25 лiстапада 2024, панядзелак, 13:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Камароўскі: «Аўтуховіч памрэ, калі яго не спыніць…»

7

91-ы дзень галадае ў менскім следчым ізалятары ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч.

27 беларускіх апазіцыйных палітыкаў і грамадскіх дзеячаў выступілі са зваротам да палітвязня з просьбай спыніць галадоўку.

Адзін з ініцыятараў гэтага звароту, старшыня аргкамітэту па стварэнні Руху ветэранаў баявых дзеянняў «Абаронцы Айчыны» Аляксандр Камароўскі кажа ў інтэрв'ю euramost.org, што «у нашай краіне галадоўкамі праўды не даможашся».

За гэты час стан здароўя Аўтуховіча сур'ёзна пагоршыўся, ён ужо страціў 35 кілаграмаў вагі. Нагадаем,Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў і Ўладзімір Асіпенка былі арыштаваныя ў пачатку лютага па абвінавачванні ў наўмысных подожогах. Вядома, што тэрмін утрымання за кратамі Аўтуховіча быў падоўжаны да 8 жніўня. На мінулым тыдні былі таксама затрыманыя дырэктар фірмы таксі, дзе працаваў Аўтуховіч, Людміла Парэмская і ветэран вайны ў Афганістане Канстанцін Уланаў.

- Паважаны Мікалай Мікалаевіч, дарогі наш сябар! - пішуць аўтары звароту. - Мы шчыра і глыбока перажываем за Вас, Вашае здароўе, падарванае вайной у Афганістане і супрацьстаяннем з беларускім беззаконнем і самаўпраўнасцю. Вашая галадоўка прыцягнула ўвагу не толькі да Вашай справы і справы Юрыя Лявонава і Ўладзіміра Асіпенкі, але і нагадала аб заганнасці ўсёй сістэмы ўлады ў Беларусі… Сёння мы заклікаем Вас неадкладна спыніць галадоўку, якая напроста пагражае Вашаму жыццю, паспрабаваць мінімізаваць яе наступствы і пачаць аднаўляць здароўе і сілы. Сёння відавочна -- Вашая смерць будзе выгодная толькі Вашым супернікам.

- Мы вырашылі біць ва ўсе званы, таму што Мікалай Аўтуховіч можа элементарна памерці, - кажа Аляксандр Камароўскі. - І, мне здаецца, што гэта не будзе выгодна нікому, акрамя тых, хто ініцыяваў усю гэтаую справу. А потым, пасля смерці можна ж любых сабак на чалавека павесіць. Гады праз тры можна такую банду з «афганцаў» зрабіць, што толькі ахнеш. Паўтаруся, нам патрэбна, каб Аўтуховіч жыў.

- У звароце вы паабяцалі ваўкавыскаму прадпрымальніку, што вашыя патрабаванні па-ранейшаму працягнуць гучаць у Беларусі і за яе межамі…

- Больш за тое - паабяцалі, што і гэтая справа, і пытанні палітычных зняволеных і прававой самаўпраўнасці застануцца ў асноўнай позве дня не толькі дэмакратычных сіл Беларусі, але і міжнароднай супольнасці. Будзем дамагацца адкрытага суду, які, спадзяемся, зможа паказаць усю абсурднасць абвінавачванняў. Думаю, што Аўтуховіч ужо хоць сёння гатовы да гэтага суду. А вось следства - не, а таму і «цягне гуму».

- Наколькі, на ваш погляд, у нашай краіне сёння эфектыўныя галадоўкі?

- Зусім неэфектыўныя. Я адразу ж, у першы дзень арышту прасіў перадаць Мікалаю аб гэтым. Скажыце, што давяла праваабаронца Яна Палякова, якая, страціўшы надзею знайсці справядлівасць, скончыла жыццё самагубствам? Нічога. Як гэта ні сумна гучыць. Можна пагаладаць тыдзень, каб прыцягнуць увагу грамадскасці, і хопіць. Але 90 дзён галадоўкі - гэта ж самагубства! Чалавек страціў больш за 30 кілаграмаў вагі, на дзясяткі год, калі выжыве, страціў здароўе. І яшчэ ж незразумела, што яму там ў вену ў следчым ізалятары ўводзяць. Быў такі легендарны генерал Бондараў Яўген Міхайлавіч, камандзір-дэсантнік. Ён «засвяціўся» на прэзідэнцкіх выбарах і марыў стварыць палітычную партыю на базе воінаў-інтэрнацыяналістаў. Я яго тады падтрымаў. Лёг ён у міліцэйскі шпіталь, а праз два месяцы раптам памёр. Таму я сёння ўжо нікому не веру.

- Як вы думаеце, ці прыслухаецца да вас Мікалай Аўтуховіч? Ці спыніць галадоўку?

- Не ведаю, але мы зрабілі ўсё магчымае. Хоць ён па сваёй натуры - баец, і нічога прадказаць немагчыма. А уладам павінна быць сорамна, што ў іх такое стаўленне да чалавека, які прайшоў вайну, мае тры баявыя ўзнагароды. Для гэтай улады лёс чалавека - нішто.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках