На рэпетыцыі параду танкі сапсавалі ў Менску новы асфальт (Фота)
36- 30.06.2009, 9:18
Два тыдні таму на вуліцы Сурганава паклалі новы асфальт. Але ўжо ў мінулыя выходныя падчас рэпетыцыі параду да афіцыйнага Дня незалежнасці цяжкая тэхніка безнадзейна яго сапсавала.
Асфальт не вытрымаў гусеніцаў танка і патрэскаўся, а потым салдаты ў вёдры згрэблі ўсё, што засталося ад новай дарогі, піша «Комсомольская правда в Беларуси».
Чаму па толькі што заасфальтаванай вуліцы дазволілі праехаць танкам? Бо адзін кіламетр якаснай дарогі каштуе 1 мільён даляраў.
- Мы не будзем даваць каментароў наконт танкаў і асфальтаў, - заявілі ў аддзеле дарожнай інспекцыі УДАІ Менгарвыканкама.
На словы, што чыноўнікі самі ўзгаднялі маршрут танкаў, у Менгарвыканкаме адказалі:
- Мы не ўзгаднялі. Мы звычайныя выканаўцы. Гэта рашэнне не толькі горада, але і рэспублікі. Нашая задача - забяспечыць бяспеку дарожнага руху. Падчас трэніровак ДТЗ не адбылося, сур'ёзных цяжкасцяў у руху транспарта не было.
Канкрэтнага адказу не атрымалася атрымаць і ва УП «Ремаўтадар» Савецкага раёна Менска.
- Нас паставілі да ведама, што будзе рэпетыцыя. А нашая задача - забяспечыць мыццё асфальта да праходжання і пасля праходжання тэхнікі, - тлумачыць дырэктар Мікалай Чэрнік. - Ёсць некаторыя пашкоджанні асфальта.
- Дык яго будуць наноў укладваць?
- Ніхто гэтага рабіць не будзе. Гэта ж толькі ніжні слой, нічога з асфальтам не здарыцца. Ніякіх стратаў гэтае мерапрыемства нам не прычыніць.
У прэс-службе Менгарвыканкама распавялі, што маршрут складала Міністэрства абароны, а затым ён ужо ўзгадняўся з ўсімі арганізацыямі. Праўда, у самім міністэрстве сказалі, што ніякага маршруту па Менску яны не распрацоўвалі.

