25 лiстапада 2024, панядзелак, 0:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка – расейцам: «Вам тут будзе яшчэ адна Чачня»

202
Лукашэнка – расейцам: «Вам тут будзе яшчэ адна Чачня»

Беларускі дыктатар даў інтэрв'ю некалькім расейскім выданням. Аднак у Расеі інтэрв'ю надрукавалі з вялікім спазненнем, і пакуль толькі ў «Известиях».

Сёння газета адміністрацыі Лукашэнкі «Советская Белоруссия» апублікавала фрагменты гэтага інтэрв'ю. Прыводзім найбольш цікавыя цытаты.

«Саюзнікі» абдурылі

«Мы вельмі сур'ёзна выбудоўвалі свае адносіны з Расейскай Федэрацыяй. Вельмі сур'ёзна. Расея проста блякла глядзіцца на гэтым фоне... Я адзін факт прывяду. Мы правялі рэферэндум, усенародны рэферэндум аб «саюзе» Беларусі і Расеі. Тады нам было няпроста. Тады яшчэ жывая вось гэтая была «нацыяналістычная гістэрыя», вось гэты «ўгар», што «мы тут, вось мы самі па сабе, усё будзе нармальна». Вядома, па сваім характары, па магчымасцях канстытуцыйных я мог бы і без рэферэндуму вызначыцца, як будаваць адносіны з Расейскай Федэрацыяй. І ўсе дакументы, якія ў нас ёсць, і дамовы з Расеяй я мог бы падпісаць без рэферэндуму. Але я хацеў паказаць усяму свету, расейцам і нашым людзям, які праўдзівы стан беларускага грамадства. І я папрасіў народ прыйсці на рэферэндум. І калі мне ўсюды задавалі пытанне: а вашая пазіцыя якая? Я яе не хаваў. Мы — адзін народ. Расея — гэта нашая краіна... Прайшло 15 год пасля гэтага. Роўна 15 год. Што змянілася ў маёй пазіцыі? Абсалютна нічога. У мяне непарушная пазіцыя. Але ў нечым Расеі трэба было пасунуцца. У чым? У вас нафта, газ, ядзерная зброя і іншае. Расея — велізарная краіна, гэта ейны рэсурс, яна на гэтым мае пэўныя прыбыткі. Сёння яна ўвяла такія тарыфы, што беларусам, прадаючы свой трактар у Казахстан, трэба заплаціць яшчэ адзін кошт трактара нашага», - заявіў беларускі кіраўнік.

Ён таксама адзначыў, што «як толькі Пуцін уступіў у пасаду прэзідэнта, на першы тэрмін, першым ягоным актам быў абмен ратыфікацыйнымі граматамі».

«Гэта значыць Уладзімір Уладзіміравіч прыняў гэтую Дамову як належнае, якая была падрыхтаваная намі раней з першым прэзідэнтам Расеі, і абавязаўся яе выканаць... Вазьміце гэтую Дамову і паглядзіце, пачытайце, там ёсць усё, амаль усё, што павінна быць у Канстытуцыі. Усё вызначана: і сферы вядзення «саюзнай дзяржавы», чым павінныя займацца складнікі гэтай «саюзнай дзяржавы» Расея і Беларусь, і гэтак далей, і гэтак далей. А ў канцы было напісана, што мы павінныя адначасова ў Беларусі і Расеі правесці рэферэндумы і зацвердзіць на рэферэндуме распрацаваную Канстытуцыю нашай будучай «саюзнай дзяржавы». Што дрэннага? Нічога дрэннага няма. І ў гэтай Канстытуцыі было б вызначана: сферы вядзення замацаваныя — хоць у Дамове і зараз гэта замацавана, і міжнародныя дамовы маюць прыярытэт перад унутраным заканадаўствам, гэта таксама не сакрэт, — там і адзіная валюта, там і органы кіравання, і сферы вядзення, гэта значыць усё-усё, што павінна быць у Канстытуцыі. Гэта мы павінныя былі правесці ў пачатку стагоддзя. Чаму гэта мы не правялі? Вы думаеце, таму, што Беларусь гэтага не захацела або Лукашэнка — люты вораг інтэграцыі? Не, гэтага не захацела Расея...», - папракнуў дыктатар.

Кажучы аб сучаснасці, Лукашэнка адзначыў, што дзеянні расейскага боку ідуць напроста насуперак з ідэяй «саюзнай дзяржавы, агульнага рынка, адзіных умоваў гаспадарання. «Расея сёння фактычна закрыла рынак для беларускіх тавараў, — канстатаваў А.Лукашэнка. — Чаму вы закрылі зараз рынак для нашых трактароў, аўтамабіляў, калі фермер кажа: дайце мне беларускі МТЗ, мы ўсё жыццё на іх працавалі, і яны нас задавальняюць. Дайце! А ім банкі кажуць: не, пад беларускае крэдыт не атрымаеш. Паўстае пытанне: навошта вы гэта зрабілі? Каму патрэбная такая «саюзная дзяржава?»

Беларускі кіраўнік раскрыў некаторыя падрабязнасці нядаўніх перамоваў у Менску: «Прэм'ер нашай рэспублікі Пуціну прывёў факт. Калі мы пачалі яму задаваць пытанні, я проста ўжо сядзеў як арбітр. А два прэм'еры, мы ўтрох знаходзіліся, вялі спрэчку. І Сідорскі ў яго (Пуціна. — заўв. рэд.) пытае: «Ну навошта вы закрылі рынак? Навошта вы перапынілі тавараабарот паміж Беларуссю і Расеяй? Навошта забаранілі пастаўкі нашай прадукцыі?» Пуцін адказвае — няпраўда. А Сідорскі яму сваю інфармацыю: «Вось такі і такі губернатар сказаў: «Пуцін заявіў, калі толькі купіце, у тым ліку і беларускае, адарву галаву». Вядома, губернатар баіцца. Кажа: «Мы з задавальненнем возьмем гэта, але хай нам хоць нейкую адмашку, хоць вусна няхай скажуць». Так з'явіліся два загады Мінэканамразвіцця, рашэнне ўрада і праз банкі ўведзена фактычна — калі вы захочаце нашае купіць, то вам крэдыт не дадуць у Расеі. Вось і ўсё. Кшталту і не забараняюць: так, калі ласка, вязіце, прадавайце. Але парушаная вось гэтая схема — «пазычаю, купляю і расплачваюся».

Здзіўленне беларускага боку выклікае і бягучая сітуацыя з пастаўкамі харчавання. «Хочуць абмежаваць яшчэ пастаўкі танных прадуктаў сельскай гаспадаркі і знайшлі матывацыю, што мы падтрымліваем сельскую гаспадарку ў Беларусі, таму ў нас ніжэйшыя кошты, — заўважыў Лукашэнка. — Так падтрымлівайце і вы ў Расеі сельскую гаспадарку. Мы жа не хаваемся».

Лукашэнка заявіў аб існаванні пратэкцыянізму на расейскім рынку: «У вас на цукар кошты падскочылі амаль на 40 адсоткаў за апошні час. Я, калі гэта прачытаў, за галаву ўзяўся. Рабяты, гэтае ж злачынства перад уласным народам. Навошта вы закрылі свой рынак для нашага цукру? Навошта? Было б дастаткова на рынку цукру — не было б такога кошту... Мы сёння страцілі напалову рынак Расейскай Федэрацыі. І калі б не дыктатура ў Беларусі, нам прыйшлося б два заводы закрыць. Зусім нядаўна я вымушаны быў прыняць сапраўды адміністрацыйныя меры — запрасіў Урад і сказаў: «Не прадасце цукар — не будзеце працаваць». Мы знайшлі іншыя рынкі. Мы прадалі гэты цукар... Для чаго я прывёў гэты прыклад? Каб вы разумелі, што так па ўсіх пазіцыях, якія жыццёва важныя для нашай краіны. Нас выштурхнулі, такім чынам, з расейскага рынка і прымусілі прадаваць на іншых... Ну добра б у вас былі свае лішкі, не было б так крыўдна. Але ў вас жа іх не было!»

Аб «Усходнім партнёрстве»

Рэдактары расейскіх СМІ папрасілі Лукашэнку растлумачыць сэнс удзелу Беларусі ў праграме Еўразвяза і пракаментаваць асцярогі некаторых расейскіх палітыкаў і палітолагаў з нагоды таго, што Беларусь нібыта ўзяла курс на Захад.

«Вось нехта сказаў: «Усходняе партнёрства» — гэта дрэнна, гэта антырасейскае «Ўсходняе партнёрства». Я не ведаю. Можа, там ёсць нейкая задумка. Але я задаю пытанне: сёння мы гандлюем з Еўрапейскім звязам. З вамі 47 адсоткаў, з імі, по–мойму, 45 або 43... І ў нас там баланс гандлёвы з плюсам на нашую карысць, вы ўяўляеце? З Расеяй — мінус, паколькі дарагія энерганосьбіты, што мы завозім, камплектуючыя, сыравіну з Расеі, гэта вельмі дорага для нас абыходзіцца. Таму ў нас з мінусам баланс з Расейскай Федэрацыяй. Расея не хоча яго выраўноўваць, выштурхоўваючы нас нават з рынка па нашай прадукцыі, якую мы туды пастаўляем. Але ж разумееце, нам жа не толькі прадаць гэта трэба, нам трэба зарабіць расейскі рубель. Потым канвертаваць у даляр і купіць у вас нафту, газ. Калі вы нас выштурхнецн з прадукцыяй адтуль, то мы проста не зможам плаціць. Ну, можа, і нам з часам у чарговы раз закрыюць трубу. Разумееце, вось у чым небяспека... Гэта значыць спыніць, замарозіць тут жыццё».

Адначасова Лукашэнка падкрэсліў, што Менск не разглядае «Ўсходняе партнёрства» як замену праекту «саюзнай дзяржавы». «Калі паўстала пытанне, тут быў і Салана (вярхоўны прадстаўнік Еўрапейскага саюза па пытаннях знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі, генеральны сакратар Рады Еўразвяза Хаўер Салана. — заўв. рэд.), мы з ім размаўлялі... І калі мне было пастаўленае пытанне па Расеі і іншае, мы спрачаліся, спрачаліся, а далей я яму кажу: «Вы нам Расею заменіце?» — «Не, не, не». — «Так чаго перад намі пытанне ставіце?!» Я ўжо прагматычнае пытанне задаў... «Не заменіце. Больш за тое, — кажу, — улічыце, мы — адзін народ. Мы думаем як рускія, як расейцы. Мы жывем як яны. У нас адныя каштоўнасці...» Ён зразумеў гэта».

Аб прызнанні Абхазіі і Паўднёвай Асеціі

На пытанне, калі можа адбыцца прызнанне Менскам Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, Лукашэнка адказаў так: «Вы кажаце, што гэта хваравітая гісторыя і хваравітае пытанне. Але мне ўсе кіраўнікі Расеі кажуць: «Гэта не мае ніякага стаўлення. Ну прызнаеце — добра, не прызнаеце — добра»... Па-першае, вядома, для Расеі гэта не пытанне. Ну прызнаем — не прызнаем, зараз, заўтра, пазаўтра. У параўнанні з тым, што адбываецца вакол Беларусі, — гэта не галоўнае. Але мы разумеем, што так, Расеі не лішнім было б гэтае прызнанне. Хоць, я часта кажу, у нас ёсць свая гісторыя адносінаў з гэтымі рэспублікамі, з Абхазіяй перш за ўсё. З Асеціяй, вядома, мы амаль не мелі такіх адносінаў, хоць сустракаліся з людзьмі і гэтак далей. Вось мая пазіцыя... Дарэчы, калі мы ў межах СНД сабраліся, усе сказалі Мядведзеву: «Не, у нас свае праблемы». І я апошнім тады выступаў і кажу: «Калі вы не хочаце прызнаць, не шукайце матывацыю пад сталом. Проста не хочаце, баіцеся і гэтак далей. А чаму нам не падтрымаць? Гэта жа адзіны наш саюзнік, мы ад яго шмат хочам і гэтак далей». Спытаеце ў Мядведзева, задайце яму пытанне аб маёй пазіцыі. І я расейскаму кіраўніцтву сказаў, як мы вырашым гэтую праблему. У іх больш пытанняў не было. Але тым не менш... Ужо дайшло да таго, што прыехалі, сказалі: будзе Асеція і Абхазія — значыць, будзе 500 мільёнаў даляраў. Вы ведаеце, мы не хочам «прадаваць» ніякія пытанні і ніякіх пазіцый. У нас у гісторыі гэтага не было і не будзе. Мы вырашым самі гэтае пытанне. Тым больш мы дамовіліся з кіраўніком Абхазіі Багапшам, мы сустракаліся пасля гэтага з Какойты. У іх няма да нас пытанняў. Яны разумеюць нашую пазіцыю».

Крыўда за нявыданыя крэдыты

«Зараз далі... спачатку — мільярд. Ведаеце, «са скрыпам», у сродках масавай інфармацыі ў вас як прачытаеш: «ну жабракі ходзяць, просяць, нам тут цяжка, а яны вымольваюць». Як прачытаеш — жыць не хочацца. Думаю: навошта гэты мільярд? Ну дэвальвавалі мы нацыянальную валюту на 20 адсоткаў, ну на 21 бы дэвальвавалі і выйшлі б са становішча, — пракаментаваў Аляксандр Лукашэнка праблемныя пытанні, звязаныя з вылучэннем Беларусі расейскіх крэдытаў. — Ну прапанавалі 2 мільярды — мільярд далі. Потым... трэба ў Думу, трэба туды ісці, так цяжка... Кажу: «Ну добра, добра». Пуціну кажу. Мядведзеў кажа: «Няма пытанняў. І яшчэ дапаможам». Даходзіць да ўрада, Пуцін кажа: «Не, цяжка». — «Ну добра, Уладзімір Уладзіміравіч, цяжка — не трэба»... У Думу пайшлі — дазволіла Дума і 500 мільёнаў далі. Зараз астатнія 500 паабяцалі ў красавіку даць. Прайшло колькі часу... Ну мы жа гэта ў бюджэт занеслі, мы жа спадзяваліся, мы не прасілі больш ні ў каго гэтыя грошы. «Не, не дадзім»... Мы паехалі да кітайцаў — 3 мільярды даляраў...»

Лукашэнка параіў Кудрыну падлячыцца

Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз выступіў з крытыкай расейскага міністра фінансаў Аляксея Кудрына. «Мне тлумачылі, што на яго ціск ідзе моцны, ён нярвуецца моцна і кажа крыху не тое», - заявіў беларускі кіраўнік, не патлумачыўшы, адкуль у яго такія звесткі, але параіўшы Кудрыну «падлячыцца».

«У яго фінансы дзяржавы ў руках і ён пачынае такое казаць. Заўтра ён і не такое зробіць», - паабяцаў Лукашэнка.

Гэта ўжо другая падобная заява, зробленая беларускім кіраўніком у адрас расейскага міністра фінансаў. 29 траўня 2009 года Лукашэнка абвінаваціў Кудрына ў тым, што ён «цалкам кансалідаваўся з нашымі адмарозкамі», якія «на заходнія грошы вякаюць і пачынаюць нас вучыць працаваць». Такую заяву беларускі кіраўнік зрабіў на наступны дзень пасля таго, як Кудрын выказаў сумневы ў плацёжаздольнасці Беларусі.

28 траўня Кудрын заявіў, што Расея не выдасць Беларусі транш крэдыту ў памеры 500 мільёнаў даляраў да таго часу, пакуль урад гэтай краіны не распачне крокі па стабілізацыі эканомікі. Пазней у той жа дзень стала вядома, што Расея прапаноўвала Беларусі ўзяць крэдыт у расейскіх рублях, але беларускі бок адмовіўся.

Незалежнасць беларусы будуць абараняць са зброяй у руках

Па словах Лукашэнкі, папулярны ў Расеі тэзіс аб тым, што Беларусь павінная ўступіць у склад Расейскай Федэрацыі, падтрымліваюць тыя палітыкі, якія не хочуць бачыць магчымых драматычных наступстваў такога рашэння.

«Мы, як кіраўнікі, павінныя пралічыць наступствы гэтага. Вось нават я, напрыклад, прымаю такое рашэнне, а што заўтра? Мала канфліктаў на Каўказе? Зараз Расею «бамбуюць» за тое, што яна «імперскі», са зброяй у руках падавіла, падпарадкавала... А тут што? З гэтага пункту гледжання прэзідэнт Расеі кажа: «Так, ты абсалютна маеш рацыю... Гэта абсалютна шкодна для Расеі». З іншага боку — бо тут нашыя «адмарозкі», іх мала, няхай 2, няхай 3 адсоткі, але гэта самыя актыўныя, самыя амбіцыйныя, самыя–самыя «адмарожаныя» у любым грамадстве. Яны гатовыя разгарнуць «нацыянальна–вызваленчую вайну». Ім патрэбная падстава. Зараз усе пасмейваюцца над гэтым. І вы што думаеце, у іх няма чым ваяваць? Ім заўтра жа прывязуць з Украіны, з Прыбалтыкі, у нас у асноўным адтуль, з Польшчы каналы ў іх. Імгненна з'явіцца зброя, выбухі, дэстабілізуюць становішча і шматлікія ў грамадстве падумаюць: слухайце, гэта жа змагаюцца за незалежнасць, за святое. У нас жа ў Беларусі недурны народ, ён жа думае сапраўды так, як расейцы: «свая зямля, нікому не аддамо, кашулю ірванулі і пайшлі». Рускія адзін да аднаго. Вы што, хочаце стварыць яшчэ адну Чачню тут? Я не хачу».

«10 мільёнаў чалавек, якія сёння стаяць шчытом перад Масквой, — гэта што, бясплатна?..»

«Калі ўжо казаць аб абароне: няўжо гэты вектар вам не важны? Пры цяперашняй пазіцыі Ўкраіны, Прыбалтыкі і гэтак далей? — задаў пытанне Лукашэнка. — Бо ў вас адзінае гэтае «акно», «балкон»... Той «балкон» аперацыі «Баграціён», ён і застаўся. Тысячы кіламетраў. Нямала. Хочаце вы або нямане вы будзеце кантраляваць усю гэтую прастору. Нават не дзеля вайны, але каб ведаць, што адбываецца. Так вы жа паглядзіце, што яны робяць каля нашых межаў... Вось вы кажаце: «Каля расейскіх межаў». Гэта — каля нашых межаў, беларускіх. Але правільна вы кажаце, што гэта расейская цікавасць. Самалёты на мяжы выбудаваныя. Вось вас бы завезці, калі потым будзе жаданне, памежнікі, нашая разведка вам пакажуць: сфатаграфаваныя ўсе аб'екты, пачынаючы ад вышак і скончваючы самымі сучаснымі электроннымі сістэмамі сочання. Бачаць усё адтуль і да Крамля. Вам не важная Беларусь, абыякавая? Важная. Хто сёння выконвае гэтую функцыю, важную функцыю? Беларусь: СПА, войска і гэтак далей. Вы што, лічыце, што гэта забясплатна павінна быць? Вы што, лічыце, што 10 мільёнаў чалавек, якія сёння стаяць шчытом перад Масквой, — гэта што, бясплатна?.. Гэта не мае кошту... А мне кажуць: «Вы ведаеце... мы палічылі... 2 мільярды даляраў у крэдыт»... Дарагія сябры, за паўтара гады да сённяшняга дня з-за кошту на газ, у тры разы падвысіўшы, вы выцягнулі з Беларусі 10 мільярдаў даляраў. І вы мне 2 мільярды з гэтага далі пад ашалелы адсотак, што МВФ у тры разы больш выгадны крэдыт даў!»

Абмяркоўваючы абаронную тэматыку, журналісты пацікавіліся ў Лукашэнкі, як ідзе стварэнне сумеснай беларуска-расейскай СПА. Ці ёсць праблемы ў гэтым пытанні?

«Так, падпісалі мы гэтую Дамову, тое, што Расея «гвалтам крычала»... Нас папярэдзілі амерыканцы і еўрапейцы: СПА — пытанне нумар адзін нашых адносінаў з Беларуссю. Я тады адкрыю сакрэт, кажу кіраўнікам Расеі: «Слухайце, навошта бударажыць? Бо фактычна супрацьпаветраная абарона сёння працуе ў інтэрасах Расеі. Уся інфармацыя... у рэальным часе паступае ў расейскую сталіцу. Навошта яшчэ тут нейкая Дамова і іншае? Каб піяр нейкі ў СМІ разгарнуць? Давайце пачакаем, пакуль мы тут». — «Не, не!» Але я паабяцаў, я паабяцаў у свой час, кажу: «Добра, раз ужо гэта так трэба, падпішам». Падпісалі. Праўда, еўрапейцы і амерыканцы неяк перажывалі гэта. І нават пасля гэтага МВФ вылучыў нам 2 мільярды даляраў крэдыт. Што вы думаеце, без амерыканцаў? Ды амерыканцы там. Яны «ўстрымаліся» пры галасаванні. Не галасавалі «за». Але далі адмашку і кажуць: «Вылучыць трэба, — кажуць, — Беларусі крэдыт. Цяжкае становішча. Трэба вылучыць».

Аб продажы прадпрыемстваў Расеі: «Будзем падыхаць, але вы так пытанне ставіць не будзеце»

Адказваючы на пытанне аб гатовасці Беларусі пусціць на свой рынак расейскія кампаніі, Лукашэнка нагадаў аб умовах, якія беларуская дзяржава ставіць перад любым інвестарам, які прыйшоў у краіну: «Захаванасць працоўных месцаў, незвальненне, захаванне вытворчасці, каб у бюджэт паступленні былі вышэй (у адваротным выпадку, навошта?), мадэрнізацыя вытворчасці і людзі на працы. Калі ў вас людзі лішнія там, то, калі ласка, побач адкрывай вытворчасць, перавучвай, пераводзь людзей».

Па меркаванні беларускага кіраўніка расейскі бізнэс, які прыглядаецца да прывабных актываў беларускай эканомікі, а таксама чыноўнікі расейскага ўрада часта паводзяць сябе некарэктна ў інвестыцыйных пытаннях: «Дайшло да таго, што малако не будзем у вас купляць, пакуль не аддасце малакаперапрацоўчыя заводы. І гэта на ўзроўні ўрада! Мядведзеў даслоўна сказаў так: «Мы хацелі б, Аляксандр Рыгоравіч, паўдзельнічаць у інвестыцыях у вашую малакаперапрацоўчую прамысловасць». Калі ласка, просім. Інвестыцыі жа! А ва ўрадзе канкрэтызавалі — малака не будзе ў Расеі, пакуль не аддасце заводы. Я кажу: «Да пабачэння. Так размаўляць мы не дазволім. Будзем, кажу, падыхаць, выліваць гэтае малако, але вы так пытанне ставіць не будзеце».

Лукашэнка падкрэсліў, па «непрыдатных» коштах дзяржаўныя прадпрыемствы ў Беларусі прадавацца не будуць: «Зразумела, што хочуць «цёпленькімі», вось ведаеце, узяць і падзяліць. Не будзе гэтага. Ніхто жа сёння не прадае, а нас прымушаюць прадаваць. Вось прыехаў адзін чалавек нядаўна, я з ім сустракаўся, хімічная прамысловасць цікавіць яго, наш завод. Найвелізарны завод, флагман Савецкага Саюза, — 111 мільёнаў даляраў прапаноўвае. Гэта жа проста нікчэмны кошт для такога прадпрыемства».

Аб асабістым жыцці: «Я пражыў за гэтыя 15 год усе свае там 75 або 80»

Напрыканцы рэдактары задалі беларускаму дыктатару некалькі пытанняў, датычных ягонага асабістага жыцця. Пацікавіліся, ці адчувае ён сябе як чалавек шчаслівым.

«Вельмі. Вельмі шчаслівы, — запэўніў Аляксандр Лукашэнка. — Нам выпала вялікае шчасце з вамі жыць у гэты час. І калі можна сказаць, што час абраў нас. З іншага боку — я ўжо столькі за гэтыя 15 год перажыў, у мяне ніколі не было лёгкіх часоў у жыцці. Але за гэтыя 15 год я ўжо перажыў столькі, што, мусіць, калі б я «спруцянеў», я мог бы сказаць, што мяне шкадаваць не трэба. Я пражыў за гэтыя 15 год усе свае там 75 або 80, 90, колькі мне было адпушчана. Мне ўжо не на каго было крыўдзіцца, і маім сваякам... Таму, з аднаго боку, я шчаслівы. І калі, вядома, не абрынецца краіна, можна будзе, сыходзячы, сказаць, што я ўсё ж такі нешта зрабіў для гэтай краіны і для гэтых людзей. Гэта я вам сапраўды кажу. І ў гэтым маё шчасце». Падумаўшы, Лукашэнка дадаў: «З іншага боку — я за гэты час асабіста нічога не бачыў добрага. Абсалютна нічога. Мне няма чаго сказаць...»

Беларускія СМІ: «У Маскве чакаюць ад Лукашэнкі публічных выбачэнняў»

Інтэрв'ю Лукашэнкі расейскім СМІ рушыла ўслед у развіццё эмацыйных выказванняў Лукашэнкі ў мінулую пятніцу з нагоды выказаных услых сумневаў расейскага міністра фінансаў Аляксея Кудрына з нагоды ўстойлівасці і плацежаздольнасці беларускай эканомікі. Лукашэнка тады нагаварыў цэлы воз і маленькую каляску непрыемнасцяў у адрас расейскага кіраўніцтва. Аднак яму не атрымалася да канца выказаць сваю злосць. Асяроддзе падмітусілася і арганізавала сустрэчу з расейскімі СМІ, піша АФН .

Адзін толькі спіс чаго варты – газеты «Вести» і «Завтра», часопісы «Российское государство сегодня» і «Союзное государство». Гэта ўжо само па сабе дазваляе зрабіць пэўныя высновы аб рыторыцы адказаў Лукашэнкі і доўгім пераліку абвінавачванняў і папрокаў у адрас Расеі. Праханаў з «Завтра», «Союзное государство» …. Няўжо іншых не знайшлі або грошай не хапіла?

Але ўжо да аўторку ў Менску ўсвядомілі, што далі маху. Лукашэнка замоўк, а яму на змену выпусцілі прэм'ера Сяргея Сідорскага, які змог за адзін дзень нагаварыць кучу відавочных дурасцяў. У сераду Сідорскага змяніў міністр фінансаў Андрэй Харкавец, якому ладна дасталася яшчэ і ад «дэпутатаў».

Рэакцыя Расеі была стрыманай. І хоць усе расейскія СМІ апублікавалі абразлівыя выказванні Лукашэнкі, кіраўніцтва партнёра па «саюзнай дзяржаве» не спяшалася са зваротнымі заявамі. У панядзелак Кудрын даў зразумець, што не адмаўляецца ад сваіх выказванняў, і ў адказ на лукашэнкаўскае «спеўся з адмарозкамі» сказаў у духу «Нешта мне гэта не зразумела».

У аўторак РІА «Новости» са спасылкай на крыніцу ў Крамлі паспрабавала данесці грамадскасці пасыл, што маўляў канфлікт вычарпаны. Але, прыйшла серада. І з Крамля дакорліва памахаў пальчыкам… сам «Дзмітрый Анатолевіч». Менавіта Мядведзеў, якому ўжо даўно ў заявах Лукашэнкі адведзеная роля «добрага» саюзніка (Пуціну – роля дрэннага), заявіў аб недапушчальнасці абраз у адрас расейскіх чыноўнікаў з боку асобных палітыкаў.

Можна пафантазіраваць, што Мядведзеў проста згараў ад цікаўнасці, чаго ж там такога нагаварыў Лукашэнка ў інтэрв'ю. Але калі б гэта было так, то ў Мядведзева, які займае такую мізэрную пасаду, як прэзідэнт Расеі, хапае і іншых спосабаў атрымаць запіс выказванняў Лукашэнкі, так каб і інтанацыю паслухаць.

Выхад Мядведзева на поле бітвы можна растлумачыць толькі адным. Да Масквы дакаціліся непрыемныя чуткі аб тым, што ў сваёй прамове ў мінулую пятніцу Лукашэнка выкарыстаў куды мацнейшыя эпітэты ў адрас Кудрына і ўскосна Пуціна, чым «адмарозкі», якія вырваліся вонкі. Калі ўсё гэта прагучала прылюдна, у Маскве чакаюць публічных выбачэнняў.

У гэтай сувязі можна выказаць здагадку, што 3,5 гадзіны ў панядзелак былі выдаткаваныя марна. Інтэрв'ю Лукашэнкі наўрад ці пабачыць свет, ну толькі калі ў выглядзе нейкіх цытат агульнага характару і зусім не на вострую тэму тыдня. Расейскія СМІ, запрошаныя на запіс, зарабілі двойчы – за само інтэрв'ю і за адмову ад яго публікацыі.

Акрамя таго, пасля заявы Мядведзева пад вялікім пытаннем апынуўся ўдзел Лукашэнкі ў Санкт-Пецярбургскім эканамічным форуме, які адкрыўся сёння. Як паведамлялася, Лукашэнка і Назарбаеў пацвердзілі свой удзел у гэтым мерапрыемстве. Аднак як цяпер паказацца на людзях пасля такіх відавочных абвінавачванняў з боку Расеі і такіх ганебных апраўданняў са свайго. Чырванець відавочна не хочацца. Ды і ніхто яго на «Піцерскім Давасе» не чакае. Там мерапрыемства для тых у каго крызіс, хто рэальна кажа аб сітуацыі ў краіне, а не займаецца танным агітпрапам і ашуканствам.

Напісаць каментар 202

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках