25 лiстапада 2024, панядзелак, 7:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Хведарук: За ваенныя каманды на беларускай мове мяне выклікалі ў пракуратуру

4

Сёння ў Менскам гарадскім судзе ў 15:00 пачаўся разгляд скаргі актывіста «Маладога Фронту» Зміцера Хведарука па факце незаконнага прызыву ў армію.

Перад судовым паседжаннем гвалтоўна прызваны ў армію Зміцер Хведарук даў інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97.

«Скарга пададзеная на незаконныя дзеянні прызыўной і медыцынскай камісій падчас майго прызыву, -- распавёў Зміцер Хведарук. -- У мінулы раз яе разглядаў суд Першамайскага раёна ў Менску. Тады, у красавіку, суд не знайшоў у дзеяннях камісіяў ніякіх парушэнняў. Таму мы вырашылі шукаць праўду ў вышэйшай інстанцыі. Разглядаць скаргу будзе суддзя Менскага гарадскога суду Жупікова».

Па словах Зміцера Хведарука, ён не ўпэўнены ў аб'ектыўным разглядзе яго скаргі.

«Не ведаю, ці вынесе суд аб'ектыўнае рашэнне па маёй справе, -- заявіў прэс-цэнтру Хартыі’97 моладзевы актывіст. -- Яшчэ да пачатку судовага паседжання я сустрэў супрацоўнікаў КДБ, якія сочаць за гэтым працэсам. Яны стаялі на ганку суда. Я бачыў іх і ў лютым, калі ляжаў у менскім вайскоўвым шпіталі. Яны прыходзілі ў шпіталь і размаўлялі з урачамі».

У мінулы аўторак кіраўніцтва ваеннай часткі вазіла Зміцера Хведарука ў міжгарнізонную Ваенную пракуратуру Барысава. Кіраўніцтва часткі падала скаргу на тое, што Хведарук аддае ваенныя каманды на беларускай мове.

«Пракуратура разглядала пытанне аб выкарыстанні мной беларускай мовы, а таксама абгрунтаванасць майго доўгага знаходжання ў санчастцы, -- распавёў Зміцер Хведарук. -- Супрацоўнік пракуратуры не знайшоў у маіх дзеяннях ніякіх парушэнняў. Больш за тое, ён быў здзіўлены, што кіраўніцтва ўбачыла ў выкарыстанні беларускай мовы нешта няправільнае. Супрацоўнік пракуратуры спаслаўся на артыкул Канстытуцыі, паводле якой у Беларусі дзейнічаюць две нацыянальныя мовы. Аднак трэба адзначыць, што за час майго знаходжання ў арміі я даведаўся, што ў ёй няма ніводнага беларускамоўнага дакумента, як няма і статуту на беларускай мове. Натуральна, гэта значна абцяжарвае службу».

Зміцер Хведарук таксама адзначыў, што на дадзены момант кіраўніцтва часткі не аказвае на яго ціск за выкарыстанне беларускай мовы.

«Пасля таго, як з'явіліся артыкулы на Хартыі’97 і на «Радыё Свабода», кіраўнікі адмовіліся ад сваіх прэтэнзіяў. Мне сказалі: «Кажы, як хочаш, мы ад цябе нічога не патрабуем». Хаця да гэтага заяўлялі, што «калі працягнеш размаўляць па-беларуску, будзеш мець справу з пракуратурай».

Нагадаем, што 28 студзеня 2009 года Зміцера Хведарука гвалтам завезлі ў ваенкамат, а затым у турму на вуліцы Акрэсціна, нібыта для адбыцця пакарання за ўдзел у леташняй акцыі 1 траўня. Пазней стала вядома, што такой пастановы суду не было. Тым не менш, Хведарука 2 дні пратрымалі ў турме. Адтуль яго ў кайданках вазілі на медыцынскі агляд у менскую паліклініку №14. Медкамісія прызнала Зміцера Хведарука прыдатным да ваеннай службы, нягледзячы на аперацыю на вене, якая прайшла каля месяца таму, і шэраг хранічных захворванняў.

У кайданках актывіста «Маладога Фронту» адвезлі ў вайсковую частку ў Жодзіна – нягледзячы на тое, што Зміцер Хведарук з'яўляецца студэнтам дзённага аддзялення багаслоўскага каледжа, а таму мае права на адтэрміноўку ад службы ў арміі. Падчас медыцынскага агляду ў яго не было пры сабе ні медыцынскай карткі, ні выпіскі хваробаў, ні нават дакумента, які засведчвае асобу.

Пасля гвалтоўнага прызыву Хведарук ужо некалькі разоў трапляў у шпіталь, у яго знайшлі захворванні, з якімі нельга служыць у арміі - але моладзевага актывіста зноў адпраўлялі ў ваенную частку.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках