцыі зноў казалі аб неабходнасці правядзення ў Беларусі дыялогу паміж уладамі і дэмакратычнымі сіламі. Вы думаеце, у гэты раз улады ўслухаюцца?

-- Апазіцыя прапаноўвала ўладам дыялог два гады таму, да эканамічнага крызісу, калі змянілася кан'юнктура ў гандлі і эканамічных адносінах з Расеяй у сувязі з ростам коштаў на энерганосьбіты. Тым больш сёння дыялог з'яўляецца найбольш канструктыўным выйсцем і для ўлад, і для апазіцыі, і для грамадства ў цэлым. Чаму? Таму што праз дыялог можна забяспечыць рашучую эвалюцыю ў вельмі сціснутыя тэрміны і без асаблівых страт для сённяшняй улады. Калі б улады ўключыліся ў працэс трансфармацыі, не было б супрацьстаяння, мы б разам шукалі выйсці і рашэнні.

- А як ставіцеся да заяваў беларускіх чыноўнікаў аб магчымасці адмены смяротнага пакарання для таго, каб атрымаць статус спецыяльнага запрошанага ў ПАРЕ? Гэтае шчырае жаданне або чарговы «эківок» у бок Захаду?

-- Гэта старая гульня, якая даўно ідзе з Еўропай. Беларускія ўлады не хочуць спыняць палітычныя рэпрэсіі, прыгнёт апанентаў, але гатовыя абмяркоўваць два пытанні, якія Рада Еўропы ім у сваё час паставіў: адмена смяротнага пакарання і ўвядзення пасады амбудсмена. Адмена смяротнага пакарання адбудзецца, хутчэй за ўсё, праз мараторый. Але, а з пасадай амбудсмена можна рабіць усё што заўгодна: прызначыць сваіх людзей, якія не будуць рэальна займацца правамі чалавека. Я думаю, гэта будзе наступны этап. Аб палітычных рэпрэсіях улады па-ранейшаму казаць не хочуць.

-- Лукашэнка ля ўлады ўжо 15 год. Чым растлумачыць такое доўгае існаванне падобнага рэжыму? Можа гэта нацыянальныя асаблівасці беларусаў, якім падабаецца жыць пры дыктатуры?

-- Тут ёсць некалькі фактараў. Спачатку мы дабратліва ставіліся да праявы рэжыму Лукашэнкі на ранняй стадыі – ягонаму імкненню ўсталяваць асабістую ўладу, дыктатарскім замашкам, выбудоўванню з першых дзён таталітарнай сістэмы. Гэта значыць давалі нейкі аванс абранаму прэзідэнту, усё ж такі ў 1994 годзе прайшлі першыя ў гісторыі Беларусі дэмакратычныя выбары. Але потым гэтая сістэма стала эфектыўна працаваць супраць народа.

Пачалося бязлітаснае перамолванне апазіцыі. Успомнім знікненні Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага, загадкавую смерць Генадзя Карпенкі. Пасля Лукашэнка стаў нечакана атрымліваць падтрымку Захаду. Бо не сёння пачалася «новая палітыка» еўрапейцаў. Еўрапейцы заўсёды спрабавалі наладжваць адносіны менавіта з рэжымам Лукашэнкі (не ўвесь Еўразвяз, а асобныя краіны). Падкормліваць дыктатара крэдытамі, развіваць гандлёва-эканамічныя адносіны, падтрымліваць транзітную ролю Беларусі. Таму рэжым стаў досыць устойлівым. Ён досыць эфектыўна выкарыстоўваў міжнародную кан'юнктуру, якая склалася вакол Беларусі, і, безумоўна, «даіў» Расею. Падтрымка Расеі, нягледзячы на нейкія асобасныя канфлікты, ніколі не спынялася.

Але зараз гэтая сістэма зжыла сябе, і толькі больш жорсткія метады могуць дапамагчы Лукашэнку дастаць нейкія грошы на вельмі кароткі перыяд. Я маю на ўвазе жорсткія метады ўнутры Беларусі. І ўжо не ў адносінах апазіцыі, а ў адносінах менеджэраў, дырэктараў, як прыватных кампаній, так і дзяржаўных прадпрыемстваў. Калі людзей бяруць у якасці закладнікаў, саджаюць у турмы і вызваляюць толькі пасля велізарнага грашовага выкупу.

-- Што трэба зрабіць, каб адбыліся змена ўлады і вяртанне Беларусі да дэмакратыі?

-- Сёння ёсць усе магчымасці для рашучай эвалюцыі сістэмы. У нас не любяць казаць аб рэвалюцыі. Беларусаў упэўнілі, што яны не маюць права патрабаваць ад улады сыйсці ў адстаўку. Але крызіс, які сёння ідзе па нарастальнай і агаляе ўсе недахопы палітычнай сістэмы ў Беларусі, прымусіць людзей дзейнічаць больш рашуча. Калі пойдуць звальненні, скарачэнні заробкаў, пенсій, яны не будуць пакорліва чакаць, калі стане яшчэ горш. Гэта непазбежна прывядзе да ціску на сённяшнюю палітычную сістэму. І гэты ціск будзе ўзмацняцца. У сукупнасці з палітычнымі патрабаваннямі, якія высоўвае апазіцыя, гэта можа прывесці да рэзкай змены ўсіх дэкарацый.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках