25 лiстапада 2024, панядзелак, 14:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маці Мікалая Аўтуховіча: «Ім ён патрэбен мёртвым, а нам - жывым»

8

Палітзняволены Мікалай Аўтуховіч трэці месяц галадае ў турме. Ягоная маці кожны дзень чакае вяртання сына.

У інтэрв'ю Regionby.org маці палітвязня Лілія Аўтуховіч распавяла аб справе супраць яе сына.

- Лілія Юльянаўна, добры ў вас сын?

- Добры… А што робяць з добрымі ў гэтай краіне? (плача) Я не разумею, калі б ён нешта парушаў, то навошта тады яму дазволілі працаваць. Вы ведаеце, колькі ён атрымаў падзяк ад людзей за сваю працу? Так у чым ягоная віна? Што ён добры? Ён жа хацеў, каб людзі працавалі з годнасцю, з павагай да сабе.

- Я разумею…

- Ён, можна сказаць, яшчэ нічога ў жыцці не бачыў. Вучоба, праца, войска…Цяпер вось турма. Тыя, хто яго трымаюць у камеры, пасылалі сваіх дзяцей у Афганістан? Ці самі там былі? А цяпер вось яго ў турму, у голад. За што яны яго душаць? Гэта не людзі, так нават з быдлам не паступаюць. З Афганістана вярнуўся жывым, а тут нібыта ў палон патрапіў да нелюдзяў. Ён што, вораг народа? Так калі вораг, так скажыце ў чым ён вораг? Ды сёння любога следчага пратрымай у голадзе хоць тыдзень, так ён прызнаецца, што вораг. А ён тры месяцы за праўду трымаецца, таму і жывы (плача).

- Мы вас ніяк не маглі знайсці.

- А я ўцякаю, каб не заставацца адной. І кожны дзень чакаю, што патэлефануе сын. І бягу адчыняць на кожны шоргат, думаючы, што гэта ён. Я малю цябе, сынок, вярніся жывым. Мы цябе абнімем і сагрэем. Людзі добрыя, дапамажыце яго пераканаць, што ім ён патрэбен мёртвым, а нам - жывым. Коля, беражы сябе, сваё здароўе, трымайся. А я ўсё б зрабіла, што ў маіх сілах, ды няпраўда стаіць на маім шляху і не пускае да цябе.

Актывісты прадпрымальніцкага руху Аўтуховіч, Лявонаў і Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага 2009 года. Усе трое зараз знаходзяцца ў следчым ізалятары № 1 Менска. 18 лютага ім было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 218 КК (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). 23 чэрвеня стала вядома, што Аўтуховіч прызнаны падазраваным у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага часткай 3 артыкулу 295 Крымінальнага кодэкса Беларусі (незаконныя дзеянні са зброяй і боепрыпасамі).

З 16 красавіка Аўтуховіч праводзіць галадоўку, патрабуючы ў найкароткія тэрміны альбо перадаць справу ў суд, альбо змяніць усім падследным па дадзенай крымінальнай справе меру стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб невыяздзе. За гэты час затрыманы страціў 30 кг вагі.

Беларускія праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі зняволенымі, зважаючы на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней былі судзімыя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках