25 лiстапада 2024, панядзелак, 5:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Маскву на скачкі

36
У Маскву на скачкі

Традыцыйнага нефармальнага саміту СНД гэтым летам не будзе. Прэзідэнты ў суботу сустрэнуцца на скачках на прыз прэзідэнта Расеі, але ва ўсечаным складзе.

Масква запрасіла ўсіх лідэраў краін Садружнасці на скачкі, якія пройдуць у суботу на Цэнтральным іпадроме, але не будзе надаваць іх зносінам статусу нефармальнага саміту СНД, распавяла расейскай газеце «Ведомости» крыніца ў Крамлі. Па ейных словах, «палітычны падтэкст мерапрыемства па максімуме зведзены да нуля: хто цікавіцца скачкамі, той і прыедзе». Зрэшты, іншы супрацоўнік адміністрацыі прэзідэнта РФ заўважыў, што любыя мерапрыемствы, у межах якіх адбываюцца неафіцыйныя зносіны такіх статусных людзей, можна разглядаць як нефармальны саміт.

З 11 лідэраў краін СНД (пасля вайны ў Паўднёвай Асеціі аб выхадзе з СНД заявіла Грузія) у Маскву прыедуць не ўсе.

Супрацоўнік прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі паведаміў, што суботняе мерапрыемства ў ягоным ў спісе значыцца, дакладней пацвердзіць яго ўдзел абяцалі не раней за чацвер. Нагадаем, што ў чэрвені Лукашэнка адмовіўся прыехаць у Маскву на саміт АДКБ з-за «малочнай вайны».

Па словах крыніцы ў адміністрацыі прэзідэнта, свой удзел у мерапрыемстве на ўчорашні дзень пацвердзілі толькі пяцёра: лідэры Арменіі, Азербайджана, Казахстана, Таджыкістана і Малдовы. Усе гэтыя краіны, за выключэннем Таджыкістана, выставілі на скачкі сваіх коней. Затое, па дадзеных крыніцы ў Крамлі, удзел у мерапрыемстве таксама прымуць прэзідэнты непрызнаных Паўднёвай Асеціі і Абхазіі.

Тыдзень таму на саміце G8 было абвешчана, што ў Маскве прэзідэнты Арменіі і Азербайджана Серж Саргсян і Ільхам Аліеў пры ўдзеле прэзідэнта Дзмітрыя Мядведзева правядуць чарговую сустрэчу па нагорнакарабахскім ўрэгуляванні. Такая сустрэча магчымая ў Крамлі.

Пытанне аб удзеле прэзідэнта Ўзбекістана Іслама Карымава на разглядзе, паведаміў супрацоўнік мбасады ў Маскве. Але, па словах высокапастаўленай крыніцы ў МЗС Расеі, Карымаў у Маскву хутчэй за ўсё не прыедзе.

Двух прэзідэнтаў — украінскага і туркменскага — не будзе дакладна. Як растлумачыў прадстаўнік украінскай амбасадыў Маскве, «па самых розных каналах мы атрымалі дакладны сігнал, што расейскі бок не гатовы правесці паўнавартасную двухбаковую сустрэчу двух прэзідэнтаў. У гэтай сувязі ўдзел Віктара Юшчанка ў скачках бачыць сумніўную мэтазгоднасць». Аб неўдзеле Гурбангулы Бердымухамедава паведаміў прадстаўнік дыпмісіі Туркменістане. Па дадзеных крыніцы «Ведомостей» у Крамлі, прыезду туркменскага лідэра перашкодзіла хвароба сваяка.

На трох папярэдніх нефармальных самітах СНД была 100%-ая яўка прэзідэнтаў. Летні саміт 2007 года быў прымеркаваны да Пецярбургскага эканамічнага форума, пазачарговы лютаўскі саміт быў развітальнай сустрэчай Уладзіміра Пуціна на пасадзе прэзідэнта Расеі з калегамі, а чэрвеньская сустрэча год таму ў Пецярбургу стала дэбютам у ролі прэзідэнта Дзмітрыя Мядведзева.

Тых, хто даедзе да Масквы сёлета, чакаюць шчодрыя падарункі, адзначае расейскае выданне. Сёння Дзярждума ратыфікуе дамову аб антыкрызісным фондзе ЕўрАзЭС. Траншы з фонду, $7,5 млрд у які ўклала Расея, па словах дэпутата Дзярждумы, пойдуць у першую чаргу ў Беларусь і Кыргызтан. Менску, заявіў на мінулым тыдні міністр фінансаў Аляксей Кудрын, ужо абяцана $500 млн. Аб намерах накіраваць заяўкі на атрыманне крэдыту паведамлялі Таджыкістан і Арменія.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках