25 лiстапада 2024, панядзелак, 21:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Стан палітвязня Аўтуховіча «стабільна дрэнны»

2

Больш за 70 сутак галадае ў СІЗА №1 Менска ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч.

Адвакат палітвязня Павал Сапелка кажа, што здароўе ў яго падапечнага «стабільна дрэннае».

«Адчувае сябе стабільна дрэнна. У яго з'явілася новая праблема - «пасыпаліся» зубы. Знешне ён значна схуднеў, але збіраецца працягваць галадоўку», - цытуе адваката «Радыё Свабода».

Разам з тым, поўнай карціны пра стан Мікалая Аўтуховіча не ведае нават адвакат. «Ён не прымаў нічога з прадуктаў, таму што яму туды нічога не перадаецца. Калі чалавек абвяшчае галадоўку, яму нічога не перадаюць - толькі ваду. Такі парадак», - патлумачыў Павал Сапелка.

«Надзвычай мужны чалавек, які не прызвычаіўся адступаць і можа трымацца высілкамі волі», -- такую характарыстыку свайму падабароннаму даў Павал Сапелка.

Ваўкавыскія прадпрымальнікі Юры Лявонаў, Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага. Санкцыю на затрыманне і ператрус у іх кватэрах даў пракурор Гарадзенскай вобласці. 18 лютага ўсім траім было прад'яўлена абвінавачванне па арт. 218 КК (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці).

Нагадаем, 23 чэрвеня стала вядома, што крымінальная справа ў дачыненні да Мікалая Аўтуховіча, абвінавачванага ў наўмысных падпалах, аб'яднаная з крымінальнай справай пра гранатамёт. Следства па справе вядзе новы следчы галоўнага следчага ўпраўлення МУС Клачко.

Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі зняволенымі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення. Мікалай Аўтуховіч абвясціў галадоўку 16 красавіка. Ён патрабуе ў найкарацейшыя тэрміны альбо перадаць справу ў суд, альбо змяніць усім падследным меру стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб невыяздзе.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках